Армія Украіны больш не мае патрэбы ў паслугах Ілана Маска?
Гучная атака Украіны на Крымскі мост прайшла без удзелу ў ёй сістэм Starlink/Starshield Ілана Маска. Украінская армія выкарыстала для навядзення ракет уласную комплексную сістэму, якая ўключала ў сябе спадарожнікі і дроны. ЗША раскрытыкавалі ўдары па расійскай інфраструктуры, а ў Еўропе іх віталі. А РФ выпрабоўвае сістэму СПА Малдовы, як раней выпрабоўвала Польшчу. Ідуць 1729-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота з tass.ru
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 165 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 лістапада.
На Ліманскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 12 атак у раёнах Лімана, Новага і Зарэчнага.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 12 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі і Доўгай Балкі.
На Пакроўскім кірунку адбылося 18 расійскіх атак у раёнах Грузскага, Кучарава Яру, Вольнага, Дабраполля, Светлага, Мірнага, Сяргееўкі і Маладзецкага.
* * *
Вечарам 17 лістапада ў выніку расійскіх атак на Дняпро былі паранены тры чалавекі, у тым ліку 15-гадовы падлетак, а таксама пашкоджана ганаровае консульства Аўстрыі.
Міністэрства абароны Малдовы 17 лістапада паведаміла пра несанкцыянаваны пралёт сямі беспілотнікаў у яе паветранай прасторы падчас атакі РФ на ўкраінскія рэгіёны. Пяць з сямі беспілотнікаў, якія парушылі паветраную прастору краіны, «пацярпелі крушэнне» паблізу населеных пунктаў: Келтуйтары, Пагарнічэнь, Пагрэбены і Кухурэшці-дэ-Жос. Пра магчымае шостае падзенне паведамілі ў Окніцкім раёне, а яшчэ адзін беспілотнік знік з сістэм маніторынгу паблізу горада Леова, рухаючыся ў кірунку граніцы.
Таксама ўлады Малдовы абмежавалі палёты ва ўсёй паветранай прасторы краіны пасля таго, як над Кішынёвам быў заўважаны расійскі беспілотнік тыпу «Шахед».
Уначы 18 лістапада беспілотнікі атакавалі Краснадарскі край Расіі, пад ударам маглі апынуцца Ільскі і Афіпскі нафтаперапрацоўчыя заводы.
* * *
Украіна падчас атакі на Крымскі мост 17 лістапада не спадзявалася на Starlink/Starshield, а скарысталася ўласнай спадарожнікавай сістэмай, піша The Times са спасылкай на ўкраінскага афіцэра, датычнага да планавання аперацыі.
Па яго словах, паражэнне моста стала сведчаннем таго, што для правядзення ўдарных місій Украіна больш не мае патрэбы ў сетках Starlink і Starshield. «Упершыню ў гісторыі мы выкарысталі дроны для перадачы відэасігналаў ракетам, каб тыя маглі паражаць канкрэтныя кропкі на мосце. Мы паказалі, што здольныя праводзіць такія аперацыі без Starlink», — сказаў ён.
Афіцэр назваў удар па мосце «сімвалічным жэстам» перад сустрэчай лідараў ЗША, Расіі і Кітая, «каб паказаць, што Пуцін слабы».
* * *
* * *
Прадстаўнікі ЗША падчас мірных перамоў паднялі пытанне магчымага ўступлення Украіны ў NATO ў абмен на выхад украінскіх войск з Данбаса, піша Bloomberg.
Вашынгтон спытаў Кіеў, ці гатовы ён адмовіцца ад Данбаса на карысць Расіі ў абмен на членства ў Паўночнаатлантычным альянсе. Гэтае пытанне стала часткай абмеркавання магчымых гарантый бяспекі Украіны. У той жа час еўрапейскія краіны настойваюць, што спачатку Расія павінна спыніць баявыя дзеянні, а пасля гэтага можна пераходзіць да дыскусій пра будучыню NATO і размяшчэнне войскаў у Еўропе.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прадэманстраваў гатоўнасць разглядаць амерыканскія прапановы па бяспецы. Аднак для гэтага Вашынгтон павінен даць канкрэтны план магчымага ўступлення Украіны ў NATO і ЕС, захавання моцнай украінскай арміі і фінансавання пасляваеннага аднаўлення.
Як адзначае Bloomberg, новы падыход Вашынгтона паставіў еўрапейскіх лідараў перад складаным выбарам. Асаблівую занепакоенасць гэта выклікае ў краін, якія мяжуюць з РФ. Яны асцерагаюцца скарачэння ваеннай прысутнасці NATO на сваёй тэрыторыі і ўзмацнення ўплыву Масквы на рашэнні па бяспецы ў Еўропе.
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс падкрэсліў, што ўсходні фланг NATO не можа быць прадметам торгу, а ніякіх сфер уплыву ў Еўропе быць не павінна.
Расія настойвае, каб NATO пагадзілася не размяшчаць войскі ў дзяржавах, якія далучыліся да Альянсу пасля 1997 года. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра Польшчу, Чэхію, Венгрыю і краіны Балтыі. Масква ж прапануе скараціць уласную ваенную прысутнасць у Калінінградскай вобласці і Беларусі. Аднак на саміце ЕС шэраг лідараў заявіў, што такі абмен непрымальны.
* * *
Намеснік міністра абароны ЗША па пытаннях палітыкі Элбрыдж Колбі падчас адкрыцця 37-га пасяджэння Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн» выказаў меркаванне, што ўкраінскія ўдары па аб'ектах, якія ён аднёс да грамадзянскай інфраструктуры РФ, могуць прывесці да ўзмацнення гатоўнасці Расіі да эскалацыі вайны.
«У той час як публічнае абмеркаванне засяроджана на відовішчнасці ўдараў на вялікія адлегласці, закліканых прычыніць боль расійскаму насельніцтву, наша ацэнка заключаецца ў тым, што такія ўдары не былі эфектыўнымі з пункту гледжання спынення вайны, і яны таксама не спрыяюць стрымліванню прасоўвання Расіі на лініі фронту», — заявіў Колбі.
Ён сказаў, што «такія ўдары, асабліва тыя, якія накіраваны на грамадзянскую інфраструктуру, напрыклад Wildberries, на самай справе, верагодна, умацавалі рашучасць расійскай грамадскасці і гатоўнасць самога Крамля да эскалацыі».
«Мы павінны дакладна разумець, што галоўны акцэнт нашай падтрымкі павінен быць зроблены на забеспячэнні і ўмацаванні здольнасці Украіны ўтрымліваць лінію фронту і, дзе магчыма, прасоўвацца наперад. Удары, засяроджаныя на лініі фронту, і непасрэдная падтрымка гэтага раёна баявых дзеянняў, вядома, адносяцца да гэтай катэгорыі», – сказаў Колбі.
Яшчэ ў жніўні 2025 года амерыканскія СМІ паведамлялі, што Пентагон месяцамі блакаваў дальнабойныя ўдары Украіны па тэрыторыі Расіі. Паведамлялася, што менавіта Элбрыдж Колбі распрацаваў блакіруючы механізм разгляду запытаў Кіева пра прымяненне амерыканскай дальнабойнай зброі і ўзбраення еўрапейскіх саюзнікаў, выкарыстанне якога залежыць ад амерыканскай разведкі або кампанентаў.
* * *
Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус пасля 37-га пасяджэння Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн» у Бруселі 17 лістапада заявіў, што крытыкаваць удары Украіны па Расіі, накіраваныя на знішчэнне стратэгічных ваенных аб'ектаў і аб'ектаў ваеннага прызначэння, — гэта неразумна.
«Замест гэтага нам варта крытыкаваць і абмяркоўваць тэрарыстычныя ўдары, якія кожную ноч і кожны дзень наносяцца па грамадзянскай інфраструктуры энерга-, вода- і цеплазабеспячэння ва Украіне. Гэта і ёсць тэрарызм. Мы павінны казаць пра гэта, як і пра законныя і легітымныя ўдары па Расіі, накіраваныя супраць неграмадзянскіх аб'ектаў», — сказаў Пісторыус.
Міністр абароны Вялікабрытаніі Уэс Стрытынг падтрымаў Пісторыуса, дадаўшы, што нанясенне ўдараў углыб расійскай тэрыторыі знясільвае ваенны патэнцыял РФ. «Што тычыцца магчымасцей нанясення ўдараў углыб тэрыторыі (Расіі), то ў мяне няма ніякіх сумненняў, што гэта дапамагло аслабіць ваенную машыну Пуціна, зэканоміўшы час і ратуючы жыцці людзей», — сказаў Стрытынг.
* * *
Вялікабрытанія абвясціла пра наданне Украіне пакета ваеннай дапамогі, у які ўвайшлі больш за 1000 ракет, пускавыя ўстаноўкі малой далёкасці і радары для супрацьпаветранай абароны, паведаміў брытанскі ўрад 17 лістапада.
Гаворка ідзе пра ракеты ад кампаніі Thales Belfast (шматмэтавыя ракеты LMM) і больш за 10 радараў, набытых у Вялікабрытаніі і Еўропе. Гэтыя сістэмы ўжо даказалі сваю эфектыўнасць супраць рэактыўных беспілотнікаў Shahed.
Пастаўкі для УСУ пачнуцца з сярэдзіны снежня. Гэта дадатак да 400 зенітных ракет, якія Вялікабрытанія ўжо перадала Украіне напярэдадні зімы.
Таксама Вялікабрытанія надасць Украіне дадатковыя крылатыя ракеты Storm Shadow, каб дапамагчы ёй супрацьдзейнічаць расійскім ваенным аперацыям супраць грамадзянскай інфраструктуры напярэдадні зімы.