Дзяржава паглыбляе наступствы Чарнобыля

Беларускі ўрад штогод рапартуе пра вялікія дзяржаўныя выдаткі на пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Маўляў, глядзіце, якія сродкі мы трацім на сацыяльна-экалагічныя мэты. Але на самой справе...



5_13.jpg

Дзяржаўнай праграмай на 2011–2015 гады плануецца выдаткаваць больш за 6 трыльёнаў 830 мільярдаў рублёў (гэта на момант зацвярджэння праграмы 31 снежня 2010 года), або прыкладна 2,3 мільярда долараў.

УЛАДА Ў ХАЎРУСЕ З АТАМНЫМ ЛОБІ

Давайце разгледзім, на што ж выдаткоўваюцца гэтыя мільярды? Вось што напісана ў праграме:

«У аснове дзяржаўнай палітыкі па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — пераход ад пасляаварыйных рэабілітацыйных мерапрыемстваў да аднаўлення і далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, стварэння ў іх больш прывабных умоваў для жыццядзейнасці. …Эфектыўнае выкарыстанне забруджаных радыенуклідамі тэрыторый з’яўляецца актуальнай задачай, якая патрабуе рашэння праз рэалізацыю спецыяльных інавацыйных праектаў, накіраваных на развіццё пацярпелых рэгіёнаў, стварэнне вытворчасцяў, якія забяспечваюць распрацоўку і выпуск самаакупальнай і рэнтабельнай прадукцыі».

То бок замест таго, каб выдаткоўваць сродкі на аздараўленне дзяцей, будаўніцтва сучасных медыка-рэабілітацыйных цэнтраў, закупляць неабходнае абсталяванне для анкалагічных дыспансераў, мы прыдумляем спосабы прыстасоўваць забруджаныя тэрыторыі для выкарыстання. Пытанне: навошта? Маўляў, каб было.

І гэта нягледзячы на тое, што знаходжанне на забруджаных землях — небяспечнае для здароўя і жыцця. Пры гэтым афіцыйна (глядзі нацыянальны даклад Рэспублікі Беларусь «Чвэрць стагоддзя пасля катастрофы: вынікі і перспектывы пераадолення») прызнаецца сувязь уздзеяння чарнобыльскай радыяцыі толькі з ракам шчытападобнай залозы.

Хаця ў кнізе «Чарнобыль: наступствы катастрофы для чалавека і прыроды» сабраны разам звесткі з разнастайных навуковых публікацый пра Чарнобыль. Аўтары — член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук Аляксей Яблакаў, кіраўнікі інстытута «Белрад» Васіль і Аляксей Несцярэнкі, кандыдат біялагічных навук Наталля Праабражэнская — пераканаўча паказваюць: на ўсіх забруджаных чарнобыльскімі радыеактыўнымі ападкамі тэрыторыях Беларусі, Украіны і Расіі назіраўся заўважны рост агульнай колькасці захворванняў ды выпадкаў інваліднасці.

Сярод іншага, былі распаўсюджаны захворванні органаў кровазвароту, эндакрыннай сістэмы, імуннай сістэмы, органаў стрававання. Расла колькасць анкалагічных захворванняў, парушэнняў працэсаў рэпрадукцыі, прыроджаных парокаў і анамалій развіцця — і гэты пералік далёка не поўны.

Але, згодна з афіцыйнай пазіцыяй урада Беларусі, прычыны гэтых хваробаў... псіхалагічныя. Ва ўжо згаданым нацыянальным дакладзе сцвярджаецца, нібыта прыгнечаны псіхалагічны стан людзей, што жывуць на забруджаных землях, выкліканы не веданнем імі рэальнай радыяцыйнай небяспекі, а «выступамі сродкаў масавай інфармацыі, наяўнасцю розных інфармацыйных плыняў». То бок ва ўсіх хваробах вінаватыя не наступствы катастрофы, не абыякавасць уладаў да здароўя грамадзян, а журналісты (і, напэўна ж, не дзяржаўныя).

«Не валодаючы дастатковымі ведамі ў галіне радыяцыйнай бяспекі, звязваючы большасць хваробаў нават з самымі нізкімі ўзроўнямі выпраменьвання, насельніцтва спараджае міфы пра шкоднасць пражывання на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, што ў выніку прыводзіць да «ўтрыманства» і непрадукцыйнага ладу жыцця». Калі перакласці на нармальную мову, дзяржава нам кажа, што занадта шмат дае грошай «розным там ліквідатарам і пацярпелым».

Трэба агаварыцца: такі падыход быў распрацаваны не ў Беларусі. Дзеля яго прымянення ў нашай краіне шмат папрацавалі «адмыслоўцы» з МАГАТЭ, Сусветнага банку, створанага французскай ядзернай індустрыяй цэнтра CEPN ды іншых арганізацый. Але беларускі ўрад радасна яго падхапіў. У тым ліку таму, што рыхтаваў ідэалагічную кампанію для будаўніцтва АЭС. Праціўнікі атамнай энергетыкі назвалі гэткі падыход «чарнобыльскім рэвізіянізмам».

5_2.jpg

ЗАМЕСТ АНКАЦЭНТРАЎ — ЦЁЛКІ

Як можна пабачыць, асноўным накірункам чарнобыльскай палітыкі ўраду Беларусі з’яўляецца гаспадарчае засваенне радыяцыйна забруджаных земляў. Тут можна выдзеліць некалькі кірункаў.

Асноўны з іх — сельская гаспадарка. Аўтары праграмы лічаць неабходным «забяспечыць далейшую вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі [...] на тэрыторыі радыеактыўнага забруджання». «На развіццё сельскай гаспадаркі (будаўніцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў для сельскагаспадарчых арганізацый, размешчаных на забруджаных тэрыторыях)» плануецца накіраваць 311 мільярдаў 365,3 мільёнаў рублёў (у коштах 2010 года). Што гэта значыць? А тое, што 311 мільёнаў долараў закапваюць у зямлю. Бо тое, што вырошчваецца на гэтых землях, чалавек, які хвалюецца пра сваё здароўе, не будзе есці яшчэ некалькі соцень гадоў. І гэта ўжо не кажучы пра тое, колькі з гэтых грошай будзе расцягнута чыноўнікамі і кіраўнікамі розных узроўняў.

На гэтыя грошы ў Нараўлянскім раёне (адным з самых забруджаным) для «ўкаранення інавацыйных тэхналогій у развіццё племянной базы мясной жывёлагадоўлі на КСУП «Брацтва» было закуплена 300 галоваў племянных цёлак.

У праграме адкрыта напісана, што «плануецца актывізаваць працу па вяртанні ў гаспадарчае выкарыстанне выведзеных з абароту земляў».

Складальнікі дзяржаўнай праграмы брава рапартуюць пра мінулыя поспехі: «З 2000 па 2010 год плошча забруджаных цэзіем–137 сельскагаспадарчых земляў зменшылася на 21 працэнт (з 1297 тысяч да 1021,2 тысяч гектараў)».

Перыяд паўраспаду цэзію–137 складае каля 30 гадоў. Толькі праз 10 перыядаў паўраспаду (для цэзію–137 — 300 гадоў) небяспека апраменьвання змяншаецца да мінімальнага ўзроўню, але і тады не знікае цалкам. Адпаведна, цэзій–137 ніяк не можа «выпарыцца» за 10 гадоў. Адзіны спосаб так хутка скараціць колькасць забруджаных земляў — адміністрацыйны. Што ж, поспехі трэба замацаваць: «Дзяржаўнай праграмай прадугледжваюцца мерапрыемствы па далейшым зніжэнні плошчы і ўзроўню забруджання сельскагаспадарчых земляў».

10 МІЛЬЁНАЎ ДОЛАРАЎ НА ПРАПАГАНДУ

Другі кірунак «гаспадарання» ў радыеактыўных раёнах — лясная гаспадарка, у якой неабходна «рэалізаваць дадатковыя мерапрыемствы па рацыянальным выкарыстанні лясных рэсурсаў на забруджаных тэрыторыях». Плануецца лесаразвядзенне і лесаўзнаўленне на найбольш забруджаных землях (15 кюры на км2 і вышэй), нібы «для пазбягання распаўсюду радыенуклідаў». Але не дайце сябе падмануць. Некалькімі абзацамі пазней напісана: «Каб максімальна механізаваць работы падчас рубак у зоне забруджання 15–40 кюры/км2, найбольш забруджаныя лясгасы плануецца забяспечыць сучаснай лесанарыхтоўчай тэхнікай (форвардэры, харвестэры), транспартам для дастаўкі работнікаў, домікамі для абагрэву і харчавання».

То бок новыя пасадкі лесу робяцца адно для таго, каб праз некалькі дзесяцігоддзяў ссячы спелыя дрэвы і прадаць радыеактыўную драўніну. Вядома, вырубка і продаж радыеактыўнага лесу ідзе і зараз пры актыўнай падтрымцы атамнага лобі. У 2012 годзе завяршыліся пастаўкі ў Беларусь абсталявання па праграме МАГАТЭ «Падтрымка лесаводства на тэрыторыях, што падпалі пад радыеактыўнае забруджанне ў выніку чарнобыльскай аварыі».

Надаецца таксама ўвага пашырэнню і рэканструкцыі прамысловых прадпрыемстваў, ладная частка якіх займаецца перапрацоўкай мясцовай сельскагаспадарчай і лясной сыравіны. Відаць, згодна з задумай стваральнікаў дзяржаўнай праграмы, гэта павінна ствараць новыя працоўныя месцы, і такім чынам здымаць сацыяльную напружанасць. Але нашто ствараць новыя працоўныя месцы менавіта ў «брудных» рэгіёнах, калі ў нашай небагатай краіне дастаткова ўмоўна «чыстых» рэгіёнаў з высокім рэальным, а не афіцыйным беспрацоўем?

10 мільярдаў 135 мільёнаў рублёў (у коштах 2010 года) адведзена на «інфармацыйна-ідэалагічную работу», мэта якой — «спрыянне адраджэнню і развіццю тэрыторый, што пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы, шляхам выхавання сацыяльна актыўнага чалавека, які быў бы гатовы ўдзельнічаць у працэсе адраджэння, а таксама фармаванне адэкватнага стаўлення насельніцтва незабруджаных тэрыторый Рэспублікі Беларусь і сусветнай супольнасці да пацярпелых раёнаў».

Ужо даўно не вядзецца гаворка пра магчымасць перасялення ад радыяцыі. Наадварот, праграма прадугледжвае будаўніцтва жылля ў забруджаных раёнах, каб замацаваць спецыялістаў, што прыехалі адпрацоўваць па размеркаванні.

5_3_chernobil.jpg

ВЯРНУЦЦА ХАЦЯ Б НА ЎЗРОВЕНЬ 1991 ГОДА

Трэба прызнаць, што дзяржаўнай праграмай усё ж прадугледжана выдзяленне сродкаў на сапраўды неабходныя мерапрыемствы — наданне льгот і кампенсацый (там, дзе яны яшчэ не ліквідаваныя), некаторыя медычныя праграмы, радыелагічны кантроль і маніторынг. Але асноўны накірунак праграмы вядзе ў процілеглы бок — не на змякчэнне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, а на іх узмацненне і паглыбленне. А менавіта: на яшчэ большае пранікненне радыенуклідаў у ежу і лясную прадукцыю, паўторнае засяленне чарнобыльскіх раёнаў і адмаўленне радыяцыйнай небяспекі.

Нездарма ўдзельнікі «Чарнобыльскага шляху–2013» зноў патрабуюць аднавіць дзеянне закона 1991 года «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», а таксама прыняць рэальныя меры па яго ажыццяўленні, у тым ліку праз забеспячэнне магчымасці для перасялення людзей з радыяцыйна забруджаных тэрыторый і спыненне іх гаспадарчага выкарыстання.

«Сорамна нават заікацца пра «шчодрасць» сістэмы сацабароны пасля таго, як нават вельмі слабыя спробы абараніць пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы, зробленыя ў Законе ад 1991 года, былі практычна зведзены да нуля вядомым указам кіраўніка дзяржавы. Спроба адміністрацыйнымі рашэннямі ператварыць загадзя забруджаныя землі ў «чыстыя» і ўгаварыць людзей вярнуцца на гэтыя землі накіравана на тое, каб канчаткова адмахнуцца ад найсур’ёзных і найнебяспечных праблем людзей, пацярпелых ад Чарнобыля. Гэта гульня супраць грамадзян краіны на карысць атамнага лобі, якое ўсё больш губляе свае пазіцыі па ўсім свеце, — падкрэслівае сябра аргкамітэту руху «За бяз’ядзерную Беларусь», фізік, прафесар Георгій Лепін. — Як і будаўніцтва АЭС у Беларусі — самай пацярпелай у свеце краіны — накіравана не толькі на шкоду народа краіны, але і з’яўляецца адкрытай падтрымкай МАГАТЭ. Расія актыўна штурхае Беларусь на смяротна небяспечны для яе шлях, каб не застацца адной (з кампаніяй недаразвітых краін, якія рвуцца да атамнай зброі) ва ўмовах, калі большасць цывілізаваных краін рашуча пакідае бруднае праядзернае зборышча».