Дональд Трамп пашкадаваў Пуціна, якому «нялёгка» з-за вайны ва Украіне
Пуціну «нялёгка» з-за вайны ва Украіне, сказаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Але той не спыняе вайну і працягвае забіваць украінскіх дзяцей, гібель якіх дасягнула рэкорднага ўзроўню за гады вайны. У той жа час жонка прэзідэнта ЗША Меланія Трамп спадзяецца на яшчэ адно перамір’е да Раства. Ідуць 1732-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 203 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 лістапада.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана дзевяць атак расіян у раёнах Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі і Навапаўлаўкі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 26 атак арміі РФ у раёнах Сафіеўкі, Навагрышынага, Навапаўлаўкі, Тарэцкага, Кучарава Яру, Біліцкага, Вольнага, Дабраполля, Чарнігаўкі і Сяргееўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі сем атак расіян. На Ліманскім і Гуляйпольскім кірунках адбіта па шэсць атак на кожным.
* * *
Вечарам 20 лістапада расіяне атакавалі балістычнымі ракетамі цэнтр Крывога Рога, вядома пра загінулую фельчарку і сямігадовага хлопчыка, 47 чалавек пацярпелі, у тым ліку шэсць дзяцей, пашкоджаны больш за 20 дамоў і бальніца.
Уночы 21 лістапада расіяне атакавалі дзіцячы сад у Запарожжы, з-за чаго пацярпеў мужчына і ўзнік пажар у жылым доме побач.
За суткі Расія здзейсніла амаль паўтысячы атак на Запарожскую вобласць, у выніку чаго загінулі два чалавекі і пацярпелі 22, у тым ліку адно дзіця.
У выніку расійскай атакі на Кіеў раніцай 21 лістапада ў Падольскім раёне загарэліся два прыватныя дамы. Агулам на працягу ночы 21 лістапада ў сталіцы Украіны тройчы абвяшчалі паветраную трывогу з-за пагроз БпЛА.
* * *
У 2026 годзе колькасць пацярпелых ад вайны дзяцей ва Украіне дасягнула найвышэйшага ўзроўню за амаль чатыры апошнія гады. На працягу першых 10 месяцаў загінулі 114 непаўналетніх, а 1030 — атрымалі раненні, паведамілі ў Дзіцячым фондзе ААН (ЮНІСЕФ).
Гэта азначае, што кожны дзень больш за трох украінскіх дзяцей гінуць або атрымліваюць раненні, адзначылі ў ЮНІСЕФ.
«Толькі ў мінулым месяцы па ўсёй краіне загінулі або былі паранены па меншай меры 146 дзяцей, што на 150 % перавышае паказчык за той самы перыяд мінулага года.
Апошнія даныя сведчаць пра трывожнае абвастрэнне гвалту, ад якога пакутуюць дзеці ва Украіне. Праз атакі з прымяненнем ракет і ўдарных беспілотнікаў, дзеці і іх сем'і і надалей падвяргаюцца небяспецы дома, у школе і ў сваёй грамадзе, нават далёка ад лініі фронту», – паведамілі ў Дзіцячым фондзе ААН.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі 20 лістапада пашкадаваў Уладзіміра Пуціна, які развязаў вайну супраць Украіны.
У Трампа спыталі, ці лічыць ён Пуціна сябрам ЗША, на што амерыканскі прэзідэнт адказаў, што «не можа гаварыць ад імя Амерыкі», але лічыць кіраўніка Крамля чалавекам, з якім у яго асабіста «вельмі добрыя адносіны».
«І на самой справе яны сапраўды выдатныя. У яго шмат ядзернай зброі — па яе колькасці ён займае другое месца пасля нас. Гэта вельмі добра», — сказаў амерыканскі прэзідэнт.
«Яму даводзіцца нялёгка, бо ён вядзе вайну, якая павінна была доўжыцца адзін дзень, а доўжыцца ўжо пяць гадоў. І шмат людзей загінула з абодвух бакоў. Я думаю, што гэтая вайна скончыцца. Але я лічу, што ў мяне выдатныя адносіны з Пуціным», — дадаў ён.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю тэлеканалу CNN адрэагаваў на словы Трампа пра Пуціна.
«Вядома, прэзідэнту Трампу самому вырашаць, як называць Пуціна, але для Украіны ён вораг, і, вядома, забойца», — сказаў Зяленскі.
«Я думаю, што для большасці людзей у свеце ён таксама забойца, таму што ён забівае. Да таго ж забівае штодня, днём і ноччу», — адзначыў Зяленскі, і падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра баявыя дзеянні на фронце.
«У гэтым годзе ён (Пуцін) не дасягнуў ніводнага поспеху на полі бою. Яны правалілі дзве наступальныя аперацыі, і менавіта таму вырашылі забіваць грамадзянскіх, масава атакаваць нашу інфраструктуру, крытычную інфраструктуру – усе масты, чыгуначныя станцыі, школы, цэрквы і ўсё астатняе», — адзначыў кіраўнік Украіны.
Рыторыку наконт «дружбы» Зяленскі лічыць шкоднай. «Калі гаварыць пра Пуціна так, быццам ён проста хтосьці з вашага атачэння, ваш сябар ці нешта падобнае, вядома, ён не адчувае сябе забойцам. Ён не адчувае дастатковага ціску… Гэта яго не спыняе. Ён адчувае, што можа працягваць», — растлумачыў прэзідэнт Украіны.
* * *
Першая лэдзі ЗША Меланія Трамп у эфіры тэлеканала Fox News выказала надзею, што Украіна і Расія змогуць дамовіцца пра новае спыненне агню да Калядаў 25 снежня, «калі абодва бакі будуць гатовыя да такога кроку».
Меланія Трамп, адказваючы на пытанне пра сваё каляднае жаданне, спачатку сказала, што хацела б міру ва ўсім свеце, і асобна падкрэсліла неабходнасць новага перамір'я паміж Украінай і Расіяй.
«Мы маглі б дамовіцца вельмі хутка, калі Украіна і Расія будуць гатовыя. Перамовы ўжо працягваюцца, так што, магчыма, да Калядаў у нас будзе яшчэ адно спыненне агню», — выказала здагадку яна.
На днях упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец у Вашынгтоне абмеркаваў з Меланіяй Трамп вяртанне ўкраінскіх дзяцей і падтрымку гуманітарных ініцыятыў. Яны таксама пагаварылі пра новыя магчымасці для вяртання грамадзянскіх грамадзян Украіны, якіх Расія незаконна ўтрымлівае ў няволі.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю NBC News заявіў, што Керчанскі мост у акупаваным Крыме з'яўляецца цалкам законнай цэллю для ўкраінскіх атак, паколькі Украіна толькі адказвае на агрэсію Расіі.
«Наша правіла вельмі простае: мы адказваем. Калі яны атакуюць нашу энергетычную інфраструктуру, а гэта здаралася неаднаразова..., мы шукаем спосабы адказаць... Расія павінна адчуць, што такое вайна», — сказаў ён.
«Яны гадамі атакавалі нас — разбуралі масты (пра што многія ўжо забыліся), чыгуначныя шляхі і г. д... Вядома, мы павінны былі адказаць — у прыватнасці, ударам па Крымскім мосце... Гэта — абсалютна законная цэль для нас, бо яны акупавалі наш Крым... Яны пабудавалі гэты мост і заявілі, што гэта частка Расіі», — сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што гэты мост выкарыстоўваецца, каб «перакідваць як мага больш зброі», і «гэты мост не ўстаіць у любым выпадку».