Знаёмства-разьвітаньне. Памяці Евы Вежнавец

Сьмерць Евы Вежнавец стала адной з самых балючых навінаў для беларускай культуры. Уладзіслаў Гарбацкі дзеліцца асабістым успамінам пра кароткае знаёмства зь ёй — размову пра беларускую мову, Вільню, фэмінітывы, матуль «адтуль» і кнігу з подпісам, які цяпер гучыць асабліва шчымліва.

Фота: dziejaslou.by

Фота: dziejaslou.by

Усе мы цяпер у засмучэньні-агаломшаньні ад навіны, якой баяліся апошнім часам, бо ведалі, што дужа хворая нашая зямная анёліца — Ева Вежнавец. Здаўна як сама пісьменьніца, так і ейныя тэксты, а яшчэ больш ейныя інтэрвію і журналісцкія тэксты, сфармавалі для мяне такі вобраз цалкам зямной, рэалістычнай, з заўсёднымі паганскімі змрочынкамі ўпярэмяшку з упартым аптымізмам, анёліцы. Зь вялікай ахвотай чытаў ейныя тэксты, шукаў і чакаў іх. Падаецца, інтэрвію зь ёю — асабліва пасьля 2020 году — гэта асобны жанар творчасьці і дзейнасьці пісьменьніцы. Строга, рэалістычна, мудра, але і пагрозьліва яна разразала нашую рэчаіснасьць выгнаньня, яшчэ больш удала і крытычна бралася за рэжым і рэжымнікаў, упарта і так ядрана падкрэсьліваючы ня іхную часовую перамогу сёньня, а іхную тупасьць і кароткатэрміновую слаўнасьць, магчымую выключна ў межах расейскай арбіты. Ева Вежнавец зачароўвала і схіляла на свой бок як прынцыповай беларускасьцю, так і тым, што не далікатнічала і не рассыпалася, як многія старэйшыя пісьменьніцы і пісьменьнікі, перад расейскай культурай і мовай, якія называла сваімі словамі: «імпэрыялісцкімі» ды «гвалтоўнымі».

Глядзіце таксама

Гэтая анёліца была мэтаркай кароткай прозы, бо буйной прозы яна і не (на)пісала, хоць гэтага чакалі і выдаўцы, і крытыкі. Да ўсяго ж для мяне яна была найлепшай беларускай празаіцай XXI стагодзьдзя, найлепшай творцай нашай сучаснай літаратуры. Яна прадэманстравала на прыкладзе дзьвюх кнігаў — «Шлях дробнай сволачы» і «Па што йдзеш, воўча?» — сваю геніяльнасьць і непатрэбу пісаць вялікай, тоўстай кнігі, каб памерам нешта камусьці давесьці, каб стаяць нязграбнай камлыгай на паліцы. Адной аповесьцю «Па што йдзеш, воўча?» яна ўзьнеслася ў захмар’е беларускай літаратуры, куды больш нікому не ўзьляцець. Сваёй кампактнай «балотнай казкай» пра беларускія траўмы ХХ стагодзьдзя на прыкладзе аднаго роду, асабліва праз жаночыя лёсы-партрэты, яна зваявала літаратурны алімп і сталася творам-сымбалем эпохі. У эўрапейскім маштабе параўнаць Еву Вежнавец я ўзяўся б хіба зь іншай чараўніцай слова, якая таксама шмат працуе з траўмамі зваяваных народаў на прыкладзе жаночых лёсаў, — фінскай пісьменьніцай Софі Оксанэн. Падобная ў пісьменьніц і часам змрочаная, паганская манера пісьма.

На жаль, толькі ў лютым 2026 году мне ўдалося ўжывую пазнаёміцца зь пісьменьніцай у Вільні, куды яна завітала па запрашэньні выдавецтва «Пфляўмбаўм» на Кніжны кірмаш. Прыйшла яна і на імпрэзу ў бар «Paviljonas», дзе адбывалася наша дыскусія з аўтаркамі і перакладніцамі новых кнігаў выдавецтва «Пфляўмбаўм». Ева ўвайшла ў бар, узяла келіх чырвонага віна і так проста сказала: «Я прыехала да вас, каб наслухацца беларускай мовы». Спачатку мяне зьдзівіла гэта, бо думалася, як гэта пісьменьніцы, якая жыла з мовай, у мове ды яшчэ ў Варшаве, у якой цяпер можна лёгка пачуць беларускую мову, не хапае яе? Але і без майго пытаньня Ева патлумачыла: «Ведаеце, я так люблю Вільню! Варшаву таксама, але там запрасторна — мова проста разьлятаецца, разьбягаецца, а вось у Вільні яна затрымліваецца ў камяніцах, у гэтай утульнай прасторы старога места». Мы загаманілі так лёгка і проста, быццам ведаліся здаўна. Мы і пажартавалі, і пагаварылі аб сур’ёзным: напрыклад, пра фэмінітывы, якіх, дарэчы, вельмі трымалася пісьменьніца. Пасьпелі крыху пагаварыць і пра прыклад летувісаў для беларусаў у пытаньні самапавагі і змаганьня за сваё.

Калі ж я перадаў ёй вітанкі ад маёй віцебскай матулі, Ева літаральна запалала ад прыемнасьці, сказаўшы: «Дзякуй! Асабліва прыемна мне гэтае вітаньне "адтуль", ад матулі "адтуль". Думаю, цяпер Беларусь толькі і трымаецца дзякуючы ўсім нашым матулям, якія "там"...» Увушшу гучыць мне той адказ Евы, уваччу стаіць ейны бляск вачэй.

Я скарыстаўся момантам і набыў на імпрэзе летувіскі пераклад ейнай кнігі «Па што йдзеш, воўча?», які якраз тады прэзэнтавалі ў Вільні ў прысутнасьці самой пісьменьніцы, а таксама перакладніцы Юргіце. Так хораша і шчымліва пісьменьніца падпісала кнігу майму партнэру: «Незнаёмаму, але дарагому Данатасу ад аўтаркі — з надзеяй, што чытво ня будзе пакутай. Ева». Для яе многія незнаёмыя былі дарагія і блізкія, а слова «пакута» не было проста слаўцом, яна зьведала многія ягоныя сэнсы.

Фота з асабістага архіву аўтара

Фота з асабістага архіву аўтара

Тужліва цешуся, што пасьпеў пазнаёміцца і пагаманіць зь ёю, хоць не разьлічваў, што нашае знаёмства перакінецца разьвітаньнем назаўжды...