Уладзімір Пастухоў: Курск — стрэмка ў назе Расіі, якая можа справакаваць сепсіс
Курск немагчыма ігнараваць бясконца. Курская аперацыя – гэта вельмі рызыкоўная, на мяжы авантурызму спроба Украіны вырвацца з ціскоў пазіцыйнай вайны.
Існуе розніца паміж працягласцю і бясконцасцю, піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг і гісторык Уладзімір Пастухоў.
«Курскую ўвагнутасць» можна ігнараваць дастаткова доўга, але не бясконца. У нейкі момант гэтая стрэмка ў назе Расіі загнаіцца і, калі зусім нічога не рабіць, прывядзе да сэпсісу. У Пуціна ёсць дастатковы, аднак абмежаваны час на рэакцыю.
У той час, як увага медыя прыкаваная да квадратных кіламетраў, што захоплівае Украіна на Курскім фронце, лёс вайны па-ранейшаму вырашаецца пад Пакроўскам і Тарэцкам. Яна — у руках тых салдат і афіцэраў УСУ, якія трымаюць там абарону. Можна сказаць, што ў іх руках ключы гэтага этапу, калі не ўсёй вайны.
Што будзе, калі яны не ўтрымаюць фронт, больш-менш зразумела. Украіна страціць значныя тэрыторыі, вымушана будзе сама сысці з Курскай і іншых абласцей (калі зойдзе і туды) і, хутчэй за ўсё, вымушана будзе на працягу даволі кароткага часу падпісаць цяжкае мірнае пагадненне на ўмовах Пуціна, — і гэта ў найлепшым выпадку.
А вось калі нейкім цудам УСУ ўтрымае абарону хоць бы на працягу двух-трох месяцаў (гэта значыць — да восені), то вечар для Пуціна перастане быць млявым. Сітуацыю ўскладніць менавіта тое, што не звяртаць увагу на «курскую стрэмку» пасля правалу наступу на Данбасе стане немагчыма.
Пуціну давядзецца засяродзіцца на гэтай праблеме, выціскаючы часткі УСУ, якія добра акапаліся і падрыхтаваліся да аблогі са сваёй тэрыторыі. У перакладзе на мову сучаснай вайны гэта значыць, што тэрыторыі рускага памежжа будуць зімой ператвораныя ў такі ж трэш, як і акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны.
Не хутка і не прама, але гэта паўплывае на ўпэўненасць лаяльных Пуціну элітаў у тым, што з Пуціным у іх «усё будзе кока-кола». Гэтую няўпэўненасць прачуюць і зафіксуюць тыя, каму гэта належыць па абавязку службы, што стане перадумовай для ўзмацнення ўнутраных чыстак (удару па штабах). І гэта незалежна ад таго, спатрэбіцца ці не праводзіць мабілізацыю.
Алімпійскі спакой Крамля з нагоды Курскай аперацыі УСУ найграны. Ён апраўданы толькі ў пэўных часовых межах і ў разліку на «непазбежны поспех» расійскай арміі на Данбасе. Пры любым раскладзе можна сцвярджаць, што Курская аперацыя – гэта вельмі рызыкоўная, на мяжы авантурызму спроба Украіны вырвацца з ціскоў пазіцыйнай вайны, якая амаль напэўна стане каталізатарам ўсіх ваенных і ваенна-палітычных падзей у рэгіёне.