Уладзімір Зяленскі: Мы не бачым у свеце сілы, якая можа спыніць Пуціна
Дональд Трамп відавочна расчараваны тым, што ягоныя высілкі па замірэнні ва Украіне не даюць поспеху, і зноўку кажа пра спыненне дапамогі Украіне. А Уладзімір Зяленскі апасродкавана кпіць с Трампа, кажучы, што няма ў свеце сілы, якая б спыніла Пуціна. І, падаецца, гатовы да працягу вайны з падтрымкай іншых саюзнікаў. Ідуць 1483-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 171 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 штурм расіян у бок Беліцкага, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Мірнаграду, Шаўчэнка, Грышына, Удачнага, Котліна, Філіі, Новамікалаеўкі і Новападгароднага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 30 атак у бок Канстанцінаўкі, Пляшчыеўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Сцяпанаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і Новапаўлаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылася 21 атака ў бок Залізнічнага, Мірнага, Зялёнага, Чароўнага, Гуляйпольскага і Варвароўкі.
На Купянскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па 9 атак на кожным.
* * *
У Сумскай вобласці ў выніку атак расійскіх дронаў загінулі два чалавекі, яшчэ дзевяць параненыя, паведаміла Нацыянальная паліцыя Украіны. За апошнія суткі пад ударамі апынуліся жылыя кварталы, транспарт і крытычныя аб'екты інфраструктуры адразу ў некалькіх грамадах вобласці. Расіяне таксама мэтанакіравана атакавалі транспартныя сродкі.
Раніцай у аўторак, 17 сакавіка, расійская армія атакавала Запарожжа, удар прыйшоўся на аддзяленне «Новай пошты». Пацярпелі восем чалавек.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас абеду з членамі савета дырэктараў Цэнтра Трампа-Кенэдзі заявіў, што не абавязаны дапамагаць Украіне. Ён адзначыў, што былы прэзідэнт Джо Байдэн рабіў гэта, бо яго нібыта падманулі.
«ЗША не трэба дапамагаць Украіне, бо мы за тысячы міль ад гэтай краіны», — сказаў ён.
Акрамя таго, Трамп параўнаў Украіну з Ліванам, які, дадаў ён, прызвычаіўся да бамбаванняў. «Яны ўжо прызвычаіліся да таго, што Ліван бамбяць. Людзі жывуць і ва Украіне — хоць можна падумаць, што там не будуць жыць, але яны жывуць. Я не ведаю, стаў бы я так рабіць, але яны там жывуць. І ў Ліване таксама», — адзначыў прэзідэнт ЗША.
Трамп падкрэсліў, што працаваў з краінамі НАТА па Украіне, але цяпер, лічыць ён, ЗША не трэба гэтага рабіць.
У той жа час у ЗША працягваюцца дыскусіі адносна фармату падтрымкі. У прыватнасці, Трамп зноў заявіў, што Украіна павінна атрымліваць дапамогу ў форме пазыкаў, на чым ён настойваў і раней, крытыкуючы адміністрацыю экс-прэзідэнта Джо Байдэна.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Іран пастаўляў дроны «Шахед» Расіі, а Масква ў адказ дапамагала Тэгерану ўдасканальваць і адаптаваць гэтыя тэхналогіі, піша The Jerusalem Post.
Паводле яго слоў, Украіна загадзя папярэджвала пра пагрозу прымянення гэтых беспілотнікаў супраць цывільнага насельніцтва, а Кіеў ад самага пачатку спрабаваў спыніць перадачу дронаў, наўпрост звяртаючыся да іранскага боку. Афіцыйныя асобы Тэгерана адмаўлялі свой удзел і заніжалі маштабы супрацоўніцтва.
«Яны сказалі: "Добра… мы тут не саюзнікі. Мы прадалі расіянам частку "Шахедаў", і там будзе 1200 ці 1300, і гэта ўсё". Але гэта было няпраўдай. Вядома, яны схлусілі», — канстатаваў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што Расія наладзіла ўласную вытворчасць беспілотнікаў, уключаючы больш танныя аналагі. Адказваючы на пытанне аб магчымай перадачы тэхналогій Ірану, ён заявіў: «Так, я ў гэтым упэўнены».
Зяленскі звязаў распаўсюджванне дронаў з недастатковым ціскам на Расію. «Шкада. Мы не бачым у свеце сілы, якая сапраўды можа спыніць Пуціна», — сказаў ён.
Ён адзначыў, што ўжо «ўсё гатова для размовы» з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху. «У яго ёсць тое, што мне трэба, і ў мяне ёсць тое, што яму трэба. Таму я гатовы да гэтага дыялогу», — сказаў ён.
* * *
Масква паспяшалася накіраваць нафту на танкеры, каб скарыстацца рэзкім скачком цэн, выкліканым фактычным закрыццём Іранам Армузскага праліва, а таксама амерыканскім тарыфным выключэннем, якое дазваляе пакупнікам купляць гэтыя аб'ёмы без страху перад санкцыямі, піша Bloomberg.
Расія атрымлівае выгаду ад двайнога эфекту: росту цэн на глабальныя эталонныя гатункі, што таксама падняло цэны на расійскі экспарт, а таксама ад працягу і пашырэння амерыканскага тарыфнага выключэння, якое дазваляе ўсім пакупнікам купляць расійскую нафту, загружаную ў танкеры да 12 сакавіка.
Далейшае аслабленне санкцый таксама магчымае, калі патокі блізкаўсходняй нафты праз Армузскі праліў у бліжэйшы час не адновяцца.
Усплёск закупак дапамог падняць цэны на ключавую расійскую экспартную сумесь з дастаўкай у Індыю да рэкорднага ўзроўню, забяспечыўшы нечаканыя паступленні для вайны супраць Украіны. Сукупны рост цэн і аб'ёмаў забяспечыў самы вялікі тыднёвы скачок даходаў з моманту ўварвання Масквы ва Украіну.
Паводле апошніх даных, марскі экспарт Расіі ў сярэднім складаў 3,44 мільёна барэляў у суткі за чатыры тыдні да 15 сакавіка. Гэта прыкладна на 90 тысяч барэляў у суткі больш, чым за перыяд да 8 сакавіка, але ўсё яшчэ прыкладна на 400 тысяч барэляў у суткі ніжэй за дакавідны пік.
* * *
Амбасада Швецыі ва Украіне паведаміла пра новае рашэнне ўрада краіны накіраваць 56 мільёнаў еўра ў Фонд падтрымкі энергетыкі Украіны. Сродкі прызначаныя для аднаўлення пашкоджанай інфраструктуры і ўмацавання ўстойлівасці энергасістэмы.
У амбасадзе адзначылі, што выдзеленае фінансаванне будзе выкарыстана для аднаўлення аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры, якія былі пашкоджаныя ў выніку атак.
У дыпламатычным прадстаўніцтве ўдакладнілі, што пасля гэтага рашэння агульны ўклад Стакгольма ў фонд перавысіў 259 мільёнаў еўра.