Беларусь хутка ўцягнуць у паўнамаштабную вайну з Украінай?
Жонка палітзняволенага журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына Вольга ў Facebook піша, што неўзабаве можа пачацца рэалізацыя плана ўцягвання непасрэдна беларусаў у вайну супраць Украіны.
![Палітвязень Дзяніс Івашын праводзіў расследаванні датычна расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі Палітвязень Дзяніс Івашын праводзіў расследаванні датычна расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі](/img/v1/images/dzyanis_ivashyn_e1615565631578_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Палітвязень Дзяніс Івашын праводзіў расследаванні датычна расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі
Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны мы з Дзянісам Івашыным праз пэўныя «каналы сувязі» абмяркоўвалі існаванне плану ўцягвання непасрэдна беларусаў у вайну супраць Украіны.
Учора стала вядома пра выезд 11 амбасадараў РБ з Украіны чамусьці праз Малдову.
Дык вось, у якасці магчымых варыянтаў развіцця падзей мы разглядалі наступны. Напярэдадні 24 лютага, дня ўварвання Расіі ва Украіну, расійскія амбасадары таксама спешна пакідалі Украіну. Як тое ў свой час рабілі і іхнія ідэйныя «дзяды» ў ноч з 21 на 22 чэрвеня 1941.
Рэжымам нутранай акупацыі ўжо заяўлялася пра «абстрэлы» Беларусі з тэрыторыі Украіны.
На нашай паўднёвай мяжы міжнародная выведка фіксуе назапашванне войскаў у раёне Брэста.
Перахопленыя размовы акупантаў сведчаць пра нейкі невядомы план дзеянняў, якія павінны распачацца пасля 24 сакавіка.
«Гарматнае мяса» ў сапраўдных фашыстаў сканчаецца, а каманду адступаць ніхто не дасць, бо нельга, бо вайна перакінецца на тэрыторыю самой Расіі разам з павярнуўшыміся кантрактнікамі і тэрміноўцамі.
У сувязі з усім гэтым найбольш верагодна, што хутка, меркавана напярэдадні нашага святога Дня Волі 25 сакавіка, акупанты разгуляюць карту «майнільскага інцыдэнту» з ракетным ці артабстрэлам тэрыторыі Беларусі з боку Украіны (або менш верагодны, але таксама магчымы «гляйвіцкі інцыдэнт» з забойствам памежнікаў РБ «дыверсійнай групай украінцаў»), або ўчыняць тэракт у нейкім буйным беларускім горадзе (магчыма, у самай непакорнай «русафобскай» Горадні), як напісана ў кнізе Літвіненка і Фельштынскага, з абавязковым адшуканнем на парэштках некранутай выбухам ламінаванай «візіткі яраша». А далей аб’яўляецца ваеннае становішча і ўсеагульная мабілізацыя як у Беларусі, так і, згодна з дамовамі пра «Саюзную дзяржаву» і АДКБ, у Расіі, што зараз так патрэбна крамлёўскім узурпатарам.
Калі ў расійцаў не будзе дастатковай упэўненасці ў тым, што беларусы пойдуць ваяваць за «залатыя ўнітазы» састарэлых настальгатараў па імперыях, то сённяшніх акупантаў проста пераапрануць у форму войскаў РБ і выправяць у кірунку беларуска-ўкраінскай мяжы.
Я шчыра спачуваю ўсім тым суайчыннікам, якія не знойдуць магчымасці пазбегнуць ужо распачатай мабілізацыі рэзерваў, і яшчэ болей спачуваю тым, хто падпадзе пад патэнцыйную хвалю мабілізацыі ўсеагульнай, магу толькі нагадаць пра тое, што варыянты асабістага маральнага выбару ёсць у любой сітуацыі і пра іх ужо дастаткова было сказана шматлікімі разумнымі людзьмі.