Вялікабрытанія, ЕС і ЗША ўводзяць новыя санкцыі супраць Расіі

Маскве больш недаступныя «больш за 60 адсоткаў валютных рэзерваў у памеры 604 мільярды долараў», заявіла кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Ліз Трас.

34_18.jpg


Улады Вялікабрытаніі замарожваюць расійскія актывы на суму 350 мільярдаў долараў (321 мільярд еўра) у сувязі з вайной Расіі супраць Украіны. Афіцыйная заява ў гэтай сувязі будзе зроблена да канца тыдня, паведаміла ў сераду, 6 красавіка, кіраўніца брытанскага МЗС Ліз Трас у ходзе візіту ў Польшчу.

Паводле яе слоў, рэжыму ў Маскве больш недаступныя «больш за 60 адсоткаў валютных рэзерваў у памеры 604 мільярды долараў». Трас падкрэсліла, што «скаардынаваныя санкцыі адкідаюць расійскую эканоміку ў савецкую эру». «Але мы можам і павінны зрабіць больш», — заявіла яна, заклікаўшы забараніць расійскім караблям заходзіць у заходнія порты і «ўзгадніць выразны графік спынення імпарту расійскай нафты, вугалю і газу».

Акрамя таго, кіраўніца МЗС Вялікабрытаніі заклікала партнёраў па НАТА і «Вялікай сямёрцы» ўвесці абмежаванні ў дачыненні да галін прамысловасці, якія папаўняюць ваенную казну Уладзіміра Пуціна. У сувязі з гэтым яна згадала золатаздабычу.


Еўрасаюз рыхтуецца ўвесці санкцыі супраць расійскай энергетычнай галіны

Між тым ЕС упершыню можа ўвесці санкцыі ў дачыненні да расійскага энергетычнага сектара. Еўракамісія напярэдадні прапанавала забараніць імпарт вугалю з Расіі, якая развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, на суму 4 мільярды еўра ў год, а таксама ўвоз драўніны, цэменту і алкагольных напояў.

6 красавіка кіраўнік брусэльскага ведамства Урсула фон дэр Ляен заявіла аб намечаным пашырэнні санкцый і яшчэ большым абмежаванні палітычных і эканамічных магчымасцяў Крамля. «І гэта не апошнія нашы санкцыі», — падкрэсліла яна, паказаўшы на ваенныя злачынствы, у якіх абвінавачваюцца расійскія падраздзяленні, якія пакінулі Кіеўскую вобласць.


ЗША ўвялі чарговы пакет санкцый супраць Расіі

ЗША ўвялі чарговы пакет санкцыі супраць Расіі, які ўключае забарону на новыя інвестыцыі, а таксама поўныя блакавальныя санкцыі супраць Ашчадбанка і Альфа-банка (акрамя плацяжоў за энерганосьбіты).

Пад санкцыі трапілі прэм'ер РФ Міхаіл Мішусцін, Дзмітрый Мядзведзеў, паўналетнія дачкі Уладзіміра Пуціна, жонкі і дачкі міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова і членаў Савета бяспекі Расіі.