Як дайсці з «IT-краіны» да «АМАП-краіны» за пяць гадоў

Падобна, беларуская сістэма ўсё ж такі знайшла сабе новую дзяржаўную ідэалогію. Праўда, казаць пра яе ўслых яны не будуць, бо сорамна. Але нават тэндэнцыі ў сферы занятасці гэтую ідэалогію пацвярджаюць: разумныя не патрэбныя. Патрэбныя верныя.

img_2987_logo.webp

Пачнем зусім здалёк. На тыдні на пленарным пасяджэнні Трэцяга камітэта 81-й Генеральнай асамблеі ААН адбылося галасаванне па праекце рэзалюцыі «Актывізацыя намаганняў у мэтах папярэджання і ліквідацыі ўсіх формаў гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак». Беларусь была ў ліку шасці краін, якія ўстрымаліся ад галасавання.

Рэзалюцыя прысвечаная прадухіленню і выкараненню ўсіх формаў гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак. Асаблівая ўвага надаецца гендарна абумоўленым забойствам жанчын і дзяўчынак, уключаючы феміцыд. Рэзалюцыя заклікае дзяржавы не толькі расследаваць выпадкі гвалту ў дачыненні да жанчын, але і ліквідаваць яго прычыны.

Пасля галасавання прадстаўнік Беларусі заявіў, што Мінск не падтрымлівае рэзалюцыю ў яе цяперашнім выглядзе праз спрэчныя фармулёўкі, а «рэзалюцыя зноў выкарыстоўваецца як інструмент прасоўвання спрэчнага парадку дня, уключаючы палажэнне пра гендарную ідэалогію, сэксуальную аўтаномію дзяўчынак, усёабдымную сэксуальную адукацыю, аборты і перагляд традыцыйных падыходаў да пытанняў сям’і».

Насамрэч, найбольш верагодна, прадстаўніку Беларусі далёка напляваць на «перагляд традыцыйных падыходаў да пытанняў сям’і». Для яго ў рэзалюцыі галоўнае слова не «жанчына», галоўнае слова — «гвалт». А ўжо пра расследаванне выпадкаў гвалту і ўвогуле… Бо сам гвалт у Беларусі не спыняецца — і не мае значэння, у дачыненні да жанчын, мужчын, дзяцей, беларусаў ці замежнікаў.

Проста ўлады сучаснай РБ, насамрэч, знайшлі сваю «дзяржаўную ідэалогію», якую не маглі сфармуляваць дзесяцігоддзямі. І так, гэтая ідэалогія — гвалт.

Гэта яскрава бачна, калі сістэме не хапае «сваіх» ахвяр. На гэтым тыдні расіянка Анастасія разам з мужам, які пастаянна пражывае ў Расіі, але таксама мае грамадзянства Беларусі, вырашылі адправіцца ў падарожжа з Калінінграда ў Піцер — на машыне, праз Літву і Беларусь. Беларускія пагранічнікі праверылі тэлефон мужчыны і знайшлі падпіску на Telegram-канал, пра які шчаслівы ўладальнік падвойнага грамадзянства забыўся чатыры гады таму.

Чатыры гады таму яе муж як грамадзянін краіны проста зайшоў у навінавы чат, каб сачыць за абстаноўкай, нічога там не пісаў, нікому не пераводзіў грошы, проста падпісаўся, прачытаў і забыўся выйсці. А цяпер гэты канал прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

«У аддзеле міліцыі паглядзелі перапіскі, пераканаліся, што прычын для рэальнага арышту няма, і адпусцілі нас. Але самі сілавікі шчыра сказалі: такіх людзей з граніцы прывозяць пачкамі», — напісала Анастасія.

І гэта ім яшчэ пашанцавала, таму што, як правіла, такія гісторыі заканчваюцца пратаколам па артыкуле 19.11 КаАП, штрафам альбо «суткамі». А ў 2023 годзе як мінімум 18 такіх затрыманняў скончыліся крымінальнымі прысудамі, і ў 12 выпадках гэта была калонія.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што з 2020 года пад крымінальны палітычны пераслед у Беларусі трапіў мінімум 121 замежнік. Па стане на 17 лістапада 24 замежнікі застаюцца ў месцах пазбаўлення волі — гэта 11 грамадзян Расіі («Саюзная дзяржава» ж, ага), 8 грамадзян Украіны, два грамадзяніна Літвы, адзін грамадзянін Чэхіі і адзін Польшчы. Таксама вядома пра аднаго палітвязня без грамадзянства. Яны асуджаныя па артыкулах аб агентурнай дзейнасці, шпіянажы, садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці», закліках да санкцый, удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, дыскрэдытацыі Беларусі, акце тэрарызму і міжнародным тэрарызме.

Прычым такая сістэма, вядома, спараджае і процідзеянне. IT-спецыяліст і прадпрымальнік Міхаіл Кац, які апошнія 7 гадоў жыве ў Ізраілі, правёў у беларускім ізалятары трое сутак праз «экстрэмісцкія» падпіскі ў YouTube, пра якія ён забыўся. Пасля гэтага Кац стварыў сістэму для праверкі падпісак і змесціва прылад на наяўнасць рэсурсаў, прызнаных беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі» — bycheck.org.

Як сказаў Кац, яго ўвяло ў шок, што Мінюст у сярэднім у дзень прызнае «экстрэмісцкімі» па 5-6 каналаў. «Вы нават не ўяўляеце, што ў вас у тэлефоне, на каго вы падпісаныя былі раней. Вы ўжо не сочыце, але, паверце мне, што ўсё знойдуць. Усё знойдуць, і вам прыйдзецца за гэта пасядзець трошкі», — патлумачыў Кац з’яўленне свайго сэрвісу.

Але Кацу добра — ён жыве ў Ізраілі. А вось беларускія айцішнікі… А, зрэшты, можна сказаць, што ўжо і няма ніякіх беларускіх айцішнікаў.

Беларускія айцішнікі скардзяцца ў сацсетках, што рынак працы ў краіне мёртвы: вакансій з нармальнай зарплатай прапануюць толькі анлайн-казіно, але і туды трапіць зусім не проста. Reform.news вывучыў даныя пра працу ў IT і высветліў, што за апошнія гады колькасць вакансій скарацілася ў 7 разоў. На адно месца прэтэндуе 31 чалавек, і сітуацыя працягвае пагаршацца.

А калісьці мы былі IT-краінай, памятаеце? Парк высокіх тэхналогій пасля масавага зыходу праграмістаў у 2020-м і масавага зыходу заказчыкаў у 2022-м, напэўна, варта называць ужо Паркам нізкіх тэхналогій. Усяго за пяць гадоў галіна, якая прыносіла краіне мільярдныя прыбыткі, ператварылася ў месца, дзе няма працы.

Што ж рабіць тады праграмістам, куды ісці, акрамя як за граніцу? Ёсць, ёсць у нас галіна, якая, падобна, не адчувае праблем з фінансаваннем і ўвагай ад улад!

На базе вайсковай часці 3310 унутраных войскаў МУС пачаліся метадычныя заняткі з асобамі, якіх плануецца прызначыць камандзірамі атрадаў народнага апалчэння, і іх намеснікамі. З удзельнікамі збораў правядуць тэарэтычныя і практычныя заняткі з удзелам супрацоўнікаў АМАП, ваеннаслужачых в/ч 3310 і медыцынскай службы.

Будучыя камандзіры атрадаў народнага апалчэння вывучаць дзеянні добраахвотнікаў у складзе нарада, пры аказанні садзейнічання мясцовай міліцыі падчас ваеннага становішча, навучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу і вывучаць пытанні нясення службы на блокпосце і абароны будынкаў.

І вось тут зноў узнікае пытанне: чаму атрадамі народнага апалчэння займаецца АМАП, а не армія? Ці сапраўды гэтыя атрады скіраваныя супраць знешняга ворага (якім бы ён ні быў), ці — супраць уласнага народа?

Ці супрацоўнікам ГУБАЗіК і АМАП надакучыла пераапранацца ў цывільнае, каб ладзіць правакацыі, і яны ствараюць сабе атрады «цітушак», — па ўкраінскай тэрміналогіі?