Вайна Расіі супраць Украіны 11 жніўня. Генштаб кажа, што РФ згубіла 43 тысячы салдат

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што расійскія афіцыйныя асобы «застаюцца заклапочанымі» з нагоды атакі 9 жніўня на авіябазу Сакі, у выніку якой было знішчана прынамсі восем расійскіх самалётаў і некалькі будынкаў.

photo_2022_08_09_12_37_09.jpg

Таксама аналітыкі ISW лічаць, што акупацыйныя сілы, хутчэй за ўсё, перанясуць дату рэферэндумаў аб далучэнні да РФ захопленых тэрыторый, паколькі анексія перашкодзіць перамовам наконт завяршэння вайны на любых умовах.

Напрыклад, Пушылін заявіў, што дату «рэферэндуму» аб далучэнні «ДНР» да Расіі агучаць пасля «поўнага вызвалення рэспублікі».

* * *

Расійскія войскі за мінулыя суткі вялі наземныя атакі на захад ад Ізюму, правялі шматлікія беспаспяховыя наступальныя аперацыі на поўнач і паўночны ўсход ад Харкава, правялі няўдалую баявую разведку на паўночным захадзе Херсонскай вобласці.

У той жа час рускія войскі працягвалі наземныя наступы на паўночны ўсход і захад ад Бахмута.

На Аўдзееўскім кірунку расійская армія наступае ў бок Мар'інкі і Пяскоў, баявыя дзеянні працягваюцца. Таксама баявыя дзеянні працягваюцца на Краматорскім кірунку ў раёне Івана-Дар'еўкі, на Бахмуцкім кірунку — у раёнах вёсак Вяршыня і Дача. Пра гэта паведамляе ўкраінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

* * *

Расіяне пад раніцу выпусцілі па Харкаву чатыры ракеты. Пра гэта паведаміў мэр Ігар Церахаў. Адна з ракет трапіла ў двор жылога дома ў цэнтры горада, пацярпелых няма.

У Днепрапятроўскай вобласці расіяне ноччу атакавалі чатыры раёны, паведаміў кіраўнік АВА Валянцін Рэзнічэнка. Пад Нікапалем тры чалавекі загінулі, сямёра параненыя, сярод параненых — 13-гадовая дзяўчынка. Ратавальнікі разбіраюць завалы і шукаюць людзей.

Таксама пад абстрэлы патрапілі Зеленадольская абшчына Крыварожскага раёна і Вялікаміхайлаўская абшчына Сінельнікаўскага раёна — там пацярпелі два чалавекі.

Акрамя таго, па Дняпроўскім раёне нанесены ракетны ўдар, маштабы разбурэнняў высвятляюцца.

* * *

Генштаб Украіны агучыў арыенціровачныя страты рускай арміі на раніцу 11 жніўня. Найбольшыя страты рускія панеслі на Данецкім кірунку. Ліквідавана:

* асабовага складу — каля 43 000 (+200) чалавек;

* танкаў — 1846 (+14),

* баявых браніраваных машын — 4100 (+14),

* артылерыйскіх сістэм — 974 (+3),

* БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 772 (+6),

* аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 3018 (+13),

* спецыяльнай тэхнікі — 90 (+1).