Яшчэ адна забытая беларуская мастачка Вільні: гісторыя Вольгі Фёдаравай
Вольга Фёдарава была мастачкай, выкладчыцай і кіраўніцай жаночага хору ў беларускай Вільні. Яе імя захавалася ва ўспамінах сучаснікаў, архіўных дакумэнтах і музейных калекцыях, але сама яе творчасьць дагэтуль застаецца недастаткова дасьледаванай. Гісторыя вяртаньня памяці пра Фёдараву — яшчэ адна спроба аднавіць забытыя старонкі беларускай культурнай спадчыны Вільні.

Партрэт Вольгі Фёдаравай, выкананы Пётрам Сергіевічам у 1944-м
Ня проста так француская філёзафка Сымона дэ Бавуар назвала жанчынаў другім полам, то бок другарадным, схаваным, іншым у сьвятле чалавечай гісторыі — побач з першым, «галоўным» і паноўным мужчынскім полам. Хоць эмансыпацыя жанчынаў актыўна адбываецца ўжо некалькі стагодзьдзяў, асабліва ў ХХ стагодзьдзі, да рэальнай роўнасьці яшчэ далёка. Дагэтуль мы часта маем прыблізныя і стэрэатыпныя ўяўленьні пра ролю жанчынаў у гісторыі, навуцы і культуры. Мы ня ведаем імёнаў многіх жанчынаў, якія спрычыніліся да разьвіцьця нашай культуры і ўславілі яе. Паступова мы адкрываем іх наноў — часам выпадкова, часам на зьдзіўленьне нават адмыслоўцам.
У гісторыі беларускай Вільні гэтая гендарная сьлепата асабліва выразная: мы дагэтуль ня бачым многіх нашых гераіняў. Прыгадаем, як запозьнена, дзякуючы гісторыку Юрыю Бачышчу, мы знайшлі на Бэрнардынах магілу Камілы Марцінкевіч (1834–1900), як запозьнена заўважылі на Былінах пахаваньне мастачкі Ніны Сасноўскай (1892–1978). І зусім нядаўна ўдалося зрабіць прыкметнай магілу на тых жа могілках яшчэ адной выбітнай беларускі Вільні — мастачкі і дырыгенткі Вольгі Фёдаравай (1910–1989).
Глядзіце таксама

Імя мастачкі было вядомае беларускай і летувіскай грамадзе Вільні. Пра яе пісалі Андрэй Чэмер, Леанід Галяк і ейны сябра Янка Багдановіч. Пра яе згадвала ў інтэрвію Галіна Войцік у зьвязку са стагодзьдзем Пётры Сергіевіча, прыгадваючы партрэты выбітных беларусаў, якія ён стварыў. У 1944 годзе ён намаляваў і мастачку Вольгу Фёдараву — «Партрэт мастачкі Вольгі Фёдаравай».
Вольга паходзіла зь сям’і Фёдаравых — Вольгі і Мікіты. Як успамінаў Л. Галяк, які добра ведаў дзяцей Фёдаравых па гімназіі, «Фёдаравы былі па бацьку праўдзівыя расейцы». Не выключана, што мелі яны стараверскае паходжаньне. Вольга Фёдарава нарадзілася 24 красавіка (паводле архіўных дакумэнтаў) або 28 красавіка (паводле надпісу на магіле) 1910 году. Акрамя Вольгі, у сям’і былі браты Юры (Ягор) і Лявон (1908–2003). Аднак уплыў маці, дух Вільні і навучаньне ў Беларускай віленскай гімназіі не зрабілі іх расейцамі — усе сталі беларус-к-амі. Вядома, што ў 1930-я гады браты Юры і Лявон удзельнічалі ў мандалінным ансамблі. Упершыню ансамбль выступіў з канцэртам у этэры Віленскага радыё ўлетку 1931 году.
На адваротным баку здымку з архіву Тацьцяны Скарэне (Зімніцкай) Лявон Фёдараў пазначыў склад ансамблю: Герман Зімніцкі (гітара), Яўген Люткевіч (мандаліна), Леанід Фёдараў (1-я мандаліна), Афанасі Стракоўскі (3-я мандаліна) і Юры (Георгі) Фёдараў (2-я мандаліна). Асаблівую цікавасьць выклікае фінальная заўвага Лявона Фёдарава: ён падкрэсьліў, што да стварэньня іхнага ансамблю Вільня ня ведала ніводнага мандаліннага ансамблю, а аркестар мандаліністаў «Каскад» зьявіўся ўжо пазьней.
Цікава прыгадвае пра Лявона Фёдарава ў сваіх успамінах Лявон Галяк: «Лявон, скончыўшы Віленскую беларускую гімназію, паступіў ва ўнівэрсытэт, але ня скончыў. На жыцьцё зарабляў кіруючы аркестрай. Апошні раз выступаў у цукерні «Югаславія», куды я часамі заходзіў выпіць бузы балканскага пітва з проса».
Юры Фёдараў вучыўся разам з Л. Галяком, але пасьля паўтарэньня чацьвёртай клясы скончыў на год пазьней. Вучыўся, як і сястра Вольга, на мастацкім факультэце УСБ. У 1939 годзе быў змабілізаваны ў армію і забіты.
У 1943–1944 гадох Вольга Фёдарава разам з братам Лявонам лічылася сярод працаўнікоў-«вучыцеляў» Беларускай гімназіі, дзе выкладала маляваньне («рысаваньне», паводле тагачаснага азначэньня). Таксама выкладала гэтую дысцыпліну ў Віленскай беларускай сэмінарыі. Ва ўспамінах «Там, дзе мяне няма» Галіна Войцік мелькам прыгадвае сваіх настаўнікаў ВБГ, сярод якіх і Вольгу Фёдараву, якая выкладала рысаваньне.
Леанід Галяк зусім сьцісла згадаў мастачку ў сваіх успамінах: «Вольга Фёдарава скончыла таксама два гады пазьней за мяне. За часоў жамойцкай і жамойцка-савецкай акупацыі выкладала ў Беларускай гімназіі рысаваньне і кіравала хорам».

Леанід і Вольга Фёдаравы. Фота з альбому Беларускай віленскай гімназіі (з архіву Алега Мінкіна)
Вольга была былой вучаніцай і абсальвэнткай Віленскай беларускай гімназіі. Навучалася разам з Я. Багдановічам. Пазьней паступіла ў Віленскі ўнівэрсытэт на «штукі пекныя», як пазначаў у сваіх успамінах Я. Багдановіч. У 1942 годзе закончыла мастацкі факультэт унівэрсытэту па спэцыяльнасьці «маляваньне, каліграфія». Але яшчэ да вайны пачала настаўнічаць у галіне мастацтва.
Таксама да вайны Вольга Фёдарава арганізавала жаночы хор, якім сама і дырыгавала. Хор В. Фёдаравай часта выступаў як у сьценах Віленскай беларускай гімназіі, так і ў іншых беларускіх навуковых установах, а таксама ў Віленскім унівэрсытэце. У тым хоры пад кіраўніцтвам Вольгі Фёдаравай у 1942–1944 гадах удзельнічала вучаніца Галіна Войцік. У альбоме Беларускай гімназіі (1919–1944) захаваўся здымак, на якім адбітыя як кіраўніца хору В. Фёдарава, так і ейныя вучаніцы.
Дзякуючы музычнай дзейнасьці, яна добра ведала Рыгора Шырму ў віленскі пэрыяд ягонага жыцьця. Пасьля вайны мастачка сустракалася зь ім на канцэртах у Вільні, напрыклад, падчас Беларускай дэкады песьні і танцаў. Пасьля сьмерці Р. Шырмы ў Вільню з Менску ў 1986 годзе прыяжджалі дакумэнталісты зь «Беларусьфільму», каб зьняць стужку пра слыннага харавога дырыгента і фальклярыста. У фільме сваімі ўспамінамі падзялілася і Вольга Фёдарава.

Вольга Фёдарава падчас здымкаў фільма пра Р. Шырму ў Вільні. На здымку: Вольга Фёдарава (самая скрайняя), Шыдлоўскі, Я. Багдановіч, Тулейка і Парфёнаў. Фота з архіву Беларускага музэю ў Вільні.
Варта адзначыць, што пасьля вайны яна працягнула навучаньне. У 1950 годзе скончыла таксама Віленскі дзяржаўны мастацкі інстытут (аддзяленьне жывапісу). Удзельнічала ў мастацкіх выставах з 1950 году. Ейныя творы захоўваюцца ў Летувіскім нацыянальным мастацкім музэі: «Партрэт Галіны Кайрукшціце-Яцынене» (1966), «Бераг Вяльлі» (1967), «На беразе ракі Шуша» (1970) і іншыя. Праца «Кірмаш у калгасе» (1950) захоўваецца ў Музэі Віленскай мастацкай акадэміі. Частка ейных акварэляў і партрэтаў захоўваецца таксама ў прыватных калекцыях.
Крыніца: Летувіскі нацыянальны мастацкі музэй (Lietuvos nacionalinis dailės muziejus).
Пошукі спадчыны мастачкі ўскладняліся яшчэ і тым, што ў базе даных ейныя імя і прозьвішча пададзеныя ў летуанізаванай форме: Ольга Федаравайце (Olga Fiodorovaitė). Таму некаторыя дасьледнікі не пазнавалі ў Федаравайце Вольгу Фёдараву. Мастацкая творчасьць Вольгі Фёдаравай дасюль не дасьледаваная як сьлед.
Ва ўспамінах Янкі Багдановіча, якія яшчэ не друкаваліся і захоўваюцца ў архіве Беларускага музэю імя І. Луцкевіча, ёсьць цікавы чатырохстаронкавы прыпамінак пра сяброўку Вольгу Фёдараву. Якраз гэтае апісаньне падштурхнула мяне да пошуку магілы і зьвестак пра мастачку. Я. Багдановіч спыняецца на ейных чалавечых якасьцях, называючы яе «чалавекам зь вялікім талентам і зраўнаважным характарам». Ён таксама піша пра яе як пра мастачку-акварэлістку. Я. Багдановіч часта наведваў яе ў майстэрні і бачыў ейныя працы як на сьценах, так і ў альбомах. Наведваў ён і ейныя выставы, на якіх яму асабліва запомніліся краявіды. Мастачка зьбіралася намаляваць і ягоны партрэт, але так і не ажыцьцявіла сваёй задумы.
Вольга сябравала зь летувіскімі мастакамі, у прыватнасьці з мастачкай і скульптаркай Зузанай Пранайціце, а таксама з мастачкай і філёзафкай Галінай Кайрукшціце-Яцынене. Першая намалявала партрэт-шарж Вольгі Фёдаравай, які захоўваецца ў Летувіскім нацыянальным мастацкім музэі.
Мужам мастачкі быў у свой час вядомы, але цяпер падзабыты, як і яна сама, Усевалад Кубаеўскі (1912–1986) — беларускі і летувіскі праваслаўны рэгент, харавы дырыгент, сьпявак і кампазытар духовай музыкі. Ён нарадзіўся ў сям’і беларускага праваслаўнага сьвятара зь Дзісны. Духоўную адукацыю атрымаў у Віленскай духовай сэмінарыі, а прафэсійную музычную — у Варшаўскай кансэрваторыі. Зьяўляецца аўтарам шэрагу духоўных музычных твораў і апрацовак. У 1969 годзе архіяпіскап Віленскі і Літоўскі Антоні запрасіў Усевалада Кубаеўскага ўзначаліць архіерэйскі хор Віленскага Сьвята-Духава манастыра. Пад ягоным кіраўніцтвам хор выконваў складаныя духовыя песнапеньні.
Дзяцей пара ня мела. Пасьля нечаканай сьмерці мужа, як згадвае ў кнізе «Беларуская Адысея» (2005–2006) Андрэй Чэмер, Вольга Фёдарава, «здольная мастачка, добрая беларуска», сама нечакана памерла 25 жніўня 1989 году. Пахаваная побач з бацькамі, мужам і братам Лявонам на Былінах. Сёньня беларуская грамада ведае і наведвае магілу мастачкі — таленавітай віленчанкі, а таксама ўшаноўвае памяць ейных ня менш вядомых сваякоў.

Магіла Вольгі Фёдаравай. Фота: Уладзіслаў Гарбацкі
На Былінах ці Ліпоўцы магілы мастачкі, ейнага мужа і бацькоў пазначаныя жалезнымі крыжамі, якія ўжо адчувальна пацярпелі ад часу. Грунтоўная надмагільная пліта ёсьць, бадай, толькі на месцы пахаваньня брата мастачкі — Лявона Фёдарава. Вяртаньне памяці пра таленавітую мастачку і моцную беларуску набліжае нас і да наступнага кроку — абнаўленьня надмагілкаў сям’і Фёдаравых.
Гісторыя часовага забыцьця Вольгі Фёдаравай — прыклад сьціраньня як беларускіх, так і жаночых сьлядоў у разнастайнай віленскай спадчыне. Але гэтая гісторыя адначасова і пра адваротны працэс — вяртаньне імёнаў, аднаўленьне памяці і адкрыцьцё тых старонак нашай гісторыі, якія яшчэ нядаўна заставаліся ў цені. Вяртаючы Вольгу Фёдараву ў беларускую культурную памяць, мы вяртаем сабе частку гісторыі беларускай Вільні, якую ня маем права забываць.

