«Дэмілітарызацыя»: Украіна становіцца лідарам распрацоўкі баявых дронаў і экспарцёрам сучаснага ўзбраення

Бундэсвер выдзеліў грошы на закупку ўкраінскіх баявых сістэм. Украінскія войскі ўпершыню ў свеце правялі баявую місію рабатызаванага комплексу са штучным інтэлектам. І з-за ўкраінскіх атак Масква значна скараціла нафтаперапрацоўку. Ідуць 1740-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 131 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 лістапада.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 12 атак, расіяне вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Канстанцінаўкі, Доўгай Балкі і Сцяпанаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбіта 11 атак у раёнах Рыбнага, Раздзянкі, Светлай Даліны і Ягораўкі.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі восем атак, на Славянскім кірунку — сем атак.

На Паўночна-Слабажанскім і Ліманскім кірунках расійцы атакавалі па чатыры разы на кожным.

* * *

У выніку атакі расійскіх БпЛА ў Кіеве пашкоджаны адміністрацыйны будынак, вядома пра загінулую жанчыну і 5 пацярпелых, у тым ліку 5-гадовага хлопчыка і 17-гадовага хлопца.

Расіяне ўдарылі па Запарожжы кіруемымі авіябомбамі, загінула жанчына, два чалавекі атрымалі траўмы, сярод пацярпелых — дзіця, якое дасталі з-пад завалаў.

У ноч на 29 лістапада расійская армія атакавала Адэсу, пашкоджаны шматпавярховы будынак, загінула жанчына, ёсць пацярпелыя.

У Крамянчугу Палтаўскай вобласці расійскі БпЛА трапіў у двор шматкватэрнага жылога дома, вядома пра загінулую жанчыну і 6 пацярпелых.

Прамысловыя раёны расійскіх гарадоў Тальяці (Самарская вобласць) і Ніжнякамска (Татарстан), а таксама, верагодна, палігон Капусцін Яр (Архангельская вобласць) апынуліся пад атакай БПЛА ў ноч на 29 лістапада. У Маскоўскай вобласці таксама фіксавалі палёт шматлікіх дронаў і паведамлялі пра выбухі.

* * *

Украіна нарошчвае інтэнсіўнасць дальнабойных атак па РФ і пашырае аперацыі супраць яе ваенных аб'ектаў за мяжой. За апошнія 50 дзён Сілы абароны паразілі 40 аб'ектаў нафтавай і ваенна-прамысловай галін РФ, паведамляе The New York Times.

Украіна давяла інтэнсіўнасць дальнабойных аперацый супраць Расіі да рэкорднага ўзроўню: часам украінскія сілы запускалі больш за тысячу беспілотнікаў. Украіна імкнецца скараціць даходы Масквы і ўскладніць пастаўкі паліва і ўзбраення расійскай арміі.

Геаграфія ўкраінскіх аперацый ахоплівае як мінімум пяць мораў і распасціраецца больш чым на 2400 км, адзначае СМІ. Сярод мэтаў былі паліўны тэрмінал на Белым моры і прадпрыемства па вытворчасці ракетнага паліва ў Сібіры.

Украінскія сілы атакавалі расійскія судны за межамі РФ: у Фінскім заліве пасля ўдару загарэлася ваеннае грузавое судна Sparta II. Паблізу лівійскага порта Бенгазі пасля атакі затануў расійскі баявы карабель Меркурый, на борце якога знаходзіўся баявы верталёт. Таксама было ўражана грузавое судна, якое, па словах прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, перавозіла зброю.

Па даных Міжнароднага энергетычнага агенцтва, аб'ёмы вытворчасці на расійскіх НПЗ зараз прыкладна на 30% ніжэйшыя, чым за аналагічны перыяд 2025 года. Выпуск бензіну скараціўся на 20%, а дызельнага паліва — амаль на 30%. З-за праблем з забеспячэннем унутранага рынку Масква абмежавала экспарт паліва.

* * *

932494746_30306240392310789_2383505956860195353_n.jfif

* * *

Украінскія ваенныя ўпершыню ў свеце правялі баявую місію наземнага рабатызаванага комплексу (НРК), інтэграванага са штучным інтэлектам. Робат самастойна прайшоў амаль 20 км па зададзеным маршруце без удзелу аператара, паведамілі байцы палка беспілотных сістэм «Лава» 2-га корпуса НГУ «Хартыя».

Паводле інфармацыі ваенных, эксперымент быў праведзены непасрэдна ў рэальных баявых умовах. НРК абсталявалі сістэмай штучнага інтэлекту, якая дазваляе яму аўтаномна перамяшчацца па загадзя вызначаным маршруце, прасканавалі шлях з дапамогай лазернага сэнсара і стварылі яго трохмерную мадэль. Падчас руху камеры і датчыкі дапамагалі робату распазнаваць дарогу.

Як растлумачылі байцы, выкарыстанне штучнага інтэлекту дазваляе аператарам менш засяроджвацца на кіраванні машынай і больш увагі надаваць знешнім пагрозам: мінам і засадам варожых FPV-дронаў.

Ваенныя лічаць, што найбольшую карысць такія комплексы могуць прынесці пры эвакуацыі параненых: «Гэта самая вялікая адказнасць: калі мы перавозім чалавека, нам трэба мець больш шанцаў выжыць і дабрацца назад».

* * *

Германія, якая прыняла бюджэт на наступны год, мае намер пашырыць ваеннае супрацоўніцтва з Украінай і плануе абсталяваць Бундэсвер украінскімі тэхналогіямі, піша Die Welt am Sonntag.

Згодна з унутранымі дакументамі Мінабароны, з якімі азнаёмілася выданне, Германія плануе прафінансаваць закупку больш за 2000 украінскіх беспілотнікаў далёкага дзеяння «Барс» прыкладна на 330 мільёнаў еўра. Бундэсвер мае намер ацаніць версію, адаптаваную пад яго патрэбы, і можа пачаць закупку такіх беспілотнікаў у 2027 годзе, калі выпрабаванні пройдуць паспяхова.

Берлін таксама хоча выкарыстоўваць украінскую платформу Delta, якая збірае інфармацыю з поля бою і размяшчае яе на агульнай лічбавай карце. Па даных выдання, украінскія спецыялісты ўжо некалькі месяцаў навучаюць нямецкіх салдат яе выкарыстанню. Германія хоча атрымаць зыходны код праграмнага забеспячэння для аналізу і мае намер пашырыць навучанне ў нямецкіх армейскіх вучылішчах, якое праводзіцца ўкраінскімі інструктарамі, што ваявалі на перадавой.

У дакументах Мінабароны таксама згадваецца інтэграцыя ўкраінскіх ракет-перахопнікаў у нямецкую сістэму СПА і ўдзел Берліна ў распрацоўцы еўрапейскага праекта СПА «Фрэя», які ўзначальвае Кіеў.