Пасьля Лукашэнкі – не абавязкова свабода. Як можа зьмяніцца ўлада ў Беларусі

Транзіт улады ў Беларусі — пытаньне ня столькі «ці будзе», колькі «калі і як». Але сыход Аляксандра Лукашэнкі сам па сабе не гарантуе дэмакратыі. Цэнтар новых ідэй апытаў 29 экспэртаў і зьмадэляваў 14 магчымых траекторыяў разьвіцьця падзеяў. «Новы Час» разьбіраецца, які сцэнар выглядае найбольш верагодным і якія ўмовы павінны скласьціся, каб зьмянілася ня толькі прозьвішча кіраўніка, але і сама сыстэма.

3_847.webp

Раней ці пазьней надыйдзе дзень, калі дзяржаўныя каналы паведамяць пра новую першую асобу. У этэры прагучаць словы пра стабільнасьць, пераемнасьць і Канстытуцыю, чыноўнікі адзін за адным прысягнуць новаму цэнтру ўлады. Але сапраўдны характар транзыту вызначыць не прозьвішча пераемніка, а тое, хто кантралюе сілавікоў, ці захоўвае Масква магчымасьць навязваць свае ўмовы, ці расколецца на групоўкі беларуская намэнклятура, ці змогуць уключыцца грамадзтва, дэмакратычныя сілы і Захад.

Менавіта з гэтай высновы пачынаецца дасьледаваньне Цэнтру новых ідэй «Маніторынг беларускага транзыту. Як павялічыць шанцы на дэмакратызацыю». Пасьля Лукашэнкі Беларусь можа атрымаць далёка не свабоду, а абноўлены аўтарытарызм, двоеўладзьдзе або яшчэ большую залежнасьць ад Расеі.

Істотнае ўдакладненьне: дасьледаваньне не вымярае аб’ектыўную верагоднасьць будучых падзеяў. Усе колькасныя ацэнкі і вагі сцэнароў заснаваныя на статыстычным аналізе меркаваньняў 29 беларускіх і замежных экспэртаў, пераважна палітолягаў. Таму лічбы ў дакладзе паказваюць размеркаваньне ацэнак гэтых людзей, а не сапраўдны шанец таго, што тая ці іншая падзея адбудзецца.

Аўтары самі не прэтэндуюць на вызначэньне аднаго правільнага сцэнару. Пры невялікай выбарцы і значным раскідзе адказаў аўтары выкарыстоўваюць пераважна мэдыяну. Інтэрактыўнае дрэва таксама не прадказвае будучыню. Яно паказвае, як з шасьці крытычных развілак складаюцца 14 магчымых траекторыяў, і ацэньвае іх вагу паводле зададзеных параметраў і экспэртных ацэнак.

Экспэрты лічаць транзыт амаль непазьбежным (але не заўтра)

Мэдыяна экспэртных ацэнак выглядае так: верагоднасьць транзыту да 2030 году — 15%, да 2035-га — 60%, да 2040-га — 90%. І зноў варта паўтарыць: гэта не матэматычны разьлік, а тое, як група экспэртаў бачыць часавыя рамкі магчымай зьмены ўлады.

Галоўным магчымым трыгерам 79% апытаных назвалі стан здароўя дыктатара. Далей ідуць нестабільнасьць у Расеі — 38%, рашэньне самога Лукашэнкі перадаць уладу — 31%, вынік вайны ва Ўкраіне — 28%. Эканамічны крызіс і змову элітаў згадалі па 10%, масавыя пратэсты — усяго 7%.

Гэта адна з ключавых высноваў: пачатак транзыту, хутчэй за ўсё, будзе залежаць ад фактараў, якія не кантралююць ні дэмакратычныя сілы, ні заходнія ўрады. Грамадзтва можа моцна жадаць пераменаў, але менавіта яно неабавязкова запусьціць гэты працэс.

Сыстэма паспрабуе самазахавацца

Фота: АР

Фота: АР

Самы моцны кансэнсус у апытаньні датычыць формы транзыту. 21 з 29 экспэртаў, або 72%, лічаць, што найбольш верагодным яго пачаткам стане кіраваная перадача ўлады зьверху.

Амаль палова апытаных чакае, што рэальную ўладу пасьля Лукашэнкі атрымаюць сёньняшнія чыноўнікі. 21% называюць яго сям’ю, 17% — сілавікоў. Разам 86% адказаў прыпадае на актараў, ужо ўбудаваных у дзейную сыстэму. Прадстаўнікоў дэмакратычнага руху не назваў ніхто.

Таму найбольш верагодны сцэнар выглядае як пераўпакоўка рэжыму. Новая ўлада можа вызваліць частку палітвязьняў, зьмякчыць рэпрэсіі, вярнуць эканамічных тэхнакратаў і пачаць асьцярожны дыялёг з Эўропай. Але выбары, суды, сілавыя структуры і дзяржаўныя мэдыя могуць застацца пад ранейшым кантролем.

Пры гэтым кіраваны старт не азначае кіраванага фіналу. Калі экспэртаў папрасілі разьмеркаваць 100% верагоднасьці паміж поўнай, частковай і некіраванай перадачай улады, мэдыяна склала адпаведна 20%, 40% і 40%. Падрыхтаваная апэрацыя можа перарасьці ў двоеўладзьдзе, канфлікт груповак або нават палітычны крызіс.

Створаны ўладамі Усебеларускі народны сход можа быць выкарыстаны як мэханізм захаваньня ўплыву Лукашэнкі пасьля фармальнага сыходу з прэзыдэнцкай пасады. Але досьвед Казахстану і Туркмэністану паказвае, што два цэнтры ўлады выяўляюцца вельмі нестабільнай канструкцыяй. У такой сытуацыі пераемнік або вызваляецца ад патрона, або дзяржапарат перастае разумець, каму падпарадкоўвацца.

Чатыры будучыні

Сцэнарная матрыца будуецца на двух галоўных пытаньнях: ці здольная Расея кантраляваць транзыт і ці адкрыты працэс для ўнутранай палітычнай канкурэнцыі. Спалучэньне гэтых двух чыньнікаў утварае чатыры асноўныя сцэнары.

Аўтарытарная пераемнасьць застаецца найбольш верагодным сцэнаром. Улада апынецца ў чалавека або групы знутры сыстэмы. Магчымыя касмэтычныя рэформы і нармалізацыя адносінаў з Захадам, але мэханізмы палітычнага кантролю захаваюцца. Аўтарытарызм абнаўляецца, а не сыходзіць.

Замарожваньне або страта суб’ектнасьці наступае, калі Расея выкарыстоўвае слабасьць беларускіх элітаў і паглыбляе кантроль. Дзяржаўнасьць можа фармальна захавацца, але магчымасьць самастойнага палітычнага выбару рэзка звузіцца.

Геапалітычны гібрыд магчымы, калі Масква застаецца моцнай, але ня можа навязаць адзін сцэнар. Унутры беларускай сыстэмы ўзьнікае канкурэнцыя паміж групамі, якія па-рознаму бачаць адносіны з Расеяй і Захадам. Гэта адкрывае абмежаваную прастору для лібэралізацыі, але яна можа хутка закрыцца.

Нарэшце, акно дэмакратызацыі — найбольш спрыяльны для дэмакратызацыі, але, на думку аўтараў, малаімаверны сцэнар. Для яго Расея павінна аслабнуць, а ўнутры сыстэмы павінны зьявіцца рэфарматары. Нават тады сыход Лукашэнкі не азначае аўтаматычнага пераходу да дэмакратыі, а толькі дае магчымасьць пра яе дамовіцца.

Каб ініцыятыву не перахапілі больш арганізаваныя групы сілавікоў або старая эліта, патрэбныя адразу чатыры элемэнты: рэфарматары ўнутры сыстэмы, арганізаваныя дэмакратычныя сілы з плянам, каналы сувязі з грамадзтвам і выразная прапанова падтрымкі з боку Захаду.

Дэмакратычным сілам месца не зарэзэрваванае

Асабліва паказальныя экспэртныя ацэнкі ролі дэмакратычных сілаў. 45% апытаных мяркуюць, што яны могуць быць адсунутыя ад працэсу. 34% бачаць іх у ролі кансультантаў і падтрымкі працэсу ўнутры краіны. Іх удзел у перамовах чакаюць 10% апытаных, а вяртаньне ў краіну і кіраўніцтва транзытам — толькі 3%.

Большасьць экспэртаў таксама не чакае імгненнай мабілізацыі грамадзтва. 55% мяркуюць, што яно прыме новы статус-кво, 31% — што будзе выказваць незадавальненьне. У элітах 69% чакаюць пазыцыі чаканьня, бо чыноўнікі далучацца да таго, хто пачне перамагаць. Таму ў першыя дні перавагу атрымае не абавязкова той, каго падтрымлівае большасьць, а той, хто хутчэй дзейнічае, кантралюе сувязь, грошы і сілавы рэсурс.

Не чакаць дня Х

1_1124.avif

Аўтары прапануюць Захаду загадзя падрыхтаваць «пакет для дэмакратызацыі»: фінансавую падтрымку, гарантыі сувэрэнітэту, умовы паступовага адкрыцьця палітычнай сыстэмы і мэханізм зьніжэньня залежнасьці ад Расеі. Магчымай формай называецца асобны інструмэнт ЭЗ — Belarus Democratic Transition Facility. У дакладзе не тлумачыцца, чаму такую прапанову агучваюць толькі цяпер — амаль праз сем гадоў пасьля кампаніі 2020 году.

Яго сэнс, паводле аўтараў, не ў тым, каб узнагародзіць Беларусь пасьля гатовай дэмакратычнай перамогі. Прапанова павінна загадзя зьмяніць стымулы для людзей унутры сыстэмы і зрабіць лібэралізацыю ня толькі маральным, але і рацыянальным выбарам. Беларусь, паводле аўтараў, ужо ўваходзіць у перадтранзытны пэрыяд. Звонку ўсё можа выглядаць замарожаным, але ўнутры паступова пераразьмяркоўваюцца рэсурсы, сувязі і ўплыў.

Вядома, партрэт у дзяржаўных кабінэтах можна зьмяніць за адну ноч. Але каб зьмянілася краіна, а ня толькі прозьвішча пад указамі, рыхтавацца трэба значна раней. Ці ёсьць для гэтага магчымасьці ў дзейных беларускіх палітычных актараў, пакажа толькі час. Галоўнае — каб не было ўжо позна.