Украіна разглядае варыянт падчас наступлення замяняць людзей рабатызанымі комплексамі

Украінская аперацыя «Вівальдзі» адбылася дзякуючы шырокаму выкарыстанню НРК — наземных рабатызаваных комплексаў. Цяпер ваеннае кіраўніцтва Украіны думае ўвогуле замяняць людзей рабатызанымі комплексамі падчас наступальных дзеянняў. А Расію распачатая ёю вайна ўсё больш знясльвае. Ідуць 1681-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

669436469_1308164954829913_5274250168015763091_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 209 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 кастрычніка.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 13 атак расіян у раёнах Графскага, Сямёнаўкі, Малой Воўчы, Казачай Лапані, Цярновага і Ізбіцкага.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 16 атак у раёнах Аляксеева-Дружкоўкі, Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі, Доўгай Балкі, Мікалаеўкі і Пятроўкі.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 33 атакі ў раёнах Сяргееўкі і Маладзецкага, а таксама ў кірунках Гулівага, Светлага, Новамікалаеўкі, Вольнага, Кучарава Яру, Стэпаў, Біліцкага і Вадзянога.

На Гуляйпольскім і Ліманскім кірунках адбіта па шэсць атак на кожным.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заслухаў даклад аб ходзе і выніках аперацыі «Вівальдзі», паведаміла прэс-служба кіраўніка Украіны. Камандзір 3-га корпуса Андрэй Білецкі расказаў, што за тры «сезоны» ўкраінскія ваенныя вярнулі пад кантроль 176 квадратных кіламетраў тэрыторыі.

Сярод вызваленых населеных пунктаў — Навасёлаўка, Аляксандраўка, Яравая, Дробышава, Карпаўка, Новаміхайлаўка, Сярэдняе, Шандрыгалава, Дзерылава, Рэдкадуб і Кацярынаўка. Таксама ўкраінскія сілы захапілі Новае — важны расійскі хаб на плацдарме.

Адным з галоўных вынікаў аперацыі стаў зрыў планаў расійскіх войскаў па прарыве ў тыл Славянска-Краматорскай агламерацыі.

Асаблівасцю «Вівальдзі» стала актыўнае прымяненне наземных рабатызаваных комплексаў (НРК). Украінскія ваенныя выкарыстоўвалі НРК-камікадзэ з аднаразовымі грананамётамі, дэсантаванне рабатызаваных комплексаў з дапамогай цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў. НРК на базе БТР прымянялі для знішчэння расійскіх апорных пунктаў — гэта дапамагло зайсці ў Новае і Кацярынаўку.

Як адзначае прэс-служба Зяленскага, падчас сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць падчас наступальных дзеянняў замяняць людзей рабатызанымі комплексамі.

* * *

У ноч на 1 кастрычніка Расія атакавала Украіну 107 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (63 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 87 БпЛА.

Расійскія войскі нанеслі ўдар па Адэсе, у выніку атакі пашкоджаны бізнес-цэнтр, пацярпеў адзін чалавек.

Вечарам 30 верасня ў выніку расійскай атакі на Кіеўскую вобласць пацярпела жанчына ў Барыспальскім раёне. У пяці раёнах вобласці пашкоджаны дамы, аўтамабілі і навучальная ўстанова.

Вечарам 30 верасня расійскія войскі атакавалі складскія памяшканні ў Кіеве. Ёсць пацярпелы. Таксама ў Саломенскім раёне з-за расійскага ўдару ўспыхнуў пажар у кавярні на першым паверсе жылога дома.

У ноч на 1 кастрычніка расійскія войскі больш за дзесяць разоў атакавалі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці дронамі. Загінуў 44-гадовы грамадзянскі мужчына.

30 лістапада тройчы за дзень Мінабароны Малдовы паведамляла аб парушэнні паветранай прасторы краіны «аб'ектам, які прыляцеў з боку Украіны». Па словах міністра абароны Малдовы Анатоля Насатага, адзін з беспілотнікаў быў рэактыўным.

Адзін з беспілотнікаў праляцеў у паветранай прасторы Малдовы каля 60 кіламетраў і выбухнуў на вышыні 40 метраў каля апоры лініі сувязі.

* * *

829712461_28629546153351475_617710225481666761_n.jfif

* * *

Актыўнае паляванне Сіл абароны Украіны на расійскія ракетныя комплексы прымусіла акупантаў адвесці частку пускавых прыкладна за 200 км ад мяжы, піша РБК-Украіна.

Па інфармацыі суразмоўцаў РБК-Украіна, за апошнія тыдні ўкраінскія ваенныя актывізавалі паляванне за ракетнымі комплексамі арміі РФ. І калі раней расіяне запускалі балістыку з пускавых установак за 100 кіламетраў ад мяжы, то тактыка Украіны прымусіла расіян адвесці частку пускавых установак далей — прыкладна за 200 кіламетраў ад мяжы.

Суразмоўца РБК-Украіна звярнуў увагу, што гэта стварае пэўныя абмежаванні па далёкасці для такіх ракет, як РМ-48У класа «зямля-зямля» для комплексаў С-300 і С-400, далёкасць якіх не перавышае 250 кіламетраў.

* * *

Эканоміка Расіі знаходзіцца на мяжы «вялікага крызісу» з-за ваенных выдаткаў, міжнародных санкцый і ўкраінскіх удараў па расійскай энергетычнай інфраструктуры, піша Axios са спасылкай на ацэнку Дацкай службы абароннай разведкі.

«Расійская эканоміка знаходзіцца на мяжы буйнога крызісу, выкліканага ваеннымі выдаткамі, міжнароднымі санкцыямі і ўкраінскімі ўдарамі па расійскай энергетычнай інфраструктуры», — гаворыцца ў дакуменце.

На гэтым фоне дацкая разведка чакае ўзмацнення гібрыдных атак Расіі супраць Захаду і НАТА. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб разбуральных кібератаках і дыверсіях супраць прадпрыемстваў і транспартных маршрутаў, якія забяспечваюць дапамогу Украіне.

Раней у справаздачы разведкі ЕС паказвалася, што Расіі пагражае «выбухны» банкаўскі крызіс, паколькі фінансавыя ўстановы бяруць на сябе значную частку цяжару ваеннай эканомікі краіны.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін плануе паралізаваць Кіеў да наступлення зімы, каб максімальна ўзмацніць грамадскае напружанне і дэстабілізаваць палітычную сітуацыю ва Украіне, піша The Economist са спасылкай на ўкраінскіх высокапастаўленых чыноўнікаў.

Па іх словах, гаворка ідзе аб ракетных і дранавых ударах, дыверсіях і інфармацыйных аперацыях. Пік кампаніі чакаецца ў лістападзе.

Два суразмоўцы выдання заявілі, што глава Крамля загадаў атакаваць усе грамадзянскія аб'екты ў Кіеве. «Пуцін яшчэ больш з'ехаў з глуузду… Яны хочуць, каб людзі баяліся хадзіць у супермаркеты», — сказаў адзін з чыноўнікаў.

Апошнімі тыднямі расійскія войскі актывізавалі ўдары па грамадзянскіх аб'ектах у Кіеве, уключаючы харчовыя склады і дата-цэнтры. Адначасова працягваюцца атакі на сістэму энергетыкі, водазабеспячэння і каналізацыі.