«З нас досыць»: Украіна адновіць удары па расійскіх НПЗ, нягледзячы на пагрозы Трампа

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыпыніў удары па аб'ектах энергетыкі РФ на тры дні, каб захаваць «энергетычнае перамір'е», пра якое заявіў Трамп. Расія ж працягвала наносіць удары па ўкраінскай энергетыцы. Узамен на крок добрай волі Украіна атрымала ад Трампа толькі пагрозы і непрыемнасці, таму забарона на атакі па НПЗ скасаваная. Ідуць 1695-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з dialog.ua

Фота з dialog.ua

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 260 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 кастрычніка.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 12 атак расіяну раёнах населеных пунктаў Ізбіцкае, Цярновая, Ахрымаўка, Чугунаўка, Мікалаеўка, Рыбалчына і ў бок Захараўкі, Чорнага, Малой Ваўчай.

На Купянскім кірунку расійцы 18 разоў праводзілі наступальныя дзеянні ў бок Радзькоўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 22 атакі ў раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Навасёлаўкі, Мікалаеўкі, Навапаўлаўкі, Тарэцкага, Грузкога, Вільнага і Маладзецкага.

На Пакроўскім кірунку адбіта 35 атак у бок населеных пунктаў Біліцкае, Дарожнае, Новы Данбас, Чарнігаўка, Светлае, Дабраполле, Навагрышына, Гулівае, Сяргееўка, Мірнае, Маладзецкае, Мураўка і Навапаўлаўка.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 16 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Рыбнае, Цернаватае, Роўнае, Ваздвіжаўка, Горкае, Верхняя Тэрса, Навасёлаўка, Гуляйпольскае і Амельнік.

* * *

У ноч на 15 кастрычніка Расія атакавала Украіну 2 кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59 і 580 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу “Пародыя”. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 536 БпЛА.

Вечарам 14 кастрычніка расійскія войскі атакавалі жылы дом у Адэсе.

Расіяне больш за 10 гадзін атакавалі Кіраваградскую вобласць: горад Крапіўніцкі падвергнуўся масіраванай атацы, трое чалавек загінулі, 6 параненых.

Расійскія дроны нанеслі ўдары па двух прамысловых прадпрыемствах у Палтаўскай вобласці. Пацярпелых няма.

У ноч на 15 кастрычніка Сілы абароны Украіны нанеслі ракетны ўдар па расійскім ваенным аэрадроме «Барысаглебск» у Варонежскай вобласці, у выніку чаго на аб'екце ўспыхнуў маштабны пажар

* * *

850746146_1572420850853921_4407023019051576502_n.jfif

* * *

Украіна адновіць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выданню Financial Times.

Кіраўнік Украіны растлумачыў, што прыпыніў удары па аб'ектах энергетыкі на тры дні, каб захаваць дамоўленасць. У той жа час Расія працягвала наносіць удары па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры і за апошні тыдзень забіла больш за 100 мірных жыхароў.

У Расіі заявілі, што не атрымлівалі «ніякай канкрэтыкі» ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які абвясціў пра «энергетычнае перамір'е», а таму працягнулі ўдары па энергетыцы Украіны.

«Забарона знятая. З нас досыць», — падкрэсліў Зяленскі.

Раней адміністрацыя Трампа папярэдзіла, што можа спыніць абмен разведданымі з Украінай, калі ўкраінскія войскі не спыняць наносіць удары па нафтаперапрацоўчых заводах у Расіі. Але Зяленскі адзначыў, што Украіна ўжо засталася без папярэджанняў пра пускі балістычных ракет, нават нягледзячы на паўзу ва ўдарах, а абмежаванні Starlink ускладнілі франтавыя аперацыі і ўдары па расійскіх ваенных аб'ектах.

* * *

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адхіляе сваю датычнасць да абмежаванняў Starlink ва Украіне. У Вашынгтоне паабяцалі высветліць ў SpaceX, што здарылася, паведамляе Axios.

14 кастрычніка найбліжэйшыя дарадцы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага патэлефанавалі калегам у Белым доме. Яны спыталі, ці прымалі тыя рашэнне абмежаваць Starlink, і як выправіць сітуацыю. Падобныя званкі ўкраінскі бок здзейсніў у ЦРУ і Пентагон.

У Белым доме адказалі, што не кантралююць SpaceX. Па словах аднаго з суразмоўцаў выдання, адміністрацыя Трампа плануе звярнуцца ў кампанію, каб высветліць прычыны збою. Высокапастаўлены чыноўнік ЗША запэўніў, што ўлады да абмежаванняў недатычныя. Амерыканскія чыноўнікі тлумачаць сітуацыю тэхнічнай непаладкай.

Уладальнік SpaceX Ілан Маск напярэдадні заявіў адваротнае. Па яго словах, Starshield належыць ураду ЗША, а ліміты хуткасці для яго ўсталёўваюць амерыканскія ваенныя і, ўрэшце, прэзідэнт ЗША.

Сувязь Starshield для ўкраінскіх ваенных аплачвае Германія, кантракт дзейнічае да красавіка 2027 года. Раней яе аплачвала Польшча. Кіеў настойвае на поўнай адмене абмежавання.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю журналісту Пірсу Моргану заявіў, што Расія штомесяц страчвае каля 43 тысяч ваеннаслужачых.

Адказваючы на пытанне пра колькасць страт, Зяленскі назваў лічбу ў 43 тысячы ваеннаслужачых у месяц. На ўдакладненне, ці ідзе гаворка пра расійскі бок, прэзідэнт Украіны адказаў сцвярджальна.

У той жа час дакладную колькасць страт украінскай арміі Зяленскі раскрываць не стаў. «Я не магу сказаць. Але, паміж намі, на сёння суадносіны складаюць адзін да 7-10», — адзначыў Зяленскі.

Журналіст удакладніў, ці азначае гэта, што на аднаго загінулага ўкраінскага ваеннаслужачага прыпадае сямёра-дзесяцёра загінулых расіян. Прэзідэнт Украіны пацвердзіў такое тлумачэнне сваёй ацэнкі.