Вольгу Харламаву асудзілі на 10 гадоў, былога супрацоўніка КДБ — на 14. Хронікі рэпрэсій
Беларускія суды вынеслі новыя жорсткія прысуды па палітычна матываваных справах. Публіцыстка і медыяэкспертка Вольга Харламава атрымала 10 гадоў калоніі, былы супрацоўнік КДБ Ігар Сутырка — 14. Таксама стала вядома пра завочны прысуд беларусу Юрыю Белавусаву і крымінальную справу супраць сябра БХД Валерыя Васільева.

Вольгу Харламаву асудзілі на 10 гадоў калоніі
Палітзняволеную паліталагіню, публіцыстку і медыяаналітку Вольгу Харламаву асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама ёй прызначылі штраф у памеры 1500 базавых велічынь — 67 500 рублёў.
Пра прысуд паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook Андрэй Стрыжак.
Вольгу Харламаву затрымалі ў чэрвені 2025 года. Яе абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса. З моманту затрымання яна знаходзілася ў СІЗА-1.
Харламава — экспертка ў галіне міжнароднай палітыкі і бяспекі. Яна каментавала падзеі ў Беларусі і свеце для беларускіх і замежных медыя, працавала аналітыцай праекта Media IQ. Разам з Ігарам Тышкевічам стварыла відэацыкл беларускай аналітыкі «Механізмы палітыкі».
Былога супрацоўніка КДБ з польскім грамадзянствам асудзілі на 14 гадоў
Мінскі гарадскі суд 19 лістапада вынес прысуд палітзняволенаму Ігару Сутырку — былому супрацоўніку КДБ, які мае беларускае і польскае грамадзянствы. Яго прызналі вінаватым у здрадзе дзяржаве паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса і прызначылі 14 гадоў калоніі. Таксама мужчыну прысудзілі вялікі штраф, памер якога пакуль удакладняецца.
Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Ігара Сутырку затрымалі сем месяцаў таму, калі ён прыехаў у Беларусь пасля некалькіх гадоў жыцця ў Польшчы.
Беларуса завочна асудзілі на пяць гадоў за ўдзел ва ўзброеным фармаванні за мяжой
19 лістапада 2026 года суд Маскоўскага раёна Мінска завочна вынес прысуд Юрыю Белавусаву. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса — за ўдзел ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі іншай дзяржавы. Мужчыну прызначылі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Пра гэта паведамляе «Вясна».
Падрабязнасці справы і назву ўзброенага фармавання, у якім, паводле абвінавачання, удзельнічаў Белавусаў, не раскрылі.
У Бабруйску сілавікі прыходзілі да маці сябра БХД
Супраць сябра партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» з Бабруйска Валерыя Васільева завялі крымінальную справу паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса — за заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі — і арт. 356 — за здраду дзяржаве.
Васільеў з 2022 года жыве ў Польшчы. 27 мая да яго маці ў кватэру прыйшлі ўчастковы міліцыянт і супрацоўнік КДБ. У якасці панятых запрасілі суседзяў.
Маці Васільева расказала, што ёй не дазволілі сфатаграфаваць пастанову або перапісаць з яе звесткі. На словах сілавікі назвалі артыкул 361, але жанчына не запомніла яго частку. Таксама яны згадалі абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве.
Пракуратура Гродзенскай вобласці заявіла пра распаўсюд школьнікамі «экстрэмісцкіх» матэрыялаў
Пракуратура Гродзенскай вобласці праверыла, як у рэгіёне папярэджваюць уцягванне непаўналетніх у тое, што ўлады называюць «экстрэмісцкай» і іншай «дэструктыўнай дзейнасцю». Ведамства заявіла, што школьнікі працягваюць распаўсюджваць у інтэрнэце матэрыялы, якія ўнесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх», а таксама нацысцкую сімволіку.
Пракуратура паведаміла пра два выпадкі. Паводле яе звестак, вучань адной з гродзенскіх гімназій размяшчаў у Telegram нацысцкую сімволіку і каментары, якія, на думку ведамства, «дыскрэдытавалі дзяржаўныя і грамадскія інстытуты».
У іншым выпадку 15-гадовая школьніца распаўсюджвала ў мэсэнджары матэрыялы з рэспубліканскага спісу «экстрэмісцкіх». Пра магчымыя наступствы для падлеткаў і тое, ці распачыналіся ў дачыненні да іх адміністрацыйныя або крымінальныя справы, у паведамленні не гаворыцца.
Старонку «Страны для жизни» ў Threads унеслі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі старонку «Страны для жизни» у сацыяльнай сетцы Threads. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці 17 лістапада 2026 года.
Акрамя гэтага, у спіс унеслі акаўнт «Tory» у TikTok.