Беларус з вольнага сьвету. Да стагодзьдзя Янкі Запрудніка
Адразу пасьля стогадовых угодкаў айца Аляксандра Надсана беларуская супольнасьць 9 жніўня адзначае стогадовы юбілей яшчэ аднаго волата беларушчыны — гісторыка, журналіста, а таксама паэта і палітоляга Янкі Запрудніка.

Янка Запруднік. Архіўнае фота
Спачатку з Эўропы, а з 1957 году — зь іншага боку Атлянтыкі — сябра і калега айца Аляксандра Ян Запруднік сьвяціў моцнай агнявежай у заходнім сьвеце беларус-к-ам, якія апынуліся ў эміграцыі. І ня толькі сьвяціў, але і гучаў голасам з вольнага сьвету.
Янка Запруднік лічыцца найстарэйшым супрацоўнікам-журналістам Радыё «Вызваленьне», а з 1964 году — Радыё Свабода, на якім працаваў спачатку ў Мюнхэне, потым у Нью-Ёрку з 1954 па 1991 год. Вяшчаючы яшчэ зь Нямеччыны, многія беларусы ў нявольным сьвеце лавілі забароненую станцыю і чулі бадзёры голас маладога Янкі Запрудніка.
Сваімі журналісцкімі і гістарычнымі тэкстамі ён прадэманстраваў высокі ровень пісьма і аналітыкі. Ягоная кніга «Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях» (1996) стала важным і альтэрнатыўным рэсурсам ведаў па (палітычнай) гісторыі Беларусі ў той час, калі рэжым Лукашэнкі пачаў уваходзіць у сілу і ідэалягізаваць ды кантраляваць навуку. Прыгадваю, што, навучаючыся ў той час у ЭГУ, гэтая кніга лічылася нароўні з двухтомнікам «Нарысы гісторыі Беларусі» ці не асноўным падручнікам па курсе «Гісторыя Беларусі». Вядома, што поўная вэрсія кнігі так і ня выйшла ў Беларусі з прычыны цэнзуры.
Да ўсяго часта забываецца, што Я. Запруднік быў палітолягам. На факультэце палітычных навук у менскім ЭГУ мы цудам мелі ў бібліятэцы ягоны вядомы Historical Dictionary of Belarus (1998), які я шмат выкарыстоўваў пры напісаньні курсавых ды іншых працаў па палітычнай навуцы. А падчас навукі ў паліталягічнай магістратуры ў Страсбургу дадзены слоўнік Я. Запрудніка быў адзінай беларусацэнтрычнай крыніцай у тамтэйшай бібліятэцы, якая дапамагала ў спрэчках з францускімі, часта расейскацэнтрычнымі выкладнікамі саветалягічнай школы Элэн Карэр д'Анкос.
І вяршыняй ягонай адначасова паліталягічнай і гістарычнай думкі варта лічыць дасьледаваньне «Палітычнае змаганьне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906–1917 гг.)». У Arche за 2009 год дасьледаваньне было апублікаванае ў перакладзе з ангельскай зь вельмі цікавай прадмовай аўтара. Гэта ня проста гістарычнае дасьледаваньне, а моцны аналітычны рэсурс для разуменьня сучасных праяваў фэномэну заходне-русізму — напрыклад, лукашызму.
А яшчэ Янка Запруднік быў пісьменьнікам, паэтам і мэмуарыстам. Пад канец жыцьця ён выдаў кнігу вершаў і дзёньнікавых запісаў «Берагу майго зарніцы».
У апошніх інтэрвію ён шкадаваў хіба таго, што не ажыцьцявіў акадэмічнай кар'еры. Эміграцыйныя ды сямейныя турботы, а таксама журналісцкая праца не дазволілі яму цалкам аддацца ўнівэрсытэцкай кар'еры.
А вось аб чым шкадую я, дык гэта тое, што мне так і не ўдалося пабачыцца зь ім ужывую. З 2015 году мы ліставаліся электронна, сп. Янка заўсёды адказваў на мае электронныя лісты і шматлікія пытаньні. Хоць гэта і былі пераважна службовыя лісты, сп. Янка, акрамя адказу, заўсёды знаходзіў слова падтрымкі і цяплыні. Адчувалася, што ён шчыра цікавіўся, чым жыло новае пакаленьне беларусаў. Так, адказваючы на мае пытаньні, ён пастараўся як мага шырэй апісаць сваё бэльгійскае студэнцтва, дапамог мне ў пошуках інфармацыі пра Тодара Мазуру, а яшчэ падзяліўся крытычнымі назіраньнямі на тэму савэтызацыі і дэсаветызацыі ў беларускім кантэксьце.
Зрэшты, цікавае ліставаньне ў нас завязалася на моўную тэму. Беларусы дыяспары рэдка тлумачылі, тэарэтызавалі пытаньне фэмінізацыі мовы, хоць актыўна фэмінізавалі, напрыклад, назвы прафэсіяў. А вось сп. Янка Запруднік цікава і ахвотна адрэагаваў на мой апытальнік наконт фэмінітываў у клясычным правапісе. Перадусім ён і сам актыўна выкарыстоўваў іх, бо для яго «фэмінітыў — элемэнт яснасьці маўленьня (прыкладам, даярка, кухарка, манашка й г. д.)». Дасьціпна і проста сп. Янка патлумачыў адрознасьць у фэмінізацыі ў двух правапісах: «Тарашкевіца фэмінізуе больш, чымся наркомаўка, таму што яна непадпарадкоўваецца міністэрству адукацыі так, як гэта ў выпадку з наркамаўкай».
Янка Запруднік быў і заставаўся да канца беларусам з вольнага сьвету, таму ён адрозьніваўся ад суродзічаў бацькаўшчыны аптымістычнасьцю, адкрытасьцю, але і большай крытычнасьцю. І так часта мне прыгадваюцца ягоныя словы, напісаныя і агучаныя публічна напярэдадні свайго 90-годзьдзя: «А мы — духам маладыя. Наша маладосьць у тым, што нам усё мала, каб было досьць. Вечна нечага ўсё хочацца: новых вестак, новых адчуваньняў, новых намераў...»