«Усё жыццё маё — як казка, толькі нядобрая, суровая. Як чужая»
Жыццё пісьменніка Яна Скрыгана сапраўды падобна на злую казку: двойчы рэпрэсаваны, ён цудам выжыў, страціў першую сям’ю. Пасля рэабілітацыі займаў высокія пасады, але іранічнасць стала вернай яго спадарожніцай. Сёння адзначаецца 30 гадавіна з дня смерці Яна Скрыгана. Пэўны час таму яго дачка выдала шыкоўны альбом — фоталетапіс з хатняга архіва бацькі.
Калі руйнуюцца надзеі
Ян Скрыган — з таго самага пакалення беларускіх пісьменнікаў, якіх рэпрэсіўная машына калі не знішчыла, то скалечыла. Жыццё 19-гадовага хлопца, які толькі распачынаў свой творчы шлях, здавалася светлым і поўным надзей: праца ў друку, «Маладняк», такія ж юныя і апантаныя сябры-пісьменнікі, з якімі гадзінамі можна было размаўляць, дзяліцца ідэямі, спрачацца…
Усё перамяніў 1936 год, які назаўжды перакрэсліў яго мінулае жыццё, пакінуўшы ў ім мары, амаль усіх сяброў і маладую жонку Галіну, якая ўжо чакала дзіця.
Аднойчы, калі пісьменнік знаходзіўся ў Доме творчасці пад Пухавічамі, уначы да яго пагрукалі: «Збірайцеся!». Затым — турма на Валадарскага (пісьменнік і вязень сталінскіх лагераў Сяргей Грахоўскі казаў, што ў той час на «Валадарцы» можна было адкрываць аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР), суд па 58-м артыкуле за «контррэвалюцыйную дзейнасць» і этап у Сібір на 10 гадоў.
Літаратар адбываў тэрмін у Кемераўскай вобласці. І там яго напаткаў, калі можна так сказаць, шчаслівы выпадак. У лагеры спатрэбіўся бухгалтар. І калі ў вязняў запыталіся, хто ўмее лічыць на лічыльніках, Скрыган падняў руку. Так ён пачаў працаваць бухгалтарам, і гэты занятак стаў для яго асноўным на многія гады.
У 1941 годзе да пісьменніка дайшлі скрушныя звесткі, што ў драўляны дом на Круглай плошчы ў Мінску (у раёне цяперашняга Дома літаратара), дзе жылі яго жонка, цешча і сын, трапіла бомба — і ўсе загінулі.
Пісьменнік шмат разоў прасіў, каб яго адправілі на фронт. Ён выдатна разумеў, што зэкаў адпраўляюць наперад, у самае пекла, і выжыць там амаль што немагчыма. Але начальства яго не пускала.
Ад Ферганы да Ківіылі
Пасля вызвалення ў 1946 годзе Яну Скрыгану, пазбаўленаму права вярнуцца ў Беларусь і жыць у буйных гарадах Савецкага Саюза, заставалася толькі ткнуць пальцам у мапу СССР. Ён так і зрабіў — і трапіў на Фергану ва Узбекскай ССР. Пэўна, чарговы раз здарыўся цуд, бо без грошай, ежы, губляючы прытомнасць на шляху, пісьменнік дабраўся да Ферганы і там змог уладкавацца бухгалтарам на эвакуяваны з Масквы гідролізны завод.
Там ён сустрэў масквічку Ганну, муж якой загінуў, але застаўся маленькі сын Алік. Неўзабаве Ян і Ганна ажаніліся, і ў іх нарадзілася дачка, якую назвалі Галінай. Ганна з разуменнем паставілася да жадання мужа назваць дзяўчынку іменем яго першай жонкі.
У чужым далёкім горадзе жыць было цяжка. Праблем дадаваў і нязвыклы клімат — Ганна і Алік цяжка перахварэлі на малярыю. Таму, калі Ян атрымаў ліст ад чалавека, з якім сядзеў у лагеры, з запрашэннем прыехаць на працу ў Эстонію, не задумваючыся прыняў прапанову. Так сям’я ў 1949 годзе пераехала ў эстонскі горад Ківіылі, дзе Скрыган уладкаваўся бухгалтарам на сланцахімічны камбінат.
Другое кола пекла
Дзяржава і людзі пакрысе ачомваліся ад ваеннага ліхалецця. І тут Сталін згадаў, што «палітычныя», якіх не расстралялі ў 1930-х, выйшлі на волю — а гэта небяспечна. Па ўсім Саюзе пайшла другая хваля рэпрэсій. Праўда, гэтым разам не расстрэльвалі, а высылалі на вечнае пасяленне ў самыя дальнія куткі краіны.
Пасля года жыцця ў Эстоніі прыйшлі і да Скрыгана. Яму дазволілі развітацца з сям’ёй і адправілі ў Сібір — у сяло Сухабузімскае Краснаярскага краю. Верагодна, жонку таксама чакала высылка ў лагер і разлука з дзецьмі, але адзін спагадлівы супрацоўнік міліцыі папярэдзіў Ганну: у чацвер усё начальства з’язджае на рыбалку, а ў панядзелак з ёй збіраюцца расправіцца.
У той жа дзень Ганна з сястрой узялі дзяцей і пад выглядам прагулкі, без рэчаў, пайшлі на вакзал, селі ў цягнік і з’ехалі ў добраахвотную ссылку да Яна Скрыгана ў Сібір.
Жылі ў зямлянцы, вялі гаспадарку і думалі, што застануцца тут назаўжды. Даведаўшыся пра смерць Сталіна, ад шчырага гора плакалі ўсе, нават дзеці. Але калі ў 1955 годзе Скрыгану прыйшоў ліст, у якім паведамлялася пра яго рэабілітацыю, ён адчуў, што не можа больш заставацца ў Сібіры ні аднаго дня.
Вяртанне з мёртвых
Яна Скрыгана аднавілі ў правах, ён змог вярнуцца ў Мінск і стаў займаць адказныя пасады: загадваў літаратурна-кантрольнай рэдакцыяй «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», створанай яго сябрам Петрусём Броўкам, працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». У гісторыю беларускай літаратуры Ян Скрыган увайшоў як майстар нарысаў, навел і абразкоў, які меў выдатнае адчуванне мовы. Аб сваёй працы адказным сакратаром камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры пісьменнік з іроніяй згадваў: калі чалавеку «свяціла» прэмія, ён заўважаў Скрыгана здалёк, вітаўся. Але як толькі прэмію ўручалі — яго пераставалі бачыць. Але пра ўсё гэта Ян Скрыган пісаў без злосці, як і распавядаў пра лагерныя часы, якія ён называў «акадэміяй», паколькі знаходзіўся там сярод найінтэлігентнейшых людзей, сапраўднай эліты грамадства.
У 1963 годзе на адрас Саюза пісьменнікаў прыйшоў ліст — аказалася, ад сына Усевалада, якога Ян Скрыган ніколі не бачыў і лічыў загінулым. Высветлілася, што падчас вайны першая жонка Галіна з маленькім сынам трапіла ў Германію і там засталася. Аднойчы Усевалад запрасіў бацьку ў госці. Але як толькі яны пачалі перапісвацца, у доме Скрыганоў стаў з’яўляцца дзіўны малады чалавек, яго было літаральна не выправадзіць. Ян і Ганна адразу зразумелі, адкуль ён. І калі пісьменнік атрымаў запрашэнне ад сына, яго адразу выклікалі і сказалі, што не рэкамендуюць яму ехаць. Сустрэча з сынам так ніколі і не адбылася. Толькі дачка пісьменніка Галіна Іванаўна змагла двойчы ўбачыць брата, калі прыязджала да яго ў 2007 і ў 2011 гадах.
Памятны альбом
Ян Скрыган, па словах дачкі, распавядаў пра лагернае жыццё вельмі мала і неахвотна. Але ён пакінуў па сабе дзённікі з успамінамі, у тым ліку пра высылкі. «Усё жыццё маё — як казка, толькі нядобрая, суровая. Як чужая», — пісаў гэты спакойны, незласлівы і па-добраму іранічны чалавек. Усе рукапісы пісьменніка Галіна Іванаўна апрацавала, нешта з іх выдала ў 2013 годзе асобнай кнігай «Сэрцу горкая далячынь».
Фота аўтара