Пра пытанне «Чаму?»: Як «перамога» Лукашэнкі над Чарнобылем вылазіць бокам

Выбары парламента ў Амерыцы, Мінская канферэнцыя па бяспецы — тэмы цікавыя, але не для агляду. Таму што там, па-першае, усё прадказальна, а па-другое, яны не моцна ўплываюць на наша жыццё. Ну, заявіў Лукашэнка, што вайна ва Украіне скончыцца праз некалькі месяцаў — дык мы ведаем, які з яго майстар прагнозаў. А вось што варта зрабіць — гэта запытаць «чаму». Гэтае пытанне ўзнікае ў мяне цягам тыдня.

Малюнак: ШІ/Gemini

Малюнак: ШІ/Gemini

На тыдні Камітэт дзяржкантролю ў чарговы раз заявіў пра зніжэнне долі беларускіх тавараў у рознічным гандлі і недасягненне ўстаноўленых паказчыкаў на 2025 год. Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021–2025 гады прадугледжвалася павялічыць долю беларускіх тавараў у рознічным тавараабароце да 63%, а прадуктовых тавараў — да 85%. Гэтыя паказчыкі дасягнутыя не былі. Паводле даных КДК, у апошнія гады доля продажаў айчыннай прадукцыі скарачаецца, у тым ліку у катэгорыях, якія беларускія вытворцы здольныя цалкам забяспечыць.

Канешне, цікава, чаму ў КДК заклапаціліся вынікамі 2025 года ў канцы года 2026-га. Маглі б яшчэ пяцігодку пачакаць. Ці не маглі? Ці дзесьці ў якіх-небудзь ведамствах у чарговы раз задумалі «зачыстку» нядбайных дырэктараў?

А што? Уборачная скончылася, « нядбайныя працаўнікі вёскі», напэўна, вярнуліся з украінскай граніцы, куды іх паслалі за тую самую «нядбайнасць». Трэба ж забяспечыць ратацыю, праўда? Не толькі ж калгаснікам дапамагаць войску?

Такім чынам, КДК канстатуе: пагадненні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю з гандлёвымі сеткамі і вытворцамі не далі рэальнага выніку. У мінулым годзе ніводзін з найбуйнейшых рытэйлераў не дасягнуў устаноўленага арыенціру па долі продажаў беларускіх тавараў. Акрамя таго, не наладжана ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва айчынных вытворцаў з маркетплейсамі: там прадаецца пераважна імпартная прадукцыя.

«Сцішае рост продажаў і пасіўнасць саміх вытворцаў у прасоўванні сваёй прадукцыі. Выяўляюцца факты невыканання заявак гандлёвых сетак. Спыняецца выпуск запатрабаваных мадэляў. Не вядзецца сістэмная маркетынгавая праца. Недастаткова развіта праца з дробнымі суб’ектамі гандлю», — гаворыцца ў прэс-рэлізе дзяржкантролю.

У нашым выпадку пытанне «чаму» дасць адказ на пастаяннае пытанне кантралюючых органаў «хто вінаваты». Чаму, напрыклад, «спыняецца выпуск запатрабаваных мадэлей»? Можа быць таму, што Беларусь у 2021-2022 гадах (якраз пачатак той самай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, якую аналізуе КДК), апынулася пад маштабнымі санкцыямі, і «запатрабаваныя мадэлі» цяпер няма з чаго вырабляць?

Чаму існуюць «факты невыканання заявак гандлёвых сетак»? Можа быць таму, што ў нашых гандлёвых сетках, як сказаў Лукашэнка «цэны павялічваць забараняецца» ўвесь перыяд дзеяння згаданай праграмы? І лепш нічога не вырабляць і не пастаўляць, чым гандляваць сабе ў страту?

Камітэт Дзяржкантролю непакоіцца, што «доля продажаў айчыннай прадукцыі скарачаецца». І ў той жа час не заўважае цікавы факт: згодна з апытаннем Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі, у 35% беларускіх прадпрыемстваў складскія запасы скарачаюцца другі месяц запар. Гэта значыць, што яны прадаюць «айчынную прадукцыю» кудысьці яшчэ. А калі яно ўсё адно прадаецца — дык ці важна, дзе і куды яно прадаецца? Абы прадавалася…

Праўда, з некаторымі продажамі ў нас узніклі вельмі сур’ёзныя і сімптаматычныя праблемы. Спачатку літоўскія пагранічнікі тармазнулі фуру з 20 тонамі чарніцаў: праз тое, што радыяцыйны фон чарніц склаў 0,07 мкЗв/г. З дапамогай ідэнтыфікатара радыёактыўных ізатопаў высветлілі, што крыніцай выпраменьвання з’яўляецца цэзій-137.

А крыху раней тыя ж літоўцы тармазнулі больш за 7 тон беларускіх лісічак — па той жа прычыне. Магутнасць дозы на паверхні дасягала 0,06 мкЗв/г., і «фаніў» той жа цэзій-137.

Чаму ў Беларусі з’явіліся радыёактыўныя грыбы і ягады, і хто вінаваты? Напэўна, вінавата пастанова Лукашэнкі і ўрада, якой яны вывелі Гомель і яшчэ 176 населеных пунктаў з пераліку тэрыторый, якія знаходзяцца ў зонах радыёактыўнага забруджвання. Указ пачынае дзейнічаць з 1 студзеня наступнага года — але грыбы і ягады на нібыта «чыстых», на думку беларускіх улад, тэрыторыях, пачалі збіраць ужо цяпер. А тое, што грыбы найбольш назапашваюць радыяцыю, нам вядома ад 1986 года.

І вось чым бы КДК сапраўды варта было заняцца — гэта тым, колькі такіх грыбоў і ягад было прададзена ЎНУТРЫ Беларусі. Тое, што гэтыя продажы былі — да варажбіткі хадзіць не трэба.

А мы ў чарговы раз пераконваемся, як «панты» Лукашэнкі пра тое, што ён «перамог» наступствы катастрофы на ЧАЭС, вылезлі нам цалкам канкрэтнымі непрыемнасцямі. Пры гэтым непрыемнасцямі, якія мы ўжо праходзілі. Усе помняць, як пасля аварыі ў Чарнобылі вытворцы каўбасы змешвалі «бруднае» і «чыстае» мяса, і такім чынам разнеслі радыяцыю па ўсёй тады яшчэ БССР — нават па «чыстых» раёнах.

Ну і, вядома, у КДК ёсць яшчэ шмат сапраўды важнай працы. І мы нават ведаем пра гэтую працу, і яна ўжо ў анекдоты ператвараецца.

У расійскім Ханты-Мансійску на Хэлоўін, 31 кастрычніка, загарэўся аўтобус МАЗ. А праз два дні тое ж самае адбылося ў горадзе Корсакаў Сахалінскай вобласці — 2 лістапада згарэў чарговы аўтобус МАЗ. Верагодна, насталі халады, вадзіцелі ўключылі печкі, і…

Вось гэтым бы заняцца нашым кантралёрам. Прыходзіць на МАЗ і спытаць: «Чаму?» Праўда, адказ ім таксама наўрад ці спадабаецца, паколькі ён на паверхні: тэхналагічныя санкцыі, і, як вынік, няякасныя камплектуючыя.

А хто вінаваты ў санкцыях? Гэтага КДК не скажа, паколькі гэтае прозвішча сярод вінаватых нельга называць.