889 палітвязняў і больш за 2 тысячы ліквідаваных НКА. Хронікі рэпрэсій 7 верасня

 У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі: 889 палітвязняў застаюцца за кратамі, за месяц яшчэ 16 чалавек прызналі палітвязнямі. Улады працягваюць ліквідаваць незалежныя арганізацыі, пашыраць «экстрэмісцкія» спісы і пераследаваць беларусаў за мяжой. 

1_1097_1.png

Рэпрэсіі ў Беларусі становяцца менш прыкметнымі, але не спыняюцца

На канец жніўня ў беларускіх месцах пазбаўлення волі заставаліся 889 палітычных зняволеных, у тым ліку 124 жанчыны. За месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 16 чалавек. Пры гэтым мінімум 185 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз стан здароўя, узрост або ўмовы зняволення.

Паводле падрыхтаванага «Вясной» агляду сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні, рэпрэсіўныя практыкі паступова трансфармуюцца: на змену частцы паказальных пераследаў прыходзяць менш прыкметныя формы ціску. Улады працягваюць маніторыць анлайн-актыўнасць беларусаў, пераследаваць за крытыку і нелаяльнасць, а таксама выкарыстоўваць трансгранічны пераслед — ад крымінальных спраў і вышуку да спробаў вярбоўкі, ціску праз родных і канфіскацыі маёмасці.

Пераслед не заканчваецца і пасля вызвалення з турмы. Былыя палітвязні і іх сем'і сутыкаюцца з выклікамі ў міліцыю, пагрозамі абмежавання выезду і спробамі схіліць да супрацоўніцтва. Адначасова пашыраецца выкарыстанне «экстрэмісцкіх» механізмаў: за жнівень у адпаведны пералік дадалі 25 чалавек, а за год — ужо 687. Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўніўся паводле 110 судовых рашэнняў і перавысіў 10 тысяч пазіцый.

У месцах зняволення працягваюць фіксавацца катаванні і жорсткае абыходжанне — збіццё, выкарыстанне электрашокераў, ізаляцыя, холад і пазбаўленне медыцынскай дапамогі.

З 2020 года ў Беларусі ліквідавалі больш за 2 тысячы НКА

З 2020 года да канца жніўня 2026 года ў Беларусі ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі не менш за 2072 некамерцыйныя арганізацыі — аб'яднанні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі. Такія звесткі прыводзіць праваабарончая арганізацыя Lawtrend, піша «Позірк».

Паводле Lawtrend, не менш за 1264 НКА былі прымусова ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ не менш за 808 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.

Асобна працягваецца прымусовая ліквідацыя рэлігійных арганізацый, якія не прайшлі абавязковую перарэгістрацыю да 5 ліпеня 2025 года.

У жніўні, акрамя ліквідацыі НКА, працягваліся крымінальны і адміністрацыйны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, прызнанне інфармацыйных рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і розныя формы ціску на беларускіх актывістаў за мяжой.

Праваабаронцы таксама адзначаюць пашырэнне абмежавальнага заканадаўства на формы калектыўнай актыўнасці, непасрэдна не звязаныя з палітыкай. У Гродне патрабаванні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах пачалі прымяняць да інтэлектуальна-забаўляльных гульняў — квізаў, якія раней праводзіліся без адпаведнага дазволу.

Прадпрымальніцу з Мазыра маглі пераследаваць за «Гаюн»

Гомельскі абласны суд прызнаў 47-гадовую жыхарку Мазыра Аксану Клепацкую вінаватай паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле папярэдніх звестак, ёй маглі прызначыць абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Дакладнае пакаранне і сутнасць абвінавачванняў пакуль высвятляюцца праз закрытасць судовага працэсу, паведамляе «Гомельская Вясна».

Паводле праваабаронцаў, адразу абедзве часткі арт. 361-4 КК у апошні год улады выкарыстоўваюць, у прыватнасці, у пераследзе людзей, якіх падазраюць у перадачы інфармацыі маніторынгаваму Telegram-каналу «Беларускі Гаюн». Аднак у выпадку Клепацкай сутнасць абвінавачванняў пакуль невядомая.

Вядома, што Клепацкая — індывідуальная прадпрымальніца ў сферы рознічнага гандлю. Раней яна была дырэктаркай кавярні «Блін бяры».

У Гомелі асудзілі кіраўніка пошукавага аб'яднання і яго жонку

Ігар Свірыдзенка шмат гадоў займаўся пошукам парэшткаў загінулых падчас Другой сусветнай вайны і ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ягоная жонка Алена Свірыдзенка працавала старэйшай медсястрой у дзіцячай рэанімацыі. Цяпер іх абодвух асудзілі паводле палітычнага артыкула, паведамляе «Наша Ніва».

Гомельскі абласны суд прызнаў Ігара і Алену Свірыдзенкаў вінаватымі паводле ч. 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Ігару Свірыдзенку прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі або абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, Алене — абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»). Дакладныя тэрміны пакарання ў зыходнай інфармацыі не пазначаныя.

73-гадовага былога вайскоўца асудзілі паводле палітычнага артыкула

Канстанціна Кахноўскага з Ваўкавыска судзілі ў Гродзенскім абласным судзе. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

Кахноўскі — былы вайсковец, выпускнік Ваеннага інжынерна-тэхнічнага ўніверсітэта ў Ленінградзе. У 1980-я гады ён служыў у Кабуле ў складзе савецкага кантынгенту ў Афганістане.

Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК — распальванне іншай сацыяльнай варожасці, а таксама ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Паводле папярэдніх звестак, Кахноўскаму маглі прызначыць абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.