ЗША, Расія і Украіна «ўжо на парозе» трохбаковых перамоў

Спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан заявіў, што ЗША, Расія і Украіна «ўжо на парозе» трохбаковых перамоў. У Расіі згодныя на сустрэчу пасля 4 лістапада, але заклікалі не чакаць асаблівых вынікаў. А прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі акрэсліў «чырвоныя лініі», якія не падлягаюць абмеркаванню. Ідуць 1706-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 177 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 кастрычніка.

На Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках украінскія падраздзяленні адбілі па восем атак расіян на кожным.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 12 атак у раёнах Райскага, Мікалаеўкі, Доўгай Балкі, Канстанцінаўкі, Аляксеева-Дружкоўкі і Навасёлаўкі.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 атак у раёнах Сяргееўкі і Маладзецкага, а таксама ў кірунках Надзеі, Навапаўлаўкі, Сафіеўкі, Вольнага, Кучарава Яру, Ганнаўкі, Новага Данбаса, Чарнігаўкі, Чырвонападдолля і Гулівага.

На Гуляйпольскім кірунку адбіта 13 атак расійцаў у раёнах Успешнага, Раздзянкі, Долінкі, Горкага і Ягораўкі.

* * *

У нядзелю ўдзень расійскія войскі беспілотнікам атакавалі ў Херсоне маршрутку, пацярпелі 6 чалавек, пазней адзін з параненых памёр у бальніцы.

У выніку начной расійскай атакі на Запарожжа параненыя чатыры чалавекі, пашкоджаны жылыя дамы, гасцініца, аўтобусы і гаспадарчыя пабудовы, тры аўтамабілі.

Уначы 26 кастрычніка расійскія войскі атакавалі Ізюм кіруемымі авіябомбамі, пацярпелі трое грамадзянскіх асоб, былі пашкоджаны жылыя дамы і памяшканні дзіцяча-юнацкай школы.

У выніку расійскіх атак на Чарнігаўскую вобласць пацярпелі мужчына і жанчына, узніклі пажары на тэрыторыі прадпрыемстваў.

Расійскія войскі атакавалі аб'ект энергетыкі ў Камянец-Падольскім раёне Хмяльніцкай вобласці. Уведзены аварыйныя адключэнні электрычнасці. Пацярпелых няма.

Удзень 25 кастрычніка крылатыя ракеты атакавалі завод «Энергія» ў Яльцы Ліпецкай вобласці РФ. Ён вырабляе батарэі для «Іскандэраў» і «Кінжалаў».

* * *

861854357_1658155742586673_176534924848516818_n.jfif

* * *

Спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан у інтэрв'ю Bloomberg заявіў, што Вашынгтон плануе правесці трохбаковыя перамовы па спыненні вайны Расіі супраць Украіны.

Джонсан расказаў, што на працягу выходных стасаваўся з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і дзяржсакратаром Марка Рубіё, якія паведамілі яму пра планы адносна перамоў. Ён дадаў, што бакі «ужо на парозе» трохбаковых перамоў.

У той жа час ён падкрэсліў, што расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну нельга давяраць, і ЗША павінны дзейнічаць з улікам гэтага.

* * *

Памочнік кіраўніка расійскага ўрада Юрый Ушакоў заявіў прапагандысцкаму тэлеканалу «Вести», што Масква гатовая аднавіць трохбаковыя перамовы з Украінай і ЗША пасля 4 лістапада.

У той жа час Ушакоў заявіў, што не чакае істотных вынікаў ад першай трохбаковай сустрэчы. «За першую сустрэчу таксама мала што вырашыш, яна будзе, мабыць, насіць такі прыстрэлачны характар», — сказаў ён.

Па інфармацыі крыніц у урадзе ЗША, перамовы паміж дэлегацыямі ЗША, Украіны і Расіі могуць адбыцца ў Абу-Дабі або Швейцарыі.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю «ТСН-Тиждень» заявіў, што сігналам гатоўнасці да міру з боку Расіі можа стаць дасягненне энергетычнага перамір'я або трохбаковая сустрэча лідараў дзяржаў.

«Энергетычнае перамір'е як першы крок (да дасягнення міру). Я лічу, што гэта сігнал», — сказаў ён.

Яшчэ адным сігналам гатоўнасці Крамля да міру таксама можа стаць дамоўленасць пра трохбаковую сустрэчу на ўзроўні лідараў. «Я лічу, што яна можа адбыцца. Вы памятаеце, амерыканцы давалі сігналы адносна снежня, адносна пасяджэння G20 у Маямі, у Фларыдзе. Яны атрымалі ад нас адказ па розных каналах, публічных і непублічных. Мы гатовыя, калі рускія гатовыя», — сказаў прэзідэнт Украіны.

У той жа час ён адзначыў, што Украіна ў межах магчымых мірных пагадненняў не пагодзіцца на абмежаванне колькасці арміі і на нейтральны статус.

«Мы не можам казаць пра нейтралітэт нашай дзяржавы. І мы не павінны, наша бачанне, у прынцыпе, супадае з амерыканскім, мы не можам казаць пра абмежаванне ўкраінскай арміі», — сказаў ён.

«Абмежаванне нашай арміі і нейтралітэт Украіны не абмяркоўваюцца. Пытанне тэрыторый — гэта чырвоная лінія, якая можа абмяркоўвацца выключна на ўзроўні лідараў», — заявіў Зяленскі.

* * *

Украіна была гатовая спыніць удары па расійскіх НПЗ, як таго патрабавала ад яе каманда прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, аднак толькі у выпадку рэалізацыі аднаго з трох сцэнарыяў, расказаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю «ТСН.Тиждень».

Кіраўнік Украіны падкрэсліў, што атакі УСУ на расійскія НПЗ не маглі паўплываць на сусветныя цэны: доля РФ у сусветным экспарце дызелю складае ўсяго 2%, астатнія 98% прыпадаюць на іншых экспарцёраў.

Ён таксама адзначыў, што нават з гэтай сітуацыі былі рэальныя варыянты, прапанаваныя амерыканскаму боку, аднак ніводзін з гэтых сцэнарыяў не быў рэалізаваны.

«Я сказаў: калі вы хочаце, каб мы не білі па дызелі, НПЗ, тады хай яны не б'юць па нашай электрычнасці. Гэта справядліва. Энергетычнае перамір'е. Другі варыянт — вы адкрываеце Starlink над РФ, мы паказваем вам месцы, дзе ёсць пускавыя балістычныя ракеты. Мы хочам іх знішчыць. Трэці варыянт — калі вы нам не адкрываеце Starlink, а гэта залежыць толькі ад вас, і сказалі, што Маск не хоча, тады дайце нам тое, што залежыць не ад Маска і не ад Пуціна, — ракеты для Patriot», — расказаў Зяленскі.

Аднак нават па стане на сёння Украіна так нічога і не атрымала. Больш за тое, сітуацыя нават пагоршылася: ЗША адмянілі частку санкцый супраць РФ, а хуткасць Starlink знізілі.

«Таму і такая рэакцыя — змагаемся за сваё жыццё», — сказаў Зяленскі.