Мільёны на паперы: Белстат і ўлады працягваюць маляваць «беларускі эканамічны цуд»
Беларускія ўлады ў чарговы раз адрапартавалі пра тое, «як добра ў краіне савецкай жыць». Паводле даных Белстата, вядома. Але нават даныя Белстата выклікаюць сумневы або ў іх праўдзівасці, або ў адэкватнасці нашай эканамічнай палітыкі. А хутчэй за ўсё — і тое, і другое.

Скрыншот з YouTube
Па-першае, пра добрае. Белстат кажа, што рэальныя распалагаемыя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені-чэрвені выраслі на 8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым нават афіцыйным прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026 год, зацверджаным указам Лукашэнкі, прадугледжаны рост даходаў насельніцтва толькі на 4,8%. Мы ідзем з апярэджаннем амаль у два разы.
У структуры грашовых даходаў насельніцтва ў студзені-траўні 2026 года пераважае аплата працы — 66,4%. Трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і да тп.) займаюць другое месца з 22,3%. Даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, на трэцім месцы са сціплымі 6,7%.
Звернем увагу, што «аплата працы» і «трансферты насельніцтву» — фактычна, дзяржаўныя выдаткі (бо значная частка нібыта «прыватных» прадпрыемстваў у РБ мае дзяржаўны складнік) складаюць 88,7%.
Аб'ём прамысловай вытворчасці ў студзені-ліпені таксама падняўся. Ён вырас у супастаўных цэнах на 0,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года, сведчаць даныя Белстата.
Вельмі цікава, праўда? Калі аб'ём прамысловай вытворчасці вырас толькі на адну дзясятую (!) працэнта, то як даходы грамадзян, асабліва ў частцы зарплаты, маглі вырасці на 8 працэнтаў? Гэты невытлумачальны феномен адбываецца не ў першы раз, і дагэтуль хвалюе розумы не толькі эканамістаў, але (часам) і беларускую ўладу. Яшчэ ў 2013 годзе Лукашэнка заявіў, што незаробленых грошай быць не павінна, падкрэсліўшы, што зарплату павінны атрымліваць толькі тыя, хто рэальна стварыў і прадаў тавар.
У нас працэнтны рост даходаў насельніцтва перавысіў рост аб'ёму вытворчасці (яшчэ да продажу, варта адзначыць) у 80 разоў. Гэта нармальна?
Пры гэтым не сказаць, што астатнія навіны сведчаць пра нейкія масавыя поспехі эканомікі. Беларускі рубель падае па адносінах да долара і еўра з канца ліпеня, і 17 жніўня ўпершыню з сакавіка гэтага года перавысіў адзнаку 3 рублі за долар. Кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка тлумачыў гэта тым, што «апошняе аслабленне беларускага рубля да долара звязана ў першую чаргу з аслабленнем расійскага рубля па адносінах да долара». То бок, усё, як звычайна, баяцца няма чаго.
Толькі гэтае пытанне ўжо сярэднетэрміновай перспектывы. Расійская эканоміка «не выцягвае» працяглую вайну ва Украіне, і калі яна, расійская эканоміка, упадзе — гэта, падобна, толькі пытанне часу. Прычым, не такога аддаленага. Уяўляеце, як мы паляцім услед за Расіяй?
Дарэчы, вы ведалі, што ў Беларусі адменена рэгуляванне цэн? Вось і я не ведаў. А пра гэта заявіў цэлы першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў на сустрэчы з кіраўніцтвам МАРТ, Мінбудархітэктуры, Дзяржстандарту, аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, прадстаўнікамі найбуйнейшых гандлёвых сеткавай і імпарцёраў.
Што ж Снапкоў мае на ўвазе? Тое, што ў ліпені 2026 года ўрад скараціў пералік тавараў, які падлягае цэнаваму рэгуляванню з 199 да 76 пазіцый, патлумачыўшы гэтае рашэнне «стабілізацыяй цэнавай сітуацыі». І, на думку Снапкова, скарачэнне спісу — адмена рэгулявання цэн.
На сустрэчы прадстаўнікоў гандлёвых сетак і імпарцёраў папярэдзілі, што цэнавае рэгуляванне можа быць адноўлена, калі будуць заўважаныя прыкметы неабгрунтаванага росту цэн або «узмацненне ціску знешніх фактараў».
Аслабленне беларускага рубля ў адносінах да долара — для імпарцёраў гэта «узмацненне ціску»? І які гэта фактар — знешні ці унутраны? Яно адбылося ж у Беларусі, але «па віне» расійскага рубля?
Я думаю, імпарцёрам усё роўна. У іх закупка прадукцыі падаражэла, а цэны падымаць яны не могуць, пра што іх персанальна папярэдзіў Снапкоў. Такая вось «адмена рэгулявання цэн» у Беларусі, разумееце?
Ну і апошняе, паказальнае. Расійскае выданне «Ведомости», спасылаючыся на словы гендырэктара МТЗ Тараса Муроага, паведаміла, што Мінскі трактарны завод разглядае планы па скарачэнні дылерскай сеткі ў Расіі.
Расія займае 55% у структуры экспарту завода ў грашовым выражэнні. Прычына скарачэння дылерскіх цэнтраў: «У цэнавым дыяпазоне мы ўжо не вельмі можам канкураваць з замежнай тэхнікай, у тым ліку кітайскай, мы параўналіся па цэнах…»
Аў, работнікі МТЗ? У вас сапраўды выраслі даходы?