ЗША і Кітай правядуць перамовы наконт уварвання Расіі ва Украіну
Дарадца па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван сустрэнецца ў Рыме з членам Палітбюро Камуністычнай партыі Кітая, дырэктарам канцылярыі камісіі па замежных справах Ян Цзячы.
Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Эмілі Хорн, апублікаванай на сайце Белага дома. У італьянскую сталіцу таксама адправяцца супрацоўнікі СНБ і Дзярждэпартамента ЗША, піша REFORM.by.
Паведамляецца, што Саліван і Цзячы абмяркуюць бягучыя дзеянні ў кіраванні канкурэнцыяй паміж ЗША і Кітаем, а таксама «ўплыў вайны Расіі супраць Украіны на рэгіянальную і глабальную бяспеку».
Саліван таксама сустрэнецца з дыпламатычным дарадцам італьянскага прэм'ера Луіджы Маціёла. Мэтай сустрэчы названы працяг каардынацыі «моцнага, адзінага міжнароднага адказу на абраную Пуціным вайну».