Украіна спыніла транзіт расійскага газу праз Данбас. Гэта каля траціны паставак у Еўропу

А 7-й раніцы 11 траўня спынілі працу газаперапамповачныя станцыі «Навапскоў» і «Сахранаўка», размешчаныя ў Луганскай вобласці.

1645987902_5a18094b27f9d68e7d9cd639dd978e98.jpg


Праз іх ішла траціна аб’ёмаў газу, які накіроўваецца ў Еўропу — 32 млн куб. м за суткі, піша Office Life са спасылкай на «Коммерсантъ FM». Гэта значыць, што еўрапейскія спажыўцы могуць сёння не атрымаць да траціны чаканага газу.

Украіна аб’явіла аб частковым спыненні транзіту расійскага газу праз вайну. «Газпром» у сваю чаргу не пагадзіўся з прапанаваным Кіевам альтэрнатыўным шляхам паставак. На думку расійскага пастаўшчыка, «Нафтагаз» павінен растлумачыць, з чым звязаны перанос пункту прыёму газу.

Аргумент, які прагучаў з боку Украіны: краіна лічыць немагчымай дзейнасць на ўчастках, падкантрольных расійскім войскам.

Тым не менш, паводле ацэнак спецыялістаў, чыста тэхнічна праблема можа быць вырашана на працягу некалькіх дзён. Столькі часу трэба для працэсу пераразмеркавання магутнасці.

Ва ўкраінскай ГТС ёсць магчымасць перанесці газавы паток у іншы газатранспартны калідор, напрыклад на захадзе, які да гэтага часу быў недазагружаны. Пры гэтым важная і пазіцыя «Газпрому», які вызначае, праз якія пункты яму зручна транспартаваць газ. Таксама неабходна заручыцца згодай еўрапейскіх спажыўцоў.

Тым часам газ на еўрапейскіх біржах падаражэў на 10%, да $1060 за тысячу кубамнтраў.

Раней паведамлялася, што аператар газатранспартнай сістэмы Украіны апавясціў «Газпром», што праз форс-мажорныя абставіны спыняе прымаць газ для транзіту.