Ва Ўкраіне расказалі, колькі расейскіх ваенных злачынцаў ідэнтыфікавалі і ўжо судзяць

Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава заявіла, што сьледчыя ўжо ідэнтыфікавалі 45 расейцаў, якія падазраюцца ў ваенных злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны.

Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава ў Бучы пад Кіевам, красавік 2022

Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава ў Бучы пад Кіевам, красавік 2022


«Гэта тое, што датычыць артыкулу 438 (парушэньне законаў і звычаяў вайны), і тры асобы з гэтых 45 ужо ў судзе. Чалавек, якога мы абвінавачваем у забойстве цывільнага і суд распачаўся на мінулым тыдні, і яшчэ па двух асобах (справы) перадалі ў суд, пры чым яны фізычна знаходзяцца ва Ўкраіне — гэта тыя, хто абстрэльваў цывільную інфраструктуру на Харкаўшчыне»,
— сказала Ірына Венядзіктава ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом 16 траўня, перадае Св***да.
Пры гэтым яна падкрэсьліла, што сьледчыя расьсьледуюць 11600 фактаў ваенных злачынстваў. «Наша задача знайсьці ўсіх і прыцягнуць да адказнасьці», — дадала генэральны пракурор.
Ірына Венядзіктава заўважыла, што з-за абмежаванага доступу да ўсіх месцаў, дзе ўчыняліся ваенныя злачынствы, расьсьледаваньне адбываецца ня вельмі хутка, бо немагчыма, напрыклад, агледзець месцы злачынстваў у Марыюпалі і на тэрыторыі «Азоўсталь» ці ў Харкаўскай вобласьці, каб сабраць доказы.
«Мы пачынаем расьсьледаваньні, але ва ўмовах, калі ў нас няма доступу. Але мы іх будзем расьсьледаваць. Недзе мы будзем рухацца хутчэй, як цяпер па Кіеўскай вобласьці. Чарнігаўская, Сумская вобласьць цяпер „выходзяць“ на падазрэньні, а недзе спатрэбіцца больш часу, але ўсё роўна ўкраінскае правасудзьдзе будзе ставіць перад сабой мэту — знайсьці кожнага і прыцягнуць кожнага падонка да адказнасьці, колькі б часу не спатрэбілася б», — дадала Ірына Венядзіктава.
Генэральны пракурор Украіны таксама паведаміла, што ва Ўкраіну ўжо прыехалі 42 пракуроры Міжнароднага крымінальнага суда, якія праводзяць сваё незалежнае расьсьледаваньне аб ваенных злачынствах расейскай арміі на ўкраінскай тэрыторыі.
13 траўня намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін паведаміў, што міжнародныя партнэры перадалі ўкраінскім праваахоўным органам праграмнае забесьпячэньне, якое дазваляе амаль ва ўсіх выпадках ідэнтыфікаваць расейскіх вайскоўцаў, параўноўваючы іх у аўтаматычным рэжыме з фотаздымкамі ў базе даных, якая налічвае больш як 10 мільярдаў фота.
13 траўня Саломенскі раённы суд Кіева правёў першае пасяджэньне па справе расейскага салдата Вадзіма Шышымарына, абвінавачанага ў забойстве мірнага жыхара падчас расейскага нападу на Ўкраіну. Працэс адбываецца ў адкрытым рэжыме ў прысутнасьці вялікай колькасьці прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.