Сузаснавальнікаў Dissidentby асудзілі на 11 і 12 гадоў. Хронікі рэпрэсій
У Беларусі працягваюць пераследаваць за кантакты з «экстрэмісцкімі» рэсурсамі, а праверка тэлефона на мяжы можа скончыцца дастаўленнем у міліцыю. Завочна асудзілі сузаснавальнікаў Dissidentby, а праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек. Былы палітвязень Яўген Юшкевіч расказаў, як у калоніі забаранялі вывучаць польскую мову.

Старонкі былых палітвязняў і Telegram-чат трапілі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго дадалі:
- Instagram-старонку былога палітвязня Сяргея Пятрухіна «siarhei_piatruhin»;
- Facebook-старонку былога палітвязня Дзмітрыя Казлова «Dzmitry Kazlou»;
- TikTok-старонкі «dmitriy.skindereu» і «Вечаровы Кефір live»;
- Telegram-чат «Волейбол в Минске».
У Брэсцкім універсітэце правялі выязны суд за «абразу Лукашэнкі»
13 кастрычніка ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна адбылося выязное судовае пасяджэнне ў крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса — «абраза Лукашэнкі». Пра гэта паведаміла «Брэсцкая Вясна», звярнуўшы ўвагу на допіс у сацыяльных сетках універсітэта.
Асобу абвінавачанага не раскрылі: у паведамленні яго пазначылі толькі літарай «К.». Суддзёй была Марыя Аліферук, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў пракурор Герасімовіч.
«К.» прызначылі два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — так званую «хатнюю хімію».
Пасля судовага пасяджэння пракурор выступіў перад студэнтамі і папярэдзіў іх пра адказнасць за «экстрэмісцкія злачынствы».
Мужа расійскай блогеркі затрымалі на беларускай мяжы праз старую падпіску ў Telegram
Муж расійскай блогеркі Настассі Бунс правёў шэсць гадзін у міліцыі пасля праверкі тэлефона на беларуска-расійскай мяжы. Прычынай стала падпіска на навінавы Telegram-чат, які ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім». Пра здарэнне блогерка расказала ў Instagram.
Настасся Бунс паведаміла, што яны з мужам жывуць у Калінінградзе і ехалі ў Санкт-Пецярбург праз Беларусь. На мяжы ў мужчыны праверылі тэлефон і знайшлі падпіску на навінавы чат, аформленую каля чатырох гадоў таму.
На памежны пост выклікалі міліцыю, пасля чаго пару пад канвоем даставілі ў аддзяленне. Там сілавікі праверылі перапіскі мужчыны, але не знайшлі падстаў для затрымання і адпусцілі яго. Паводле слоў блогеркі, супрацоўнікі міліцыі заявілі, што такіх людзей з мяжы прывозяць «пачкамі».
Сузаснавальнікаў Dissidentby Марыну і Вячаслава Касінеравых завочна асудзілі на 12 і 11 гадоў калоніі
16 лістапада 2026 года суд Заводскага раёна Мінска вынес завочны прысуд сузаснавальнікам праваабарончай ініцыятывы Dissidentby Марыне і Вячаславу Касінеравым. Марыну асудзілі на 12 гадоў калоніі, Вячаслава — на 11 гадоў.
Іх абвінавацілі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання», «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Марыне Касінеравай таксама выставілі абвінавачанне ў паўторным стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім.
У Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ 12 чалавек: Андрэя Шмаянкова, Юлію Нікіціну, Рамана Дзянісава, Аляксея Нядвецкага, Крысціну Труцько, Сяргея Казака, Тараса Філітовіча, Святлану Кухлеўскую, Сяргея Янчанку, Андрэя Кулікова, Ганну Гіцараву, Таццяну Васкрасенскую.
Праваабаронцы паведамілі пра пазбаўленне волі і накіраванне ў папраўчыя ўстановы гэтых людзей паводле шэрагу палітычна матываваных абвінавачанняў.
Сярод іх — абвінавачанні ў паклёпе на Лукашэнку, абразе Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, знявазе дзяржаўных сімвалаў, закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Сяргея Казака і Тараса Філітовіча пераследуюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года.
Праваабаронцы зноў заклікалі дэкрыміналізаваць паклёп і не пазбаўляць людзей волі за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў. Яны таксама адзначылі, што адвольнае прызнанне груп грамадзян і незалежных медыя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» стварае падставы для крымінальнага пераследу не толькі іх удзельнікаў, але і людзей, якія іх падтрымліваюць.
Адно слова па-польску — ШІЗА
Былы палітвязень Яўген Юшкевіч праз два месяцы пасля вызвалення расказаў пра стаўленне да польскай мовы ў калоніі.
Паводле яго, падчас адной з кампаній у адміністрацыі калоніі яму заявілі: за адно слова па-польску можна атрымаць пяць сутак у штрафным ізалятары (ШІЗА), і спыталі, ці гатовы ён рызыкнуць.
Усе падручнікі польскай мовы, якія захоўваліся ў калоніі, на пачатку кампаніі забралі і спалілі. Нават абмеркаванне кніг амерыканскага нейрабіёлага Роберта Сапольскага выклікала даносы: вязняў абвінавачвалі ў тым, што яны «вучаць польскую мову».
«Падручнікі. Польскай мовы. А потым саміх жа вывезлі ў Еўропу», — іранізуе Яўген Юшкевіч.
Новыя абавязкі для людзей на прафілактычным уліку: за паўторную няяўку пагражае арышт
У Беларусі набылі моц змены ў закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», падпісаныя Лукашэнкам 20 ліпеня 2026 года.
Цяпер людзі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку, абавязаныя з'яўляцца па выкліку ў службу занятасці, на перамовы з наймальнікам і медыцынскі агляд для працаўладкавання. За невыкананне гэтых патрабаванняў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць, у тым ліку арышт.
Як тлумачыць юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва, прынятыя змены пашырылі кола людзей, якія могуць трапіць пад прафілактычны ўлік, і ўвялі абавязковы ўдзел у працэсе працаўладкавання. Штрафы за невыкананне патрабаванняў павялічылі: цяпер яны могуць складаць да 10 базавых велічынь, а за паўторнае парушэнне — да 15.
Новыя нормы могуць закрануць і былых палітвязняў, якім праз судзімасць і ўключэнне ў «экстрэмісцкія» або «тэрарыстычныя» спісы часта цяжка знайсці працу. Адмова ад яўкі можа прывесці да адміністрацыйнага арышту.
Паводле юрысткі, ператварэнне садзейнічання працаўладкаванню ў абавязковую працэдуру пад пагрозай пакарання выклікае пытанні з пункту гледжання права на свабодны выбар працы і забароны прымусовай працы.