Беларускі распрацоўшчык стварыў сімулятар рэвалюцыі: як маўклівая незадаволенасць ператвараецца ў пратэст
Інтэрактыўная мадэль паказвае, як некалькі чалавек могуць запусціць ланцуговую рэакцыю масавага пратэсту. Яна заснаваная на тэорыі эканаміста Цімура Курана, які ў 1991 годзе патлумачыў, чаму рэвалюцыі ва Усходняй Еўропе ў 1989 годзе сталі нечаканасцю для многіх назіральнікаў.

Як працуе сімулятар
На першы погляд плошча выглядае спакойнай: людзі паводзяць сябе лаяльна, і здаецца, што большасць падтрымлівае існуючы парадак. Але калі зазірнуць у іх сапраўдныя думкі, карціна можа аказацца зусім іншай: многія насамрэч незадаволеныя, але хаваюць свае погляды.
Гэты механізм можна ўбачыць у інтэрактыўным сімулятары «Як з цішыні ўспыхвае рэвалюцыя». Карыстальнік можа спачатку паглядзець, што людзі дэманструюць публічна, а потым — што яны думаюць насамрэч.
Наступны крок — «іскра»: некалькі чалавек выходзяць на пратэст першымі. Астатнія назіраюць за суседзямі і вырашаюць, ці далучацца да іх. У выніку пратэст можа хутка пашырыцца або згаснуць, так і не ахапіўшы плошчу.
У сімулятары можна змяняць узровень страху, долю людзей, якія таемна выступаюць супраць існуючага парадку, і шчыльнасць натоўпу. Ёсць і элемент выпадковасці: нават пры аднолькавых пачатковых умовах адзін запуск можа скончыцца масавым пратэстам, а другі — нічым.
Мадэль спрошчаная: людзі размешчаныя ў сетцы і бачаць толькі найбліжэйшых суседзяў. Кожны мае ўласную пазіцыю і свой парог — колькасць людзей вакол, якія павінны адкрыта выступіць, каб ён сам наважыўся далучыцца.
Глядзіце таксама

Чаму людзі хаваюць свае погляды
Тэарэтычная аснова сімулятара — праца эканаміста Цімура Курана Now Out of Never: The Element of Surprise in the East European Revolution of 1989, апублікаваная ў часопісе World Politics у 1991 годзе.
Куран даследаваў, чаму падзенне камуністычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе ў 1989 годзе стала нечаканасцю для многіх людзей, у тым ліку для назіральнікаў і ўдзельнікаў падзей. Ён звярнуў увагу на розніцу паміж прыватнымі поглядамі чалавека і тым, што ён дэманструе публічна.
Куран назваў гэты механізм фальсіфікацыяй пераваг: людзі могуць хаваць свае сапраўдныя перакананні пад ціскам грамадскіх чаканняў або праз страх наступстваў. У выніку грамадства выглядае больш лаяльным да ўлады, чым ёсць насамрэч. Пры гэтым людзі могуць не ведаць, колькі незадаволеных вакол іх.
Калі ж некалькі чалавек адкрыта выказваюць нязгоду, іншыя атрымліваюць сігнал, што яны не адны. Гэта можа змяніць іх уяўленне пра грамадскія настроі і гатоўнасць дзейнічаць. Невялікая падзея ў такіх умовах здольная запусціць ланцуговую рэакцыю.
Гэта не прагноз рэвалюцыі
Распрацоўшчык падкрэслівае, што не правяраў мадэль на рэальных гістарычных падзеях. Для гэтага трэба было б ведаць, колькі людзей у пэўны момант таемна выступалі супраць улады і наколькі моцным быў страх кожнага з іх. Такіх звестак няма.
Сімулятар не прадказвае, дзе і калі пачнецца рэвалюцыя. Ён ілюструе адзін з магчымых механізмаў масавай мабілізацыі. У рэальным жыцці на развіццё падзей таксама ўплываюць рэпрэсіі, лідары, доступ да інфармацыі і мноства іншых фактараў.
Падобны механізм можа дзейнічаць не толькі падчас палітычных рэвалюцый, але і ў забастоўках, байкотах ды масавых звальненнях.
Сімулятар створаны ў межах праекта «АІ на практыцы».