Уладзімір Зяленскі прапануе арганізаваць наўпроставыя перамовы лідараў Украіны, ЗША і РФ

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў сваёй перамоўнай камандзе арганізаваць сустрэчу лідараў Украіны, ЗША і РФ, бо без асабістай сустрэчы з Пуціным прагрэсу ў перамовах не будзе. Таму што перамоўшчыкі ад Расіі мяняюць сваю пазіцыю і заводзяць размовы ў тупік. Ідуць 1456-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

624672893_1248898760756533_6380199150595298226_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 160 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 21 штурм расійцаў у раёнах Радзінскага, Котліна, Філія і ў бок Новааляксандраўкі, Новападгароднага.

На Гуляйпольскім кірунку армія РФ 31 раз спрабавала атакаваць у раёнах Дабраполля, Гуляйполя, Салодкага, Прылук, Зялёнага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 14 атак у раёнах Пляшчыеўкі, Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і ў бок Канстанцінаўкі, Ільінаўкі, Новапаўлаўкі, Іванаполля.

На Славянскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 10 спроб расійцаў прасунуцца ў раёнах Ямпаля, Закітнага, Рэзнікаўкі, Платонаўкі, Дронаўкі, Свята-Пакроўскага.

* * *

Расіяне фактычна знішчылі Ваўчанск на Харкаўшчыне і спрабуюць ісці наперад, аднак Сілы Абароны аказваюць супраціў у паўднёвых раёнах, заявіў спікер Групоўкі аб’яднаных сіл Віктар Трэгубаў у эфіры тэлемарафону.

«Расіяне здолелі знішчыць сам горад Ваўчанск. Украінскія сілы трымаюцца ў паўднёвых раёнах, расіяне спрабуюць іх абысці. У першую чаргу — у кірунку Ліпцаў, а ў другую — у кірунку Ваўчанскіх Хутароў», — паведаміў Трагубаў.

Ён дадаў, што калі расійцам не атрымліваецца пасунуць украінскіх байцоў, то яны спрабуюць абысці іх па полі і заняць нейкія населеныя пункты паблізу.

«Заняць не атрымліваецца, але ціск сур’ёзны і ціск. У адрозненне ад Купянску, адкуль расіяне беглі і не могуць аднавіць свае пазіцыі, тут ціск пастаянны і расіяне спрабуюць ісці наперад», — падкрэсліў спікер групоўкі Сіл Абароны.

* * *

Расійскія войскі ўвечары 17 лютага атакавалі Запарожжа беспілотнікамі. Дрон трапіў у жылы дом, загінула жанчына, 6 чалавек пацярпелі. У тым ліку, дапамога медыкаў спатрэбілася двум дзецям.

У выніку начной атакі расійскіх дронаў на Мікалаеў пашкоджаны дамы ў прыватным сектары. Абышлося без пацярпелых.

У ноч на 18 лютага расійскія Чэбаксары ў Чувашыі атакавалі беспілотнікі. Кіраўнік рэгіёна заявіў, што шкода ад атакі зводзіцца да некалькіх пашкоджаных аўтамабіляў. Тым часам у сацсетках распаўсюджваюцца відэа з маштабным пажарам. Паводле OSINT-каналаў, гарыць энергетычны аб’ект у раёне АТ УНДІР-Прагрэс.

* * *

634852304_1264907042489038_6702756391499970098_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю Axios паведаміў, што даручыў сваёй камандзе на перамовах у Жэневе арганізаваць сустрэчу лідараў Украіны, ЗША і РФ.

На яго думку, найлепшы спосаб дасягнуць прарыву на перамовах — гэта асабістая сустрэча з кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным.

Таксама паведамляецца, што амерыканскія пасрэднікі прапанавалі украінскім войскам вывесці свае сілы з тых частак Данбаса, якія яны цяпер кантралююць, і дазволіць гэтай тэрыторыі стаць дэмілітарызаванай «свабоднай эканамічнай зонай». Вашынгтон не заняў пазіцыю адносна таго, якая краіна будзе мець суверэнітэт над гэтай тэрыторыяй.

Зяленскі заявіў, што гатовы абмеркаваць вывад войскаў, але ў тым выпадку, калі Масква адвядзе свае войскі на эквівалентную адлегласць, і адхіліў прэтэнзіі Расіі на суверэнітэт над гэтай зонай.

Зяленскі паведаміў, што падчас другога раўнда перамоў расійскія чыноўнікі паабяцалі пракансультавацца з Масквой і вярнуцца з дэталёвай пазіцыяй па тэрытарыяльным пытанні.

* * *

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф у сацсетцы Х заявіў пра «велізарны прагрэс» у працэсе мірнага ўрэгулявання пасля трохбаковых перамоў Украіны, ЗША і Расіі ў Жэневе.

«Поспех прэзідэнта Трампа ў збліжэнні бакоў гэтага канфлікту прывёў да значнага прагрэсу, і мы ганарымся тым, што пад яго кіраўніцтвам працуем над спыненнем забойстваў у гэтым жахлівым канфлікце», — напісаў ён.

Уіткаф дадаў, што «абодва бакі пагадзіліся праінфармаваць сваіх лідараў і працягнуць працу над дасягненнем пагаднення».

* * *

Журналіст амерыканскага партала AxiosБарак Равід у сацсетцы Х у аўторак напісаў, што палітычныя перамовы ў Жэневе зайшлі ў тупік з-за пазіцыі новага галоўнага перамоўшчыка ад Расіі Уладзіміра Мядзінскага.

«Дзве дасведчаныя крыніцы паведамілі мне, што перамовы ў палітычнай групе ў Жэневе сёння "захраслі". Крыніцы сказалі, што прычынай сталі пазіцыі, прадстаўленыя новым галоўным перамоўшчыкам Расіі Уладзімірам Мядзінскім», — гаворыцца ў паведамленні.

Якія пазіцыі агучыў Мядзінскі, не паведамляецца.

* * *

Швецыя лічыць Расію галоўнай ваеннай пагрозай для краіны і NATO, гаворыцца ў штогадовай справаздачы Шведскай службы ваеннай разведкі і бяспекі, піша Politico.

Дакумент адзначае парушэнні паветранай прасторы, акты дыверсій і кібератакі як прыклады ваеннай агрэсіі Расіі ў рэгіёне, у прыватнасці ў Балтыйскім моры.

«Расія з’яўляецца асноўнай ваеннай пагрозай для Швецыі і NATO», — прама паказана ў справаздачы.

Шведская ацэнка з’явілася пасля таго, як на мінулым тыдні Служба знешняй разведкі Эстоніі ва ўласным штогадовым аглядзе назвала Расію «небяспечнай, нягледзячы на яе некампетэнтнасць». У той жа час эстонскія аналітыкі перасцераглі ад панікі і не бачаць у найбліжэйшым годзе намераў Масквы атакаваць Эстонію ці краіны NATO.

Падчас брыфінгу высокапастаўлены чыноўнік NATO пацвердзіў гэтую ацэнку: «Нас абараняе сіла альянсу і вера ў тое, што мы і Расія выконваем артыкул 5, а таксама нядаўнія абяцанні членаў NATO павялічыць выдаткі на абарону да 3,5% ВВП. Пакуль мы працягваем рабіць гэтыя інвестыцыі, гэта ўтрымлівае нас у той сітуацыі, у якой Расія не адважыцца на агрэсію».