Вайна Расіі супраць Украіны доўжыцца больш, чым Вялікая айчынная
«Кіеў за тры дні» перарос у вайну, маштаб якой супастаўны з найбольш разбуральным канфліктам ХХ стагоддзя. «Кожны дзень вайны — гэта напамін, што свет не можа абараніць сябе ад вар’ятаў. Трэба абараніць, трэба спыніць Расію», — сказаў з гэтай нагоды прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ідуць 1419-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 219 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 штурмаў расіян у раёнах Ніканораўкі, Радзінскага, Пакроўску, Сухецкага, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку зафіксавана 44 спробы арміі РФ прасунуцца ў раёнах Гуляйполя, Салодкага і ў бок Дабраполля, Зяленага, Прылук і Варвараўкі.
На Ліманскім і Паўднёва-Слабажанскім кірунках расійцы атакавалі па 16 разоў на кожным.
На Аляксандраўскім і Канстанцінаўскім кірунках расіяне здзейснілі па 17 атак на кожным.
* * *
Паводле звестак аналітычнага праекта DeepState, расійскія войскі прасунуліся ў Ваўчанску Харкаўскай вобласці і ў Пакроўску Данецкай вобласці.
* * *
У Адэсе ў выніку расійскай атакі ў ноч на 12 студзеня ўзніклі складанасці з электрычнасцю. Як паведаміў кіраўнік Адэскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак, пасля начной атакі на горад пашкоджаны аб’екты інфраструктуры і жылыя дамы.
У Кіеве за ноч на 12 студзеня двойчы абвяшчалася паветраная трывога. Паветраныя сілы УСУ папярэджвалі пра дроны, якія рухаліся ў кірунку Кіева. Таксама пагроза беспілотнікаў фіксавалася ва ўсходніх і паўночных абласцях Украіны.
У часова акупаваным Крыме ў ноч на панядзелак, 12 студзеня, зафіксавана серыя магутных выбухаў у раёне ваеннага аэрадрома Бельбек, паведамляе Telegram-канал «Крымскі вецер».
* * *
Папа Рымскі Леў XIV у нядзелю, 11 студзеня, звярнуўся з заклікам да Расіі спыніць атакі на энергетычную інфраструктуру Украіны, падкрэсліўшы пакуты грамадзянскага насельніцтва. Свой зварот пантыфік апублікаваў у сацсетцы Х.
«Ва Украіне новыя сур’ёзныя атакі на энергетычную інфраструктуру ва ўмовах узмацнення халадоў наносяць значную шкоду грамадзянскаму насельніцтву. Я малюся за тых, хто пакутуе, і зноў заклікаю спыніць гвалт і аднавіць намаганні для дасягнення міру», — напісаў ён.
* * *
* * *
Цяперашні канфлікт Расіі і Украіны з’яўляецца не проста рэгіянальнай вайной, а маштабным гістарычным супрацьстаяннем, заявіў у сваім звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Вайна Расіі супраць Украіны доўжыцца столькі ж, колькі ў свой час доўжылася вайна нацыстаў супраць СССР», — падкрэсліў Зяленскі. Вялікая айчынная вайна СССР ХХ стагоддзя доўжылася 1418 дзён.
Ён заявіў, што цяпер Масква свядома зацягвае баявыя дзеянні, робячы стаўку на знясіленне Украіны і яе саюзнікаў. Зяленскі адзначыў, што са снежня страты РФ у вайне складаюць прыкладна тысячу забітымі ў суткі.
«Гэта Расія так плаціць фактычна за тое, каб вайна не заканчвалася. Гэта вар’яцтва. І гэта расійскае вар’яцтва можна спыніць толькі аб’яднанымі сіламі Еўропы і ЗША, сіламі ўсіх нашых партнёраў. Кожны дзень вайны — гэта напамін, што свет не можа абараніць сябе ад вар’ятаў. Трэба абараніць, трэба спыніць Расію», — сказаў ён.
* * *
Як піша Reuters, брытанскі ўрад заявіў, што распрацуе для Украіны новую балістычную ракету далёкага радыуса дзеяння, каб падтрымаць ваенныя намаганні краіны ў вайне супраць Расіі.
У межах праекта пад назвай Nightfall брытанскі ўрад заявіў, што аб’явіў конкурс на хуткую распрацоўку наземных балістычных ракет, здольных несці боегалоўку вагой 200 кг (440 фунтаў) на адлегласць больш за 500 км (310 міль).
Разам з тым, выданне The Sun паведамляе, што міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Хілі паведаміў яму пра запланаваны праект для Украіны.
Адзначаецца, што ракеты Nightfall змогуць быць хутка запушчаныя з транспартных сродкаў. Іх дальнасць дазволіць дастаць нават да Масквы з тэрыторыі Украіны.
Брытанскім фірмам прапануюць кантракт на суму 9 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў на праектаванне, распрацоўку і пастаўку першых трох ракет для выпрабавальных запускаў.
* * *
Выкарыстанне двайнікоў расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным стала часткай жорсткага пратакола бяспекі на фоне вайны ва Украіне, і ўжо даўно перайшло ў разрад звыклай практыкі, заявіў былы кіраўнік брытанскай разведкі МІ6 Рычард Дзірлаў. Паводле яго слоў, даныя ўкраінскай разведкі, якія паказваюць на з’яўленне дублёраў Пуціна на публічных мерапрыемствах, з’яўляюцца дакладнымі, а рашэнне пра тое, хто менавіта выходзіць да публікі, прымаецца ў залежнасці ад узроўню рызыкі, піша The Sun.
Паводле слоў экс-кіраўніка МІ6, падчас дыпламатычных перамоў і закрытых сустрэч двайнікі не прымяняюцца, паколькі падтрымліваць падман паблізу вельмі складана. Іншая сітуацыя складваецца на публічных мерапрыемствах пад адкрытым небам — прагулках, візітах на заводы або паказальных выездах, дзе немагчыма цалкам кантраляваць асяроддзе.
Дадатковую ўвагу да тэме прыцягнула справаздача японскай тэлесеткіTBS за 2023 год. З дапамогай тэхналогій штучнага інтэлекту эксперты аналізавалі твар і рухі цела Пуціна. Яны прыйшлі да высновы, што на парадзе 9 траўня на Краснай плошчы прысутнічаў сапраўдны дыктатар, тады як падчас агляду Крымскага моста амаль годам раней, верагодна, з’яўляўся яго двайнік. Узровень падабенства паміж імі, паводле даных даследавання, склаў крыху больш за 50%.