З-за вайны кожны пяты ўкраінец пакінуў дом

Каля васьмі мільёнаў украінцаў сталі бежанцамі ўнутры краіны, але частка ўжо вярнуліся дадому.

bezancy_vakzal.jpg

З пачатку вайны колькасць перасяленцаў ва Украіне перавысіла 7,7 мільёна, або 17% насельніцтва. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы міжнароднай арганізацыі па міграцыі, што была апублікаваная сёння, 26 красавіка.

У параўнанні з 1 красавіка колькасць перасяленцаў вырасла на 8% і на 19% — у параўнанні з 16 сакавіка.

Па стане на 17 красавіка 4,9 млн украінцаў з'ехала за мяжу, а 1,3 млн актыўна абмяркоўваюць выезд з месцаў пражывання з прычыны вайны. 38% тых, хто засталіся, кажуць, што для выезду не бачаць перашкод, 9% кажуць, што ехаць небяспечна, 9% — што не маюць на гэта грошай, 6% не хочуць пакідаць сваякоў адных, 1% не могуць выехаць з-за праблем са здароўем або з інваліднасцю.

Больш за ўсё ўнутраных перасяленцаў з Харкаўскай вобласці (21%), Кіева (19%), Кіеўскай (18%), Данецкай (15%), Луганскай (5%) абласцей. Пры гэтым адносная большасць перасяленцаў — з усходу краіны (45%).

Больш за ўсё прыняла ўнутраных перасяленцаў Днепрапятроўская (11%), Кіеўская (10%), Львоўская (9%), Вінніцкая і Палтаўская (па 7%) вобласці. Пры гэтым адносная большасць перасяленцаў з'ехала на захад Украіны (37%).

Адметна, што 2,8 млн украінцаў, якія пакінулі свае дамы з пачатку вайны, ужо вярнуліся ў месцы пастаяннага пражывання. 73% тых, якія вярнуліся, не маюць намеру пакідаць сваё месца жыхарства ў будучыні.

Адзначым, што афіцыйна зарэгістраваліся як перасяленцы толькі 2 млн украінцаў.