«Таму што анархістка». Беларускую актывістку звольнілі з працы
Пра гэта паведаміў у фэйсбуку муж дзяўчыны.
Беларускую анархістку Марыну Касінераву звольнілі з працы з фармулёўкай «таму што анархістка». Такая інфармацыя з'явілася ў фэйсбуку: пост пра гэта напісаў на сваёй старонцы муж Марыны вядомы беларускі актывіст анархічнага руху Вячаслаў Касінераў.
«Менавіта з такой фармулёўкай маёй жонцы адмовілі ў працы (на якой яна ўжо нават пачала працаваць). Адмовіла спадарыня Ясінская Інна Іванаўна, дырэктарка камунальна-унітарнага прадпрыемства жыллёва камунальнай гаспадаркі Першамайскага раёна горада Мінску. Канешне, мы разумеем, што такія фармулёўкі не бяруцца з паветра і часцей за ўсё вынік "званочка" ад чэкіста ці міліцыі», — напісаў Вячаслаў.
Актывіст абураны такім учынкам працадаўцы:«Гэты канкрэтны чалавек па сваёй волі ёсць саўдзельнікам рэпрэсій у дачыненні да актывістаў Беларусі. Асабліва мярзотна гэта выглядае ў зрэзе таго, як шмат высілкаў Марына аддае кампаніі dissidentby, праз якую мы разам сапраўды спрабуем дапамагаць максімальна магчымай для нас колькасці пацярпелых ад беззаконня і дыктатуры. Калі мы лічым гэтую ўладу фашыстоўскай, а АМАП на вуліцах бачыцца нам як гестапа, то вось такія людзі, як спадарыня Ясінская — калабаранты і саўдзельнікі ўсіх гэтых з'яў».
Па словах Марыны, яна ўжо працавала, а калі павінны былі заключаць кантракт, то дырэктарка атрымала званок і сказала спачатку пра паперу аб тым, што Марына была ў міліцэйскім пастарунку, а потым і ўвогуле прызналася, што няма паперы, але паколькі дзяўчына анархістка, то яна не жадае праблемаў з законам.
«Вось такія небачныя/непрамыя рэпрэсіі ўжываюць да актывістаў», — каментуе Марына.
Як стала вядома, гэта не першае звальненне дзяўчыны з працы праз палітычныя погляды.
«Адзначу, што з 2017 года ўсе мае звальненні — "таму што анархістка, а я не хачу праблем з законам". І не важна, НДА гэта ці ЖКГ. Калісьці за погляды расстрэльвалі, цяпер жа стыгматызуюць і спрабуюць выціснуць з соцыўма (пакуль не знойдуць за што пасадзіць)», — піша Марына.
Вячаслаў Касінераў заклікаў не пакідаць па-за ўвагай грамадскасці гэтыя рэпрэсіі:«Звяртаюся да знаёмых і сяброў, а таксама журналістаў — давайце зробім кожнага такога чалавека вядомым. Каб іхнія сьветлыя твары былі не толькі побач з добрымі артыкуламі, бо тыя не раскрываюць іх сутнасць. Нехта збівае людзей на вуліцы, нехта трымае і катуе ў турмах і на Акрэсціна, нехта судзіць па загаду, а нехта звальняе праз погляды ці грамадзянскую актыўнасць. Гэта ўсё людзі аднаго сорту, усе яны стаяць між намі і свабодным жыццём».
Паводле facebook.com