Зяленскі пабываў у Бахмуце — самай гарачай на сёння кропцы вайны ва Украіне

Прэзідэнт Украіны здзейсніў неанансаваны візіт у горад Бахмут Данецкай вобласці, за які ўжо шмат тыдняў ідуць жорсткія баі. Расійцы сіламі рэгулярных войскаў, мабілізаваных і вагнераўцаў намагаюцца ўзяць горад, але УСУ трымаюць абарону. Сам населены пункт на гэты час амаль цалкам разбураны абстрэламі і бамбаваннямі.

2_591.png

Украінскія медыя паведамілі, што ў Бахмуце Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў украінскіх абаронцаў.

Узнагароды атрымалі воіны механізаваных, мотапяхотных, горна-штурмавых, танкавых, артылерыйскіх і аэрамабільных падраздзяленняў.

Паведамляецца, што «прэзідэнт наведаў перадавыя пазіцыі адной з механізаваных брыгад, асабовы склад якой супрацьстаіць ворагу на подступах да горада. Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад камандзіра аб аператыўнай абстаноўцы, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і прапановы па далейшых дзеяннях».

«Крэпасць Бахмут. Нашыя. Непакорлівыя перад ворагам. Якія сваёй адвагай даказваюць, што мы выстаім і свайго не аддамо. Украіна ганарыцца вамі. Я ганаруся! Дзякуй за мужнасць, стойкасць і трываласць, якую дэманструеце ў адбіцці варожых нападаў», — адзначыў Зяленскі.



1_638.png

Цікава, што нядаўна Міністэрства абароны РФ паведаміла, што кіраўнік ведамства Сяргей Шайгу таксама прыязджаў на фронт, дзе праверыў «перадавыя пазіцыі расійскіх падраздзяленняў». Аднак пазней высветлілася, што міністр абароны РФ быў за дзясяткі кіламетраў ад лініі фронту.

Паводле «Украінскай праўды».