Заснавальнік «Gulagu.Net»: Забітых проста закопваюць, каб не плаціць кампенсацыі

Уладзімір Асечкін распавёў пра «канвеер смерці», зладжаны для зняволеных, якія пагадзіліся на прапанову «ПВК Вагнер» і пайшлі на вайну.

Илюстрацыйны малюнак Fate Unlimited Blade

Илюстрацыйны малюнак Fate Unlimited Blade

«ПВК Вагнер» не хоча адпускаць зняволеных пасля паўгода службы на ўкраінскім фронце. Тых, хто спрабуе бегчы або здацца УСУ, расстрэльваюць і абвяшчаюць зніклымі без вестак, каб не плаціць кампенсацыі іх сваякам, піша «Можем объяснить».

Што чакае зняволеных, якія пагадзіліся ваяваць ва Украіне, распавёў у праграме «Воздух» заснавальнік праекта «Gulagu.Net» Уладзімір Асечкін. Паводле яго слоў, паўгадавую «камандзіроўку» на фронт перажываюць толькі 15-20% зняволеных. Пры гэтым вялікая частка тых, хто выжыў, атрымліваюць цяжкія раненні.

«Іх не хочуць спецслужбы і Прыгожын адпускаць, яны выдатна разумеюць, што гэтыя людзі небяспечныя і могуць здзейсніць нешта ўжо ўнутры Расіі. Будуць старацца засунуць іх назад у пекла вайны, каб там яны і засталіся», — сказаў Асечкін.


Тых жа, хто спрабуе бегчы з поля бою або здацца ў палон, расстрэльваюць. «Свая армія адкрывае па іх агонь з артылерыі. Ёсць выпадкі, калі па 7-8 чалавек — цэлае аддзяленне зняволеных — спрабуе здацца, а іх са спіны магутнымі снарадамі накрываюць, іх раздзірае на кавалкі», — кажа праваабаронца.

Уладзімір Асечкін таксама распавёў, як вагнераўцы абыходзяцца з загінулымі: «Мы апыталі цэлы шэраг вагнераўцаў-уцекачоў з поля бою. Яны распавядаюць жахлівыя рэчы пра брацкія магілы: людзей проста скідаюць у адно месца і закопваюць, каб не плаціць кампенсацыі».