Украіна нанесла ўдар па заводзе, дзе вырабляюцца «Іскандэр» і «Арэшнік»

Завод па вытворчасці «Іскандэраў» і «Арэшніка» знаходзіўся за паўтары тысячы кіламетраў ад Украіны, але яго дасталі новыя ўкраінскія крылатыя ракеты. У ЕС думаюць, што можна даць Украіне ў абмен на тэрытарыяльныя саступкі, а Расія прадае золатавалютныя рэзервы. Ідуць 1459-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Пуск ракеты «Іскандэр». Фота з rian.ru

Пуск ракеты «Іскандэр». Фота з rian.ru

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 175 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 39 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Мураўкі, Новамікалаеўкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 26 атак каля Пляшчыеўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку армія РФ 18 разоў спрабавала прасунуцца ў раёнах Гуляйполя, Загорнага і іншых.

На Ліманскім і Славянскім кірунках расійцы атакавалі па 10 разоў на кожным.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю AFP заявіў, што Сілы абароны Украіны вызвалілі на паўднёвым кірунку 300 кв. км.

Як сказаў Зяленскі, патрабаванне на перамовах аб перадачы Данбаса Расіі з’явілася ў той час, калі ўкраінскія войскі наступаюць на паўднёвым фронце. «Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, але я магу павіншаваць нашу армію, станам на сёння вызвалена 300 кв. км на поўдні», — адзначыў ён.

Ён не ўказаў, пра які перыяд ідзе гаворка, але дадаў, што Украіна карыстаецца тым, што расіяне страцілі доступ да Starlink. У той жа час прэзідэнт Украіны прызнаў, што ўкраінскія войскі таксама адчулі перабоі з сувяззю. Аднак няўдачы, з якімі сутыкнуўся расійскі бок, «значна больш сур’ёзныя».

* * *

У ноч на 21 лютага Адэса зведала чарговую атаку варожых беспілотнікаў, у горадзе пашкоджана інфраструктура, жылыя дамы і навучальная ўстанова, пацярпеў мужчына.

Расійская армія ўвечары 20 лютага масіравана атакавава Запарожжа беспілотнікамі, зафіксаваны пашкоджанні транспартнага аб’екта. Пра пацярпелых не паведамляецца.

У расійскай Удмурціі зведаў атаку завод па вытворчасці «Іскандэраў» і «Арэшніка». Згодна з OSINT-аналізам Astra, падчас вечаровай атакі быў уражаны АТ «Воткінскі завод». Мясцовыя жыхары ў чатах сцвярджаюць, што падчас атакі пацярпелі цэхі №22 і №36.

Губернатар Удмурціі Аляксандр Брэчалаў напісаў, што «адзін з аб’ектаў у рэспубліцы зведаў атаку беспілотнікаў з боку кіеўскага рэжыму. Паводле аператыўных даных, ёсць пашкоджанні і пацярпелыя». Пазней з'явілася інфармацыя, што пацярпелі 11 чалавек.

Воткінскі завод знаходзіцца за 1500 кіламетраў ад Украіны. Сцвярджаецца, што прадпрыемства было атакаванае ўкраінскімі ракетамі «Фламінга».

На Воткінскім заводзе вырабляюцца ракеты «Іскандэр-М», «Топаль-М» і «Арэшнік». Стратэгічнае абароннае прадпрыемства РФ знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Вялікабрытаніі, ЕС, Швейцарыі, Аўстраліі, Японіі і Украіны.

У ноч на 21 лютага дроны нанеслі удар па Нафтагорскім газаперапрацоўчым заводзе ў Самарскай вобласці Расіі. У выніку загарэліся пяць рэзервуараў прадпрыемства.

* * *

639678526_1267395808906828_7183095582044058243_n.jfif

* * *

Напярэдадні чацвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну генеральны сакратар ААН Антоніў Гутэрыш адзначыў, што дасягненне справядлівага міру ва Украіне павінна забяспечваць яе тэрытарыяльную цэласнасць.

«На працягу чатырох гадоў, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі, што з’яўляецца парушэннем міжнароднага права, у прыватнасці Статута ААН, Украіна панесла разбуральныя страты і перамяшчэнні, неаднаразовыя атакі на грамадзянскае насельніцтва і крытычную энергетычную інфраструктуру, а таксама сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, у тым ліку ў дачыненні да дзяцей», — сказаў Гутэрыш у каментары «Укрінфарму».

Справядлівы мір ва Украіне, падкрэсліў Гутэрыш, павінен цалкам забяспечваць суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць краіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў у адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, міжнароднага права і адпаведных рэзалюцый ААН.

* * *

Падчас мірных перамоў, якія адбыліся 17-18 лютага ў Жэневе, украінская дэлегацыя прызнала непрымальнай ідэю стварэння сумеснай грамадзянскай адміністрацыі з Расіяй для кіравання гэтай тэрыторыяй, паведамляе Kyiv Independent.

Як адзначае выданне, амерыканская ініцыятыва прадугледжвала фарміраванне дэмілітарызаванай зоны ў Данецкай вобласці, якую будзе кантраляваць сумесны ўкраінска-расійскі орган. Аднак афіцыйны Кіеў заявіў, што гэты план нерэалістычны і несумяшчальны з бягучай сітуацыяй.

Амерыканскі падыход таксама прадугледжваў адвод украінскіх і расійскіх войскаў з часткі тэрыторыі Данецкай вобласці. Кіраўнік камітэта Вярхоўнай Рады па пытаннях знешняй палітыкі Аляксандр Мярэжка адзначыў, што гэты сцэнар фактычна азначае пакіданне ўмацаваных абарончых пазіцый і перадачу іх у рукі агрэсара.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова падкрэсліваў, што пытанне суверэнітэту не падлягае кампрамісам. Ён заяўляў, што ўкраінская зямля застаецца такой пры любых абставінах. «Гэта нашы людзі, наш сцяг і наш кантроль», — падкрэсліваў ён.

Нягледзячы на тое, што тэрытарыяльныя пытанні засталіся нявырашанымі, украінскі бок адзначыў адзін дасягнуты кансенсус: калі будзе ўсталяваны рэжым спынення агню, галоўнай структурай для яго маніторынгу стануць ЗША.

* * *

У еўрапейскіх палітычных колах абмяркоўваецца сцэнар, пры якім Украіна можа пайсці на тэрытарыяльныя саступкі ў межах мірнага ўрэгулявання. Узамен краіна можа атрымаць перспектыву паскоранага ўступлення ў ЕС у бліжэйшыя гады, піша Die Welt.

Дыпламаты ў Бруселі адзначаюць, што ўкраінскаму кіраўніцтву спатрэбіцца сур’ёзны аргумент, каб пераканаць грамадства прыняць магчымыя саступкі. Адным з такіх фактараў можа стаць паскораны працэс уступлення ў ЕС. У абмеркаваннях фігуруе арыенцір 2027 года як патэнцыйная дата членства, аднак многія крыніцы лічаць гэты тэрмін малаверагодным і называюць больш рэалістычным перыяд паміж 2028 і 2030 гадамі.

Пры гэтым у еўрапейскіх структурах прызнаюць, што паскорыць працэс будзе няпроста. Дзейныя працэдуры пашырэння патрабуюць выканання вялікай колькасці ўмоў: рэформы, барацьба з карупцыяй, ўмацаванне прынцыпаў вяршэнства права. Любое палітычнае рашэнне павінна ўлічваць існыя правілы ўступлення, а таксама гатоўнасць краін ЕС падтрымаць такі крок. Таму канчатковыя параметры магчымага пагаднення застаюцца прадметам перамоў.

* * *

Расія пачала распрадаваць золата са сваіх рэзерваў. У студзені Цэнтрабанк РФ упершыню за доўгі час скараціў запасы металу, скарыстаўшыся скачком сусветных цэн да гістарычнага максімуму, піша Bloomberg.

Паводле даных выдання, залатыя запасы РФ скараціліся на 300 000 унцый (9300 кг). Такое памяншэнне рэзерваў зафіксавана ўпершыню з кастрычніка мінулага года.

У студзені сярэдняя цана на золата трымалася на ўзроўні 4700 долараў за унцыю. Паводле папярэдніх ацэнак, аперацыя магла прынесці ў расійскі бюджэт каля 1,4 мільярда долараў.

Цэнтральны банк Расіі пачаў актыўна выкарыстоўваць залатыя зліткі для правядзення аперацый, звязаных з продажам актываў Фонду нацыянальнага дабрабыту. Такім чынам Міністэрства фінансаў РФ спрабуе кампенсаваць падзенне даходаў ад продажу нафты і газу, што прыводзіць да росту дэфіцыту бюджэту, лічаць у Bloomberg.