Панкі супраць дыктатуры
Панк-субкультура, якая ў 2026 годзе адзначае 50-годдзе, — гэта не толькі Sex Pistols, іракезы, англійскія шпількі ў вушах і лозунг «No Future!». Гэта яшчэ і гісторыя пра тое, як панкі супрацьстаялі таталітарнай машыне ГДР.

Гурт Zwitschermaschine — адна з важных групаў панк-сцэны ГДР. Фота: Wolfgang Grossmann / public domain.
1976 год прынята лічыць ключавым годам выбуху панку як культурнага руху, хоць яго карані сягаюць раней. У канцы 1970-х панк дабраўся і да ГДР. Спачатку дзяржава ўспрымала яго як касметычны дэфект на выгладжанай паверхні сацыялістычнага грамадства. Але з часам субкультура перастала здавацца бяскрыўднай. У 1982–1983 гадах заходнія СМІ ўсё часцей пісалі пра ўсходненямецкіх панкаў як пра доказ праблемаў і супярэчнасцяў усходнегерманскай сістэмы. Паралельна самі панкі наладжвалі кантакты з Захадам, друкаваліся ў заходніх фанзінах і выпускалі музыку за мяжой. Улады зразумелі, што губляюць кантроль над часткай моладзі.
У вачах Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ГДР, або Штазі, панк перастаў быць проста моладзевым захапленнем. У афіцыйных дакументах панкаў адносілі да «негатыўна-дэкадэнцкай» моладзі, гаварылі пра «асацыяльныя» паводзіны, а сам панк тлумачылі як вынік заходняга культурнага ўплыву. Такія фармулёўкі дапамагалі абгрунтоўваць усё больш жорсткае ўмяшанне спецслужбаў і іншых дзяржаўных органаў.
Кульмінацыяй стала кампанія «Härte gegen Punk» («Жорсткасць супраць панку») летам 1983 года. Кіраўнік Штазі Эрэх Мільке загадаў дзейнічаць супраць панкаў жорстка. Гэта была сістэмная акцыя, накіраваная на тое, каб выбіць самую аснову руху. Рэпрэсіі не былі кропкавымі; яны абрушваліся на панкаў па ўсёй ГДР.
Маладых людзей з іракезамі і ў ірванай вопратцы затрымлівалі на вуліцах і ў месцах іх звычайных збораў. Арышты часта праходзілі з асаблівай жорсткасцю. Затрыманых маглі трымаць у ізалятарах суткамі, запалохваць і выкарыстоўваць любую магчымасць, каб зламаць іх волю да супраціву. Панкаў выціскалі з публічнай прасторы: ім маглі забараняць наведваць пэўныя клубы і іншыя месцы, а канцэрты і саміх музыкаў бралі пад кантроль. Для пераследу выкарыстоўвалі шырокі набор крымінальных артыкулаў — ад «асацыяльнасці» да «знявагі дзяржаўных органаў і асобаў».
Адным з асабліва цынічных метадаў стаў прызыў панкаў у Нацыянальную народную армію. Ваенная служба ў ГДР была абавязковай, але ў дачыненні да нязручнай моладзі яе маглі выкарыстоўваць як інструмент ізаляцыі. Улады выдатна разумелі, што субкультура трымаецца на пачуцці агульнасці. Адправіўшы бунтароў у Нацыянальную народную армію, іх не проста ізалявалі ад сяброў і аднадумцаў, але яшчэ і змяшчалі ў асяроддзе з жорсткай дысцыплінай і татальным кантролем, дзе любая праява іншадумства знішчалася.
Самым радыкальным спосабам вырашэння «панк-праблемы» стала гвалтоўнае выдварэнне з краіны. Частку панкаў прымусілі выехаць у Заходнюю Германію.
Паралельна з сілавымі метадамі Штазі стварала сістэму татальнага сачэння. За панкамі, якія засталіся на свабодзе, было ўстаноўлена шчыльнае назіранне. Аднак галоўнай зброяй тут былі не толькі тэхнічныя сродкі, але і людзі.
Штазі актыўна вярбавала інфарматараў — так званых Inoffizielle Mitarbeiter (IM), неафіцыйных супрацоўнікаў. Іх укаранялі ў розныя асяроддзі, у тым ліку ў панк-сцэну. На 1989 год у Штазі было каля 189 тысяч такіх неафіцыйных супрацоўнікаў — прыкладна адзін на 90 жыхароў ГДР.
Яны былі ўсюды — у розных грамадскіх асяроддзях, у тым ліку ў цэрквах, моладзевых клубах і на канцэртах. Яны даносілі на сваіх сяброў, знаёмых, а часам і на членаў сям'і, перадаючы інфармацыю аб іх планах і настроях. Гэтая атмасфера ўсёпранікальнага шпіянажу была, магчыма, самым страшным узбраеннем рэжыму, таму што яна разбурала давер і паралізоўвала любую ініцыятыву знутры.
Глядзіце таксама

Здавалася, панк у ГДР быў знішчаны. Але адбылося нечаканае: на дапамогу бунтарам прыйшла пратэстанцкая царква.
Пратэстанцкая царква ў ГДР мела асаблівы статус. У адрозненне ад большасці іншых арганізацый, яна захоўвала пэўную аўтаномію ад кіруючай Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі (САПГ). Гэта давала ёй невялікую, але крытычна важную прастору для незалежнай дзейнасці. Царква магла ствараць альтэрнатыўную публічную сферу — прастору, дзе дзяржава не мела безумоўнай улады. Пры гэтым царква не была цалкам па-за кантролем Штазі: спецслужбы сачылі і за царкоўнымі супольнасцямі.
Усё пачалося ў снежні 1981 года, калі ў Эрфурце адбыўся першы ў гісторыі панк-канцэрт у сценах царквы. У Johannes-Lang-Haus выступіў Schleimkeim разам з гуртамі з Веймара — будучымі Ernst F. All і Madmans. На канцэрт прыйшло каля 150–200 гледачоў. Гэта адкрыла новае вымярэнне для музычнага жыцця ГДР. У наступныя гады цэрквы сталі адным з нешматлікіх месцаў, дзе панкі маглі збірацца, рэпетаваць і праводзіць канцэрты.
Вядома, гэты саюз быў поўны кампрамісаў. Унутры самой царквы ішлі спрэчкі: многія прыхаджане абураліся прысутнасцю панкаў, а для саміх панкаў царкоўныя правілы часта здаваліся такімі ж задушлівымі, як і дзяржаўныя забароны. У любым выпадку аперацыя «Härte gegen Punk», хоць і зламала першае пакаленне бунтароў, не змагла знішчыць рух. Сцэна выжыла.
Акрамя таго, менавіта ў сценах цэркваў адбылася трансфармацыя ўсходненямецкіх панкаў. Тут яны перасякаліся з іншымі дысідэнцкімі групамі: эколагамі, пацыфістамі, праваабаронцамі. Паступова чысты эскапізм саступаў месца палітычнаму разуменню. Панкі ўключаліся ў больш шырокі апазіцыйны рух.
Натуральна, у 1989-м яны не зрынулі дыктатуру ў адзіночку. Але іх выжыванне ў царкоўных прасторах стала часткай той тканіны супраціву, у якой перасякаліся розныя незалежныя і апазіцыйныя групы і якая ў канчатковым рахунку стала адным з элементаў шырэйшага руху, што прывёў да падзення Берлінскай сцяны.