У адказ на ўльтыматум Пуціна? ЗША адмяняюць скарачэнне сваіх войскаў у Еўропе

Крэмль падчас перамоў вырашыў вярнуць свет у часы «халоднай вайны» — пры гэтым не валодаючы магчымасцямі і рэсурсамі СССР. Амерыканскія перамоўшчыкі кажуць пра гэта, як пра «максімалісцкую пазіцыю», але гэтыя патрабаванні Расіі толькі ўзмацнілі пазіцыі Украіны і Еўропы. Ідуць 1726-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

550849297_1144857957827281_9065615240473488814_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 171 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 лістапада.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 10 атак у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Русінага Яру, Кучарава Яру, Навамікалаеўкі і Вольнага.

На Пакроўскім кірунку адбылося 17 атак у бок населеных пунктаў Дабраполле, Мірнае, Навагрышына, Васільеўка, Сяргееўка, Маладзецкае, Навамікалаеўка і Філія.

* * *

У ноч на 15 лістапада Расія атакавала Украіну 132 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (78 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу Пародыя. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 106 БпЛА, некалькі ўдарных беспілотнікаў яшчэ ў паветры, атака працягваецца.

Вечарам 14 лістапада расійскія КАБы пашкодзілі некалькі шматпавярховак і дзясяткі аўтамабіляў у Запарожжы, у адным з дамоў пачаўся пажар, пацярпелі 6 чалавек, у тым ліку дзіця.

У выніку расійскага ўдару беспілотнікам па аб'екце крытычнай інфраструктуры ў Чарнігаўскай вобласці загінулі двое мясцовых жыхароў, яшчэ адзін чалавек атрымаў раненні.

Уначы 15 лістапада беспілотнікі масава атакавалі горад Ніжнякамск у Рэспубліцы Татарстан — найбуйнейшы ў Расіі цэнтр нафтахімічнай прамысловасці, у выніку чаго ўзнік маштабны пажар на «Ніжнякамскнафтахіме».

Уначы 15 лістапада горад Таганрог у Растоўскай вобласці масава атакавалі беспілотнікі і ўразілі дзве электрападстанцыі.

* * *

912709224_1841233523551361_3361326892834381978_n.jfif

* * *

Крэмль у ходзе перамоў у Абу-Дабі і падчас сустрэчы ў Маскве прапанаваў ЗША вярнуцца да адносін па мадэлі «халоднай вайны» і падзяліць Еўропу на сферы ўплыву, піша The Moscow Times.

Дэлегацыя РФ выступіла за вяртанне да мадэлі супрацьстаяння 1946-1991 гадоў. Па задуме Крамля, гэта прадугледжвае падзел Еўропы на зоны ўплыву і кантроль Масквы над абноўленай версіяй Варшаўскага дагавора, што, на думку расійскага боку, павінна стаць «асновай непадзельнай архітэктуры бяспекі».

Прадстаўнікі Крамля патрабуюць ад Украіны афіцыйнай адмовы ад уступлення ў НАТА, перадачы ў склад РФ абедзвюх абласцей Данбаса і скарачэння абаронных магчымасцей.

Ад НАТА Масква патрабуе вяртання да межаў 1997 года з адводам інфраструктуры з 16 краін і адмовы ад актыўнасці ў Цэнтральнай Азіі.

Асобныя патрабаванні прад'яўленыя да Вялікабрытаніі, якая, на думку Пуціна, павінна адмовіцца ад выкарыстання ядзернай зброі для абароны іншых еўрапейскіх дзяржаў.

* * *

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у сацсетцы Х заявіў, што тыя, хто імкнецца абмежаваць дапамогу Украіне і навязаць ёй несправядлівы мір, робяць уразлівай усю Еўропу, паколькі гэта шлях да новай вайны.

«Тое, што адбываецца ва Украіне, наўпрост тычыцца нас. Гаворка ідзе пра бяспеку ўсіх нас. Дапамагаючы Украіне абараняцца, мы абараняем Францыю і французаў. Калі Расія сваёй жорсткасцю навяжа сваю волю еўрапейскай краіне, то ўся Еўропа будзе аслабленая...

Тыя, хто імкнецца абмежаваць рэсурсы Украіны, у канчатковым выніку хочуць прымусіць яе пайсці на несправядлівы мір, пакінуць яе ў стане пастаяннай уразлівасці, а значыць, зрабіць уразлівай і Еўропу. Гэта дух паражэння. Гэта рэцэпт для наступнай вайны. Гэта не можа быць пазіцыяй Францыі...

Украіна, якая валодае самай магутнай у Еўропе арміяй традыцыйных узброеных сіл, адыгрывае ключавую ролю ў НАТА — у арганізацыі, дзе яна цалкам заслугоўвае свайго месца», — напісаў Макрон.

* * *

Спецпрадстаўнік і зяць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэд Кушнер у сацыяльнай сетцы Х заявіў, што ў ходзе падрыхтоўкі да новага раўнду трохбаковых перамоў з'явілася некалькі новых ідэй, якія могуць альбо прывесці да прарыву, альбо перарасці ў новыя прапановы.

«Цяпер наша ўвага засяроджана на садзейнічанні прамому дыялогу паміж Масквой і еўрапейскімі партнёрамі, а таксама на падрыхтоўцы парадку дня для наступнага раўнду трохбаковых перамоў.

У ходзе гэтых абмеркаванняў з'явілася некалькі новых ідэй, якія зараз вывучаюцца. Некаторыя з іх могуць непасрэдна прывесці да прарыву, тады як іншыя могуць перарасці ў новыя прапановы, якія дапамогуць пераадолець існуючыя рознагалоссі», — напісаў амерыканскі перамоўшчык.

Як адзначыў Кушнер, «СМІ асвятлялі некаторыя з максімалісцкіх пазіцый, высунутых абодвума бакамі, а таксама рэзкую палітычную рыторыку».

«У ходзе нашых закрытых абмеркаванняў абодва бакі ўсведамляюць, што для спынення гэтай вайны неабходныя практычныя кампрамісы. Тыя з нас, хто імкнецца знайсці рашэнне, працягваюць сур'ёзную і канструктыўную працу», — напісаў ён.

* * *

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пераглядае падыходы да скарачэння амерыканскага ваеннага кантынгенту ў Еўропе, піша Bloomberg. Калі раней абмяркоўваўся магчымы вывад да 25 тысяч амерыканскіх ваеннаслужачых, што выклікала занепакоенасць еўрапейскіх саюзнікаў, то цяпер у Вашынгтоне разглядаюць значна меншае скарачэнне — прыкладна на 5 тысяч чалавек, паведамілі крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Усяго на еўрапейскім кантыненце зараз знаходзяцца каля 80 тысяч амерыканскіх ваеннаслужачых.

Найбольш значнае скарачэнне амерыканскага ваеннага кантынгенту можа закрануць Германію. Менавіта там размешчана больш за ўсё амерыканскіх ваеннаслужачых сярод еўрапейскіх краін.

У той жа час на ўсходнім флангу Альянсу плануецца ўзмацніць ваенную прысутнасць. Дзяржавы, якія мяжуюць з Расіяй, гатовыя ўдзельнічаць у фінансаванні выдаткаў на размяшчэнне амерыканскіх ваенных на сваёй тэрыторыі.

Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні будзе прымаць Дональд Трамп. Чакаецца, што 1 снежня міністр абароны перадасць амерыканскаму прэзідэнту выніковыя рэкамендацыі адносна далейшай прысутнасці войскаў у Еўропе.