Бедныя злыя людзі: Лукашэнку дагэтуль «трыгерыць» 2020-ты
Безумоўна, самай цікавай падзеяй у Беларусі стала інтэрв'ю Лукашэнкі французскаму часопісу Le Point. Варта адзначыць, што да гэтага інтэрв'ю мы пра такі часопіс нават не чулі, што, безумоўна, вялікі плюс для гэтага выдання. І для нас. Гэтым разам было цікава, што казаў Лукашэнка, як ён гэта казаў і як гэта суадносіцца з беларускімі рэаліямі зараз.

Вядома ж, дзве цэнтральныя тэмы, вакол якіх канцэнтравалася размова — дыктатура і Украіна. Што тычыцца дыктатуры, то Лукашэнка ў чарговы раз спрабаваў апраўдаць рэпрэсіі, казаў, што замест палітвязняў у нас «хуліганы», і адмаўляў іх прымусовае выгнанне з Беларусі.
Адказваючы на пытанне карэспандэнткі Ан Ніва пра тое, чаму ў Беларусі няма апазіцыі, Лукашэнка спаслаўся на ўдзел пяці кандыдатаў у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года.
«Як няма апазіцыі? У нас апазіцыя сёння ёсць, якая мае сваё меркаванне. Пяць кандыдатаў у прэзідэнты было на апошніх выбарах», — заявіў ён.
Калі журналістка нагадала пра існаванне беларускай апазіцыі за мяжой, Лукашэнка звярнуўся да свайго традыцыйнага вызначэння, назваўшы палітычных эмігрантаў «збеглымі» і заявіўшы, што нібыта нікога не выганяў з краіны.
«Яны павінны былі, хто вінаваты?.. Так і я кажу: хлопцы, хто там граміў — а ў нас гэта было, — вы адкажаце па законе. Яны зразумелі, што прыйдзецца адказваць, збеглі. Ну, збеглі. Я іх не ўтрымліваў», — сказаў ён.
Шматразовыя факты пераследу сваякоў палітычных эмігрантаў і канфіскацыі іх маёмасці ён таксама адмаўляе.
«Мы сваякоў не хапалі, не саджалі іх у турмы, не ціснулі на іх, уласнасць у іх не адбіралі, хаця маглі гэта зрабіць. Але баяцца вярнуцца, таму што лычы ў іх у пушку. Гэта тыя, хто гэта арганізоўваў. Там ну дзве-тры ці чатыры сотні, я не ведаю, колькі іх там засталося», — сказаў ён.
Гэта цікавы псіхалагічны (а можа, нават псіхіятрычны) момант. Лукашэнка схаваўся ў выдуманы ім самім «пузыр» пра тое, што нехта нешта граміў, і не можа з яго выбрацца. А не можа ён з яго выбрацца таму, што інакш не зможа апраўдаць свае дзеянні перад уласным розумам.
Мякка кажучы, «хваляванні», у выніку якіх Лукашэнка зразумеў, што народ яго не любіць, адбыліся ажно шэсць гадоў таму. А ў галаве ў Лукашэнкі дагэтуль нехта нешта «граміць», і гэтым ён апраўдвае рэпрэсіі ЦЯПЕР, а не ТАДЫ. Знаходжанне ў гэтым эмацыйным пузыры і прыводзіць Лукашэнку да супярэчлівых слоў: з аднаго боку, ТАДЫ ён захаваў дзяржаву і стабільнасць, але нехта дагэтуль нешта «граміць» ЦЯПЕР. І ён не бачыць у гэтым супярэчнасці.
Узяць хаця б законапраект пра амністыю, прымеркаваную да Года беларускай жанчыны. Намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс заявіла, што гэтая амністыя не ўключае тых, хто здзейсніў «экстрэмісцкія злачынствы».
І, зыходзячы з яе слоў, «экстрэмісцкія злачынствы» цяпер зусім не звязаныя з пагромамі тады? І ўвогуле не звязаныя з пагромамі. А з чым яны звязаныя?
25 лістапада Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве са спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Нілсам Муйжніексам. Яны абмеркавалі прымусовую высылку былых палітвязняў з Беларусі, лёс іх дзяцей, якія засталіся ў краіне без бацькоў, і пераслед беларусаў за мяжой.
Тут важны якраз сам факт сустрэчы. Калі спецдакладчык ААН сустракаецца па пытанні палітвязняў — значыць, у ААН прызнаюць наяўнасць у Беларусі палітвязняў. То-бок, увесь свет лічыць, што ў РБ палітвязняў досыць, а тое, што іх няма, кажа адзін Лукашэнка. І хто ў выніку мае рацыю?
А яшчэ Лукашэнка цудоўна агаварыўся наконт Украіны. Кажучы пра тое, што не-не, Пуцін не збіраўся ўцягваць Беларусь у вайну, таму што гэта павялічыла б лінію фронту, а на павялічаную лінію фронту ў Пуціна няма салдат нават з удзелам Беларусі, Лукашэнка прамовіў: «Так, мы абараняем, але наступаць мы не здольныя».
«І калі Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну, гэта ўскладніць сітуацыю на фронце. Таму мы і не збіраемся ўцягвацца ў вайну. Ну, я ўжо не кажу пра ўнутраныя нейкія там наступствы. Гэта ж будзе яшчэ горш», — дадаў ён.
Такім чынам, першае: мы не здольныя наступаць. І другое — могуць быць «унутраныя наступствы», якія нават «яшчэ горш», хаця што можа быць горш за вайну?
Для Лукашэнкі ёсць такія рэчы. Гэтыя рэчы на тыдні яму паказаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. У межах камандна-штабнога вучэння МУС яго падначаленыя адпрацавалі разгон падлеткаў і жанчын.
У першым эпізодзе супрацоўнікі МУС правялі затрыманні падлеткаў, якія сабраліся каля гандлёвага цэнтра для «масавых беспарадкаў». Другі эпізод прадугледжваў несанкцыянаванае мерапрыемства на плошчы з удзелам жанчын.
«Фінальны этап — маштабная спецаперацыя па затрыманні ўдзельнікаў масавых беспарадкаў з перакрыццем вуліцы, працай дронаў, беспарашутным дэсантаваннем байцоў спецпадраздзяленняў з верталёта, блакаваннем участка і арганізацыяй калідора для эвакуацыі людзей», — пахвалілася МУС.
Для Лукашэнкі дзеці і жанчыны, якія выйдуць на вуліцу ў Беларусі, горш за вайну. Супраць іх беларускія сілавікі могуць выкарыстоўваць дроны і верталёты. Ваяваць і наступаць на знешняга ворага гэтыя падраздзяленні, паводле слоў Лукашэнкі, няздольныя. А прызначаныя яны для барацьбы з уласным народам.
Пра што ўсё гэта? Пра тое, што Лукашэнка дагэтуль «трыгерыць» 2020-ты. І, верагодна, ён разумее не розумам, але сэрцам, што насамрэч нічога не скончылася. Нягледзячы на рэпрэсіі, на адладжаны сілавы апарат, на мінулыя гады, Лукашэнка ўсё адно ведае або здагадваецца, што ён можа пачуць падчас чарговага візіту на МЗКЦ ці іншае прадпрыемства.
Напэўна, гэта яму сніцца начамі ў кашмарах. Гэта дагэтуль непакоіць яго душу і прымушае скрыгатаць зубамі.
Пры ўсіх яго закліках «перагарнуць старонку» сам ён перагортваць старонку не збіраецца. Таму што не можа, проста не ў стане гэтага зрабіць. Ён захрас у тым кашмарным для яго 2020-м назаўжды, і ніякі псіхолаг (калі ён у яго ёсць) дапамагчы яму дагэтуль не ў сілах.