На вольных хвалях: Мілен Фармёр выпусьціла новы альбом «Эгрэгар»
Пасьля чатырохгадовага перапынку француская поп-караліца Мілен Фармёр выпусьціла трынаццаты студыйны альбом. «Эгрэгар» — гэта праца пра каханьне, свабоду, мову і здольнасьць плыць далей, не трымаючыся за бераг.

Новы, трынаццаты студыйны альбом францускай поп-караліцы Мілен Фармёр «Эгрэгар» (Égrégore) пабачыў сьвет 30 кастрычніка. Гэта чарговы нечаканы падарунак сьпявачкі сваім слухачам, хоць яшчэ зусім нядаўна магло здавацца, што яна ўжо сказала ўсё, што хацела сказаць, і разьвіталася з публікай. Чатыры гады пасьля папярэдняга студыйнага альбому L’Emprise — і вось новая сустрэча.
Загадкавая назва Égrégore адсылае нас да акультнай і эзатэрычнай традыцыі, дзе гэтым словам называюць калектыўную духоўную сілу, якая нараджаецца з супольных думак, пачуцьцяў і веры людзей. Гэта ня проста прыдуманая містычная істота, але нешта, што ўзьнікае паміж людзьмі, калі іх аб’ядноўвае супольнае перажываньне. І ў гэтым сэнсе назва альбому выглядае амаль як пасланьне Фармёр сваёй публіцы: тое, што адбываецца паміж артысткай і слухачамі, даўно перарасло звычайныя стасункі паміж сцэнай і заляй.
Кампазыцыі альбому перапоўненыя ўпадніцкімі ноткамі, але пры гэтым іх нельга назваць мэлянхалічнымі. Сьпявачка мяняецца, прымае час і свой век, але не здраджвае свайму філязофскаму і эстэтычнаму крэда: жыцьцё трэба пражываць мудрагеліста, з адкрытым сэрцам і ў каханьні. Зрэшты, тэмы каханьня, страты, самоты, але разам з тым бязупыннага подзіву і зачараваньня жыцьцём застаюцца важнымі ва ўсіх альбомах Фармёр. Выняткам ня стаў і гэты.
Аднак адмысловым гэты альбом можна лічыць хаця б таму, што ў ім ці не ўпершыню адчуваецца настолькі свабоднае плаваньне артысткі. Яна нібыта больш ня мусіць нічога даказваць, нікуды сьпяшацца і адпавядаць чыімсьці чаканьням. Літаральна лунае, гайдаецца на вольных хвалях. Адна з цэнтральных кампазыцыяў так і называецца — “Sans amarres” (літаральна — «бяз прывязі» ці «непрышвартаваная», а ў пераносным сэнсе — «бяз якара», «на вольных хвалях»). У гэтай назьве можна ўбачыць і ключ да ўсяго альбому: свабода ня як уцёкі ад мінулага, а як здольнасьць нарэшце плыць далей, не трымаючыся за бераг.
Да трох кампазыцыяў альбому зьнятыя кліпы. У гэтым кірунку сьпявачка застаецца экспэрымэнтатаркай і вялікай эстэткай: кліпы зьнятыя густоўна, яны ня толькі мудрагелістыя, але і нясуць моцнае сацыяльнае пасланьне. Напрыклад, кліп да песьні “Des lols et des quoi” (Сьмех ды што яшчэ?) выклікаў хвалі рэакцыяў слухачоў — ад захопленых да крытычных. У песьні Фармёр выкарыстоўвае сучасны моладзевы слэнг: banger, ouf, askip, chokbar, seum, супрацьпастаўляючы яго літаратурнай францускай мове і згадваючы паэта XVI стагодзьдзя П'ера дэ Рансара. Некаторыя слухачы ўспрынялі гэта як нараканьне на тое, што сучасная моладзь нібыта разбурае францускую мову, а інтэрнэтная камунікацыя вядзе да культурнага заняпаду. Часопіс Strobo, напрыклад, папракнуў сьпявачку ў тым, што яна высьмейвае мову часткі маладога пакаленьня і паўтарае старую кансэрватыўную тэзу пра заняпад культуры. Многім памылкова падалося, што Фармёр нібыта настальгуе па часе, калі француская мова была больш багатай і вытанчанай. Але для крытыкаў гэта гучала як праява пэўнай культурнай пыхі: супрацьпастаўленьне высокай літаратуры і нібыта нікчэмнай мовы вуліцы.
Аднак паступова, пасьля выхаду кліпу, зьнятага рэжысэрамі Т’еры і Дыд’е Пуаро, першапачатковая інтэрпрэтацыя песьні істотна зьмянілася. У кліпе паказаная дыстапічная рэчаіснасьць, у якой словы страцілі сэнс, бібліятэкі ператварыліся ў турмы, а мова стала аб’ектам цэнзуры. Фармёр зьяўляецца ў вобразе ўдзельніцы паўстаньня супраць гэтага рэжыму. То бок песьня можа быць прачытаная зусім інакш: не як асуджэньне моладзевага слэнгу, а як крытыка тых, хто хоча кантраляваць мову, вызначаць, якія словы маюць права на існаваньне, і замыкаць яе ў жорсткіх правілах. Больш за тое, рэжысэр кліпу Т’еры Пуаро перадаў тлумачэньне самой Фармёр. Ейная галоўная думка: «Зьбядненьне маўленьня — гэта зьбядненьне думкі». Калі мы губляем словы, мы губляем магчымасьць дакладна выказваць думкі, адрозьніваць адценьні і складанасьць сьвету. У выніку мы пачынаем мысьліць бінарна: чорнае або белае, добрае або дрэннае.
То бок Фармёр зноў застаецца вернай сваёй любімай гульні з неадназначнасьцю. На першы погляд, яна нібыта выступае ў ролі бурклівай абаронцы старой літаратурнай культуры, якая не разумее мовы новых пакаленьняў. Але ў выніку аб’ектам ейнай крытыкі быў зусім ня слэнг, а сама ідэя моўнай цэнзуры і абмежаваньня свабоды выказваньня. Такім парадкам Фармёр выступае за свабоду — у жыцьці, творчасьці, каханьні, але і ў мове. Мова таксама павінна мець права на свабоднае плаваньне, на зьмены, на новыя словы і нечаканыя сэнсы.
Усе тэксты песьняў напісаныя самой Мілен Фармёр, а музыка створаная ў супрацы з цэлым шэрагам кампазытараў і прадусараў. Сярод іх — DJ Lewis, які адыгрывае адну з ключавых роляў у гучаньні альбому, DJ Snake, зь якім запісаныя дзьве кампазыцыі, і стары творчы паплечнік сьпявачкі Moby. Апошні паўдзельнічаў у стварэньні “Recréer un jour” і “Plus d’écho”. У выніку альбом спалучае электронную энэргетыку, танцавальныя рытмы і больш павольныя, сузіральныя кампазыцыі.
І, магчыма, менавіта ў гэтым спалучэньні — у здольнасьці адначасова танчыць і сузіраць, сумаваць і радавацца, адчуваць крохкасьць жыцьця і ўсё жыцьцё любіць — хаваецца галоўны сэнс новай працы Фармёр. «Эгрэгар» — гэта ня толькі сустрэча з ужо знаёмай нам Мілен. Гэта яшчэ і запрашэньне працягнуць супольнае падарожжа, у якім артыстка і ейныя слухачы па-ранейшаму знаходзяць адно аднаго.