ISW: у расійцаў практычна няма прасоўвання на фронце з сакавіка 2026 года
Па даных аналітыкаў, расіяне за гэты год захапілі ўсяго 147,7 квадратнага кіламетра тэрыторыі Украіны. У той жа час Украіна вызваліла сваёй зямлі ў шэсць разоў больш — па меншай меры 972,56 квадратнага кіламетра. Праблема «прыпісак» у арміі РФ можа быць не толькі прапагандысцкай, але і следствам культуры пастаяннай хлусні, распаўсюджанай унутры расійскай арміі. Ідуць 1670-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 234 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 верасня.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 10 атак расіян у бок населеных пунктаў Ліман, Арцільнае, Цярновае, Малая Воўчая, Вільхаватка, Шаў’якоўка, Даўжанка.
На Ліманскім кірунку расійцы 15 разоў атакавалі ў раёнах Наваегараўкі, Чарнешчыны, Навасёлаўкі, Зарэчнага, Ставак, Лімана і Дзібровы.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 25 атак у раёне Канстанцінаўкі і ў бок Асікава, Доўгай Балкі, Іллінаўўкі, Русінага Яру, Мікалаеўкі, Стэпаў і Вольнага.
На Пакроўскім кірунку адбылася 21 атака ў бок Дабраполля, Вадзянскага, Біліцкага, Новага Данбаса, Сяргееўкі, Маладзецкага.
* * *
Перабольшаныя заявы Мінабароны Расіі аб захопе ўкраінскай тэрыторыі — частка стратэгіі Крамля пераканаць Украіну і яе партнёраў у нібыта непазбежнай паразе. Рэальныя паказчыкі прасоўвання расійцаў значна меншыя за агучаныя, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
ISW адзначыў: 19 верасня Мінабароны Расіі сцвярджала, што з пачатку 2026 года расійскія войскі нібыта захапілі больш за 5300 квадратных кіламетраў і больш за 220 населеных пунктаў ва Украіне, з іх больш за 670 квадратных кіламетраў і 27 населеных пунктаў — за верасень.
Па даных аналітыкаў, на самай справе расіяне за гэты год захапілі ўсяго 147,7 квадратнага кіламетра і 40 населеных пунктаў — і пры гэтым страцілі 20 населеных пунктаў. Нават з улікам тэрыторый, куды войскі РФ толькі праніклі, але не кантралююць, агульны паказчык складае 718,8 квадратнага кіламетра — у разы менш за заявы Крамля.
У той жа час, па ацэнцы ISW, украінскія войскі вызвалілі па меншай меры 972,56 квадратнага кіламетра і 60 населеных пунктаў у гэтым годзе.
Аналітыкі адзначаюць: перабольшанне можа быць следствам культуры пастаяннай хлусні, распаўсюджанай унутры расійскай арміі, — гэта значыць гэта не толькі свядомая прапаганда, але і сістэмная праблема справаздачнасці.
Па даных ISW, рэальная карціна супярэчыць расійскім заявам: украінскія войскі фактычна ўтрымліваюць стратэгічную і аператыўную ініцыятыву з канца 2025 года — у расійцаў практычна няма прасоўвання з сакавіка 2026-га, а Украіна правяла паспяховыя контратакі на Купянскім, Александраўскім і Ліманскім напрамках.
* * *
Вечарам 19 верасня расійскія войскі здзейснілі атаку на Дняпро — пад ударам апынуўся гандлёвы цэнтр. Як мінімум два чалавекі атрымалі раненні.
У выніку расійскай атакі на Фастаўскі раён Кіеўскай вобласці загінулі маці і двое маленькіх дзяцей — дзяўчынка і хлопчык.
Цягам сутак Сілы абароны Украіны атакавалі 12 рэгіёнаў Расіі сотнямі дронаў, паведамляе Міністэрства абароны РФ. У выніку начной атакі дронаў у Маскве ўспыхнуў нафтаперапрацоўчы завод «Газпрамнафта-МНПЗ». Завод забяспечвае каля 40% паліўнага рынку Масквы і 70% патрэбаў Маскоўскага рэгіёна ў бензіне і авіякерасіне.
У кампаніі Fire Point заявілі, што ўдарныя беспілотнікі FP-1 знішчылі складскі комплекс у Падмаскоўі — па папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе пра склады кампаніі «Сучасныя складскія тэхналогіі».
* * *
* * *
Сілы абароны Украіны працуюць у такім хуткім тэмпе, да якога армія НАТА не можа адаптавацца. У першую чаргу гаворка ідзе пра закупкі, падрыхтоўку ваенных, а таксама распрацоўку ўзбраенняў, піша Business Insider.
Журналісты пагутарылі з салдатамі Альянсу, прыцягнутымі да падрыхтоўкі ўкраінскіх воінаў на тэрыторыі Польшчы, а байцы УСУ дзеляцца з прадстаўнікамі армій краін НАТА практычнымі ўрокамі, атрыманымі непасрэдна на фронце.
Маёр Джон, які каардынуе навучальны працэс, заявіў, што адна з галоўных адрозненняў паміж Украінай і заходнімі арміямі заключаецца ў хуткасці працы. Кіеву патрэбныя навучанне і неабходнае абсталяванне максімальна аператыўна, у той час як ваенныя структуры Захаду ў асноўным працуюць па доўгатэрміновых планах.
« Захад прывык да працяглых гарызонтаў планавання. Украіне ж патрэбны вынік тут і цяпер», — патлумачыў Джон.
З заявай з гэтай нагоды таксама выступіў камандуючы вучэннямі, нарвежскі брыгадны генерал Атле Мольдэ. Ён адзначыў, што правілы мірнага часу па закупках і мадэрнізацыі ўзбраенняў ствараюць штодзённыя цяжкасці для нарвежскай арміі. Ва Украіне ж змены ўзбраенняў і падыходаў могуць укараняцца значна хутчэй непасрэдна ва ўмовах баявых дзеянняў.
Генерал прывёў у прыклад беспілотнікі. У заходніх арміях працэс абнаўлення можа займаць месяцы, тады як украінскія інжынеры, працуючы паблізу фронту, здольныя змяняць праграмнае забеспячэнне кожныя некалькі дзён ці тыдняў, арыентуючыся на актуальныя ваенныя патрэбы.
Украінскі вопыт прымушае заходніх саюзнікаў пераасэнсоўваць уласныя падыходы да бюракратычных працэдур, рызык і супрацоўніцтва з абароннай прамысловасцю.
* * *
Лідарка французскай правай партыі «Нацыянальнае аб'яднанне» Марын Ле Пэн, вядомая сваёй прарасійскай пазіцыяй, жорстка раскрытыкавала Крэмль пасля таго, як расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін загадаў узяць пад кантроль актывы еўрапейскіх кампаній, што дагэтуль працуюць у Расіі — Nestlé і Auchan, паведамляе RTL.
Ле Пен заявіла, што Расія не павінна «разлічваць на тое, што зможа прама ці ўскосна дыктаваць палітыку Францыі сродкам запужвання, пагроз, дэстабілізацыі або псіхалагічнага ціску».
«Ніводная правакацыя, ніводная таемная аперацыя і ніякія дэстабілізуючыя дзеянні не змогуць прымусіць Францыю спрыяць дасягненню Расіяй сваіх ваенных мэт ва Украіне», — заявіла яна.
Больш за тое, новае рашэнне Пуціна яна назвала «варожым актам», які «непасрэдна падрывае інтарэсы і правы французскіх кампаній», і вітала рашэнне прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона падрыхтаваць план абароны крытычнай інфраструктуры ад расійскіх гібрыдных нападаў.