Генштаб УСУ павіншаваў лісабонскі мост Васка да Гама са званнем самага доўгага ў Еўропе
Пасля таго, як Украіна ліквідавала аўтамабільны рух па Крымскім мосце, УСУ ўзяліся за яго чыгуначны складнік. У сувязі з гэтым, на думку ўкраінскіх ваенных, Крымскі мост страціў званне самага доўгага ў Еўропе. А ў ЕС працягваюць падтрымліваць Украіну. Ідуць 1730-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Працягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 211 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 кастрычніка.
На Славянскім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак у раёне Піскуноўкі, Крывой Лукі, Ямпаля і Мікалаеўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 16 атак. Расіяне вялі наступальныя дзеянні ў раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Навасёлаўкі, Мікалаеўкі, Кучарава Яру, Тарэцкага, Сафіеўкі і Вільнага.
На Пакроўскім кірунку адбылося 17 атак у бок населеных пунктаў Ганнаўка, Чарнігаўка, Дабраполле, Навафёдараўка, Навагрышынае, Мірнае, Сяргееўка, Маладзецкае і Новападгародняе.
На Ліманскім кірунку расійцы праводзілі шэсць атак.
* * *
У ноч на 19 лістапада Расія атакавала Украіну супрацькарабельнымі ракетамі «Онікс», 98 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (61 з іх – рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 69 БпЛА (48 з іх — рэактыўныя). Некалькі ўдарных беспілотнікаў яшчэ ў паветры, атака працягваецца.
У сераду вечарам расійскія захопнікі атакавалі беспілотнікамі Чугуеў у Харкаўскай вобласці, паразіўшы шматкватэрны дом. У выніку ўдару былі паранены 60-гадовы мужчына і 75-гадовая жанчына.
Акупацыйныя ўлады Крыма заявілі пра чарговы ўдар па Крымскім мосце ў ноч на 19 лістапада. З-за атакі рух часова перакрылі.
Генштаб УСУ сімвалічна павіншаваў лісабонскі мост Васка да Гама са званнем самага доўгага ў Еўропе. Так ваенныя намякнулі на начную атаку па Крымскім мосце, які раней меў гэтае званне.
У ноч на 19 лістапада дроны атакавалі Альмецьеўск у Татарстане, мясцовыя паведамляюць па меншай меры пра 16 магутных выбухаў. Магчымай цэллю называюць нафтаперапамповачную станцыю «Калейкіна» кампаніі «Транснафта».
* * *
* * *
Трамп, Сі Цзіньпін і Пуцін могуць закончыць вайну за адну сустрэчу, калі гэтага захочуць. Для гэтага ЗША і Кітаю дастаткова прыгразіць Расіі санкцыямі і спыніць з ёй гандаль заявіў у інтэрв'ю NBC News прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Калі Кітай і ЗША ўвядуць санкцыі або скажуць, што ўвядуць іх, спыняць экспарт і імпарт паміж Расіяй і гэтымі краінамі, гэта канец вайны», — сказаў Зяленскі.
Кітай з'яўляецца найбуйнейшым імпарцёрам расійскай нафты. Па словах прэзідэнта, сусветная стабільнасць залежыць ад такіх буйных гульцоў, і калі яны не спыняюць Пуціна, значыць, яны ў гэтым не зацікаўлены.
Зяленскі назваў вялікай памылкай спробы вялікіх дзяржаў вырашаць будучыню свету без удзелу меншых краін. Па яго словах, калі Трамп, Сі і Пуцін будуць вырашаць што-небудзь пра Украіну без яе, гэта застанецца толькі рыторыкай.
Прэзідэнт не пагадзіўся з амерыканскімі перамоўшчыкамі, якія лічаць, што Пуцін стаў больш гнуткім. Па яго меркаванні, мэта Пуціна — поўная акупацыя Украіны, а смяротныя ўдары па грамадзянскіх, у тым ліку паўторныя ўдары па ратавальніках, паказваюць, што ў яго няма палітычнай волі закончыць вайну.
* * *
Камітэт міністраў Савета Еўропы зацвердзіў План дзеянняў для Украіны на 2027–2030 гады пад назвай «Дэмакратычная бяспека для Украіны». Яго агульны арыенціровачны бюджэт складае 70 млн еўра.
Праграма прадугледжвае далейшае набліжэнне ўкраінскага заканадаўства, працы дзяржаўных устаноў і практык кіравання да еўрапейскіх стандартаў. Асаблівую ўвагу ўдзеляць рэформам, якія дапамогуць Украіне пераадольваць наступствы расійскай агрэсіі, умацоўваць дэмакратычную ўстойлівасць і процідзейнічаць замежнаму ўмяшанню.
«План дзеянняў на 2027–2030 гады адлюстроўвае нашу прыхільнасць падтрымцы Украіны», — заявіў генеральны сакратар Савета Еўропы Ален Берсэ. Па яго словах, праграма павінна дапамагчы краіне будаваць дэмакратычную будучыню на аснове глыбокіх структурных змен.
Афіцыйны запуск новага Плана дзеянняў чакаецца ў пачатку 2027 года. Раней Еўракамісія прыняла пакет заканадаўчых прапаноў па наданні Украіне да 45 млрд еўра дадатковай фінансавай падтрымкі ў 2027 годзе.
* * *
Прынц Гары ў інтэрв'ю The Telegraph заявіў, што гатовы зноў служыць у арміі, а таксама заклікаў Еўропу ўсвядоміць пагрозу, якую ўяўляе Расія.
Прынц Гары заявіў, што гатовы зноў служыць ва ўзброеных сілах, папярэдзіўшы, што пагроза з боку Расіі азначае, што «ўсім варта быць напагатове».
«Мы можам шмат чаму навучыцца ў Украіны. Я лічу, што ўвесь свет можа шмат чаму навучыцца ў Украіны. Калі мяне папросяць зноў уступіць у шэрагі ўзброеных сіл, калі ў гэтым будзе неабходнасць, то я на 100% буду гатовы служыць сваёй краіне разам з маімі таварышамі-ветэранамі і ваеннаслужачымі», — падкрэсліў ён.
Акрамя таго, ён лічыць, што Вялікабрытанія знаходзіцца ў канфлікце з Расіяй ужо на працягу апошняга дзесяцігоддзя.
«Тое, што на нас не ляцяць дроны, кулі і ракеты, яшчэ не азначае, што мы не знаходзімся ў стане вайны», – сказаў ён.
* * *
У кастрычніку Расія імпартавала марскім шляхам рэкордныя 390 тысяч тон бензіну пасля ўкраінскіх удараў, якія пашкодзілі нафтаперапрацоўчыя заводы і скарацілі вытворчыя магутнасці, піша Financial Times.
Расія пачала імпартаваць бензін марскім шляхам у ліпені. Грузы паступалі ў паўночныя парты на Балтыйскім і Белым морах, каб пазбегнуць украінскіх атак з дапамогай дронаў у Чорным моры. Сярод пастаўшчыкоў — Марока, Турцыя, Індыя і Егіпет.
Акрамя таго, па ацэнках аналітычнага цэнтра Beroc, з ліпеня Расія атрымала больш за 600 тысяч тон бензіну з Беларусі. Гэта вымусіла Мінск перанакіраваць пастаўкі з іншых экспартных рынкаў і загрузіць свае НПЗ амаль на поўную магутнасць.
Па словах аналітыка Kpler Суміта Рытоліі, імпарт перастае быць толькі часовым спосабам пераадолення лакальных дэфіцытаў і становіцца ўсё больш важным складнікам забеспячэння расійскага рынку бензінам.
Аналітык Finam Сяргей Каўфман ацэньвае вытворчасць бензіну ў Расіі на 13–18% ніжэй за ўзровень пачатку 2026 года.