72-гадовую жанчыну адправілі ў калонію за парушэнні «хатняй хіміі». Хронікі рэпрэсій
У Беларусі працягваецца пераслед палітвязняў. 72-гадовую Алу Захараву, асуджаную за абразу Лукашэнкі, адправілі ў калонію пасля таго, як яна неаднаразова спазнялася на рэгістрацыю ў міліцыю. На палітвязня Андрэя Бераставога завялі новую крымінальную справу. Тым часам у базе вышуку МУС Расіі з'явіліся імёны Сяргея Міхалка, Ірыны Слаўнікавай і Віялеты Майшук.

72-гадовую Алу Захараву адправілі ў калонію за парушэнні «хатняй хіміі»
Алу Захараву з вёскі Чырвоная Буда Добрушскага раёна, якой цяпер 72 гады, перавялі з пакарання без накіравання ў папраўчую ўстанову на пазбаўленне волі ў калоніі. Цяпер жанчына адбывае паўтара года ў гомельскай калоніі № 4. Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад былой зняволенай, піша Гомельская Вясна.
Першапачаткова Захараву прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пакуль яна знаходзілася пад арыштам, супраць яе распачалі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Увесну 2025 года суд Добрушскага раёна прызначыў ёй тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — так званую «хатнюю хімію». Жанчына мусіла рэгулярна адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Аднак праз праблемы з транспартам і гаспадарчыя клопаты не заўсёды паспявала прыходзіць своечасова.
У 2026 годзе суд замяніў ёй пакаранне на паўтара года калоніі. З красавіка Ала Захарава знаходзіцца ў ПК № 4 у Гомелі.
Праваабаронцы адзначаюць, што пераслед жанчыны за выказванне меркавання пра Лукашэнку парушае яе права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне.
На палітвязня Андрэя Бераставога завялі новую крымінальную справу
46-гадовага Андрэя Бераставога з Гомельскай вобласці, які адбываў трохгадовы тэрмін у бабруйскай калоніі № 2, перавялі ў СІЗА № 3 у Гомелі. Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
Падчас зняволення супраць палітвязня распачалі яшчэ адну крымінальную справу. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, новае абвінавачанне звязанае са справай Telegram-канала «Беларускі Гаюн».
Міхалка, Слаўнікаву і Майшук унеслі ў базу вышуку МУС Расіі
23 лістапада ў базе вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Расіі з'явіліся імёны 16 грамадзян Беларусі. Сярод іх — музыка Сяргей Міхалок, журналістка і былая палітзняволеная Ірына Слаўнікава, а таксама мастачка Віялета Майшук.
Артыкул, паводле якога Міхалка абвясцілі ў вышук, не пазначаны. У жніўні Мінскі гарадскі суд завочна асудзіў музыканта да чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі і распальванні іншай сацыяльнай варожасці.
Ірына Слаўнікава ў 2022 годзе атрымала пяць гадоў калоніі. У верасні 2025 года яна выйшла на волю ў выніку памілавання і была прымусова вывезеная ў Літву.
Віялету Майшук, мастачку з Гомельшчыны, улады абвінавацілі ў стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» праз адміністраванне Telegram-чата «Петрыкаў 97%». У верасні 2025 года яе завочна асудзілі на тры гады калоніі.
«Салідарнасць» і ўкраінскае медыя Today.ua трапілі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі абнавіла Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго дадалі інтэрнэт-рэсурс «Салідарнасць», створаны беларускімі прафсаюзнымі лідарамі і актывістамі ў выгнанні пасля ліквідацыі незалежных прафсаюзаў у Беларусі, а таксама незалежнае ўкраінскае анлайн-медыя Today.ua.
Акрамя таго, у спіс унеслі спецпраекты «Декодер», «RTVI US» і «LiveJournal», а таксама YouTube-старонку «Право Голоса» (pravogolosa).