«Дзядуля стаміўся»: Як параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі сталі маленькай сенсацыяй

Дзядуля стаміўся. Або захварэў. Або на яго накаціла восеньская дэпрэсія. Або ён увогуле ўжо не той, якім быў раней. І гэтым скарысталіся нейкія людзі, падсунуўшы яму на подпіс дакумент. І ён яго падпісаў. І гэта стала маленькай сенсацыяй.

_zycce___ljudzi___horad___transpart__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

А ўсяго толькі Лукашэнка падпісаў указ, які зацвярджае найважнейшыя паказчыкі і параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2027 год. Згодна з гэтым указам, рост ВУП Беларусі мусіць скласці 1,9% у параўнанні з 2026 годам, інфляцыя не мусіць перавысіць 6%, інвестыцыі ў асноўны капітал плануецца павялічыць на 3,1%.

Экспарт тавараў і паслуг мусіць вырасці на 2,9%, а рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва плануецца павялічыць на 3%.

Дык чаму ж гэта маленькая сенсацыя? Ды таму, што, у адрозненне ад мінулых гадоў і нават дзесяцігоддзяў, гэтыя лічбы ў параметрах прагнозу — цалкам рэальныя. Тут няма якога-небудзь «шапказакідальніцтва» і нават не адчуваецца ўплыву Лукашэнкі. Бо гэта менавіта Лукашэнка ў ранейшыя гады патрабаваў павялічыць ВУП на 4–5% у час, калі на Беларусь навальваліся маштабныя санкцыі, або знізіць інфляцыю да 3–4%, таму што «ён так адчуваў».

Цяпер ужо ў нас узнікае адчуванне, што прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця складзены без «адчуванняў» Лукашэнкі. Нават закралася крамольная думка: ці не здарылася чаго з дзядулем, і ці не падпісвае за яго указы двайнік, як думае многа хто пра Пуціна. Бо Лукашэнку зусім не ўласціва не ўлазіць у такія дакументы са сваімі «пяццю капейкамі».

Але нават калі дзядуля стаміўся і ў яго восеньская дэпрэсія — гэта прывяло да лепшага.

Іншая справа, што і гэтыя параметры будзе выканаць няпроста.

Возьмем, напрыклад, экспарт тавараў і паслуг, які мусіць вырасці на 2,9%. Міністр эканомікі Беларусі Юрый Чабатар выпраменьваў аптымізм, каментуючы гэтыя лічбы. Паводле яго, экспарт будзе расці за кошт выхаду на новыя рынкі краін далёкай дугі. «Усе нашы экспарцёры будуць працягваць атрымліваць падтрымку ў межах дзеючых асноўных механізмаў — указаў № 466 і № 534. Таксама запрацаваў эксперымент па падтрымцы лагістыкі ў краіны далёкай дугі. Усё гэта будзе ствараць пэўны каркас для выканання задач у плане экспарту», — заявіў Чабатар.

То-бок, дзесяцігоддзямі мы хочам выйсці на «новыя рынкі краін далёкай дугі», і ў нас гэта не вельмі атрымліваецца. Цяпер мы ўвялі падтрымку экспарцёраў у гэтыя самыя краіны. Такім чынам, экспарцёры будуць атрымліваць субсідыі для экспарту з беларускага бюджэту, і нават атрымаюць «падтрымку лагістыкі».

Вось тут і ўзнікае пытанне: даходы ад экспарту ў краіны «далёкай дугі» — яны перавысяць гэтыя субсідыі, ці не?

І навошта будзе гэты экспарт, калі аплачвацца ён будзе, па сутнасці, з беларускага бюджэту? Можа, танней проста даць грошы «экспарцёрам», каб яны НЕ цягнулі свае тавары праз паўсвету, «зарабляючы» гэтым толькі страты?

Другая лічба — рост інвестыцый на 3,1%. Паводле слоў Чабатара, яго плануецца забяспечыць за кошт мадэрнізацыі і стварэння новых вытворчасцей. «Мы ўжо не першы год робім стаўку на гэты кірунак. Перш за ўсё гэта мадэрнізацыя рэальнага сектара эканомікі, з'яўленне новых вытворчасцей. Мы сёння арыентуем усе нашы прадпрыемствы на паскораныя тэмпы абнаўлення машын і абсталявання», — сказаў ён.

Па-першае, калі вы робіце на гэты кірунак стаўку не першы год, чаму яно не працуе? Чаму за апошнія некалькі гадоў мы не бачым якіх-небудзь прарыўных «новых вытворчасцей»? Той жа «Вялікі камень» пачаў ператварацца з вытворчай пляцоўкі ў лагістычны хаб, вакцыну супраць кавіду так і не стварылі, пра беларускі электрамабіль нават не кажам, і іншае, іншае, іншае…

Па-другое, і мы пра гэта казалі неаднаразова — тэхналагічныя санкцыі. Ці можна мадэрнізаваць вытворчасць, калі ў краіну нельга ўвезці сучаснае абсталяванне? На тыдні Упраўленне па расследаванні арганізаванай злачыннасці і тэрарызму Румыніі (DIICOT) затрымала восем чалавек, якіх падазраюць у ажыццяўленні «камерцыйнай і тэхнічнай дзейнасці, звязанай з вытворчасцю, продажам і перадачай прамысловага абсталявання двайнога прызначэння, якое магло выкарыстоўвацца як у цывільных мэтах, так і для вытворчасці абсталявання ваеннага прызначэння».

Размова ідзе пра вертыкальны такарны станок VL40 коштам каля 1,75 млн еўра, канчатковым атрымальнікам якога была арганізацыя ў Беларусі.

Ну і па-трэцяе: мадэрнізуем мы вытворчасць. А хто на ёй працаваць будзе? У жніўні гэтага года колькасць звольненых з прадпрыемстваў работнікаў перавысіла колькасць прынятых на працу на 10 263 чалавекі.

Па выніках студзеня-жніўня беларускія прадпрыемствы прынялі на працу 538,5 тыс. чалавек, а звольнілі 578 тыс. Звальненняў было на 39,5 тыс. больш. У параўнанні з мінулым годам колькасць звальненняў вырасла на 7,8%. То-бок, працаваць на прадпрыемствах становіцца няма каму.

І гэтага «няма каму» можа стаць яшчэ больш. Міністэрства абароны з 29 верасня па 2 кастрычніка правяло заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці. Як паведамілі ў прэс-службе міністэрства, мэта гэтых мерапрыемстваў — «удасканаленне зладжанасці дзеянняў работнікаў мясцовых органаў кіравання і арганізацый у ходзе фарміравання тэрытарыяльных войскаў і атрадаў народнага апалчэння».

А каго звычайна клічуць у «партызаны»? Правільна — тых, каго мы называем «эканамічна актыўнае насельніцтва» або «працаздольныя грамадзяне».

Ну і тое, што закладзены ў дакумент рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва знаходзіцца ніжэй за плануемы ўзровень інфляцыі, таксама цікава.

І ўсё ж — мы не можам не пахваліць урад. Ён выдаў добры і збалансаваны дакумент з рэальна дасягальнымі паказчыкамі. Кепска тое, што наша сацыяльная і эканамічная сітуацыя даведзеная да такога стану, што нават дасягальных паказчыкаў дасягнуць вельмі і вельмі складана.

А да таго ж у суседняй Расіі ў наступным годзе з вялікай верагоднасцю магчымы добры такi эканамічны крызіс. Які, як заўсёды, непазбежна ўдарыць і па нас.