Украінская выведка: патоплены ракетны катэр «Іванавец» расійскага Чарнаморскага флоту

«Расіяне панеслі істотную страту, таму што ў іх было толькі тры такія катэры ў складзе Чарнаморскага флоту з супрацькарабельнымі ракетамі тыпу «Маскіт». У выніку шэрагу прамых трапленняў у корпус расійскі карабель атрымаў пашкоджанні, не сумяшчальныя з далейшым рухам — "Іванавец" нахіліўся на карму і затануў», — заявілі ў ГУР.

hur_ukrainy.avif

У Галоўным упраўленні ўкраінскай разведкі (ГУР) сцвярджаюць, што расійскі катэр быў знішчаны ў ноч на 1 лютага, калі знаходзіўся на рэйдзе возера Данузлаў у анексаваным Крыме. 

У сваім Telegram-канале Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны паведаміла, што сёння ўначы байцы спецпадраздзялення «Група 13» знішчылі ракетны карабель «Іванавец» Чарнаморскага флоту Расіі, піша ўкраінская служба «Радыё Свабода».

Аперацыя стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам лічбавай трансфармацыі і платформай United24, адзначылі ў Мінабароны Украіны.

У ГУР таксама апублікавалі падрабязнасці: катэр патруляваў Чорнае мора ў раёне возера Данузлаў у Крыме, з-за прамых траплянняў у корпус катэр перавярнуўся і затануў. Кошт катэру складае 60-70 мільёнаў долараў.

Паводле папярэдняй інфармацыі ГУР, пошукава-выратавальная аперацыя РФ у раёне здарэння нічога не дала. 

Якім тыпам зброі ўкраінскі спецназ патапіў «Іванавец», не ўдакладняецца.

Украінскае выданне «Ваенныя» адзначыла, што гэты катэр быў спушчаны на ваду ў 1989 годзе на верфі ў Санкт-Пецярбургу і прызначаўся для барацьбы з надводнымі аб'ектамі праціўніка. Для гэтага катэр меў на борце, у прыватнасці, чатыры пускавыя ўстаноўкі для супрацькарабельных крылатых ракет. Магчыма, менавіта падрыў ракет у выніку ўдару УСУ і прывёў да затаплення карабля.

Украінскія вайскоўцы пракаментавалі знішчэнне катэра 

На борце знішчанага расійскага ракетнага катэра «Іванавец» маглі знаходзіцца да 40 маракоў. Пра гэта паведамілі вайскова-марскія сілы УСУ ў Facebook у чацвер, 1 лютага.

У ВМС нагадалі, што сёння ноччу быў знішчаны ракетны катэр, які ахоўваў пункт базавання ў пасёлку Новаазёрнае, адзначае korrespondent.net.

Паводле інфармацыі вайскоўцаў, гэта істотная страта для расіян з прычыны наяўнасці толькі трох катэраў праекта 1241.1 у складзе Чарнаморскага флоту РФ і яго ўзбраення, сярод якога супрацькарабельныя ракеты тыпу “Маскіт” з далёкасцю да 130 кіламетраў.

«Цяпер працягваюцца пошукава-выратавальныя работы. Улічваючы штатную колькасць асабовага складу 40 маракоў, наступствы скарачэння карабельнага складу РФ таксама істотныя», — заявілі ва ўкраінскім ВМС.

Там адзначылі, што гэта ўжо не першыя страты расіян. Раней украінскія вайскоўцы пашкодзілі малы ракетны карабель праекта «Самум».

«Гэтая аперацыя — чарговы напамін расійскім захопнікам, што беспакарана знаходзіцца на тэрыторыі раней акупаваных аб'ектаў у Крыме шкодна для іх здароўя», — рэзюмавалі ў ВМС Украіны.