NYT: Расія пачала эвакуіраваць сем'і дыпламатаў з Украіны. МЗС РФ: Амбасада працуе ў штатным рэжыме
Дыпламатам расійскіх консульстваў у Кіеве і Львове загадана падрыхтавацца да выезду з тэрыторыі Украіны. Аб гэтым піша газета The New York Times са спасылкай на высокапастаўленага супрацоўніка Службы бяспекі Украіны.
Па словах крыніцы выдання, 18 чалавек, у асноўным дзеці і жонкі расійскіх дыпламатаў, селі ў аўтобусы і адправіліся ў Маскву 5 студзеня. Следам за імі з'ехалі яшчэ каля 30 супрацоўнікаў расійскіх дыпмісій, астатнім загадалі рыхтавацца да ад'езду.
У Вашынгтоне, сцвярджае The New York Times, ведалі аб эвакуацыі.
«У нас ёсць інфармацыя, якая паказвае на тое, што расійскі ўрад рыхтаваўся да эвакуацыі членаў іх сем'яў з пасольства Расіі ва Украіне ў канцы снежня і пачатку студзеня», — цытуе выданне аднаго амерыканскага чыноўніка.
Скарачэнне колькасці пасольства Расіі можа быць «збольшага прапагандай, збольшага падрыхтоўкай да канфлікту, які набліжаецца, або збольшага выкрутам, ці ўсе тры сцэнары адразу», піша газета са спасылкай на ўкраінскіх і амерыканскіх чыноўнікаў.
Пры гэтым у Вашынгтоне лічаць, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін яшчэ не прыняў рашэнне аб уварванні, гаворыцца ў артыкуле.
У МЗС Расіі ў адказ на просьбу пракаментаваць публікацыю заявілі, што расійская амбасада ў Кіеве працуе ў штатным рэжыме, паведамляе «Інтэрфакс».
Ваенных і тэхніку да межаў з Украінай расійскае камандаванне пачало перакідваць яшчэ вясной 2021 года. Даследчыкі Conflict Intelligence Team у сакавіку пісалі, што расійскае войска перакідвае артылерыю і танкі, мотастралковыя і дэсантныя часткі. У Варонежскай вобласці Расіі, што мяжуе з Украінай, вясной заўважылі нават ракетныя комплексы «Іскандэр». У студзені 2022 года ў CIT расказалі аб новых сведчаннях перакідкі расійскіх ваенных і тэхнікі ў заходнія рэгіёны Расіі.
Раней Мінабароны паведаміла аб правядзенні вучэнняў на палігонах у абласцях з Украінай абласцях — Варонежскай, Белгарадскай і Бранскай, а таксама ў Смаленскай вобласці. Туды накіравана каля трох тысяч вайскоўцаў і 300 адзінак вайсковай тэхнікі.
Калі прарасійскія сілы зробяць спробу наступлення, Джо Байдэн паабяцаў Уладзіміру Пуціну, што гэта прывядзе да «разбуральных наступстваў для яго эканомікі».
currenttime.tv