У выніку расійскіх удараў пашкоджаны амбасады краін ЕС у Кіеве
У выніку расійскіх удараў былі пашкоджаны амбасады краін ЕС у Кіеве. У адказ Еўропа ўзмоцніць падтрымку Украіны. А Уладзімір Зяленскі просіць канкрэтна растлумачыць, што для гарантаў бяспекі азначае артыкул 5 Паўночнаатлантычнага Альянсу. Ідуць 1731-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Працягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 278 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 лістапада.
На Ліманскім кірунку расійцы праводзілі 13 атак каля населеных пунктаў Надзея, Грэкаўка, Зялёная Даліна, Калодзежы, Дзіброва і ў бок Лімана.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Вольнае і ў бок Мікалаеўкі, Навапаўлаўкі, Тарэцкага, Кучарава Яру, Залатога Калодзежа.
На Пакроўскім кірунку адбылося 24 атакі непадалёк населеных пунктаў Новы Данбас, Краснападолле, Дабраполле, Навагрышына, Мірнае, Маладзецкае і ў кірунку Гулівага, Сяргееўкі.
На Паўночна-Слабажанскім і Курскім кірунках мінулых сутак агрэсар здзейсніў 10 атак.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне дзевяць разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў бок населеных пунктаў Новае Запарожжа, Раздзянка, Ягораўка і каля Рыбнага, Верхняй Тэрсы, Чароўнага.
* * *
Тры чалавекі загінулі ў выніку расійскай атакі на Кіеў раніцай 20 лістапада. Пацярпелі каля 15 чалавек. Сем чалавек, якія атрымалі раненні, былі шпіталізаваны. У выніку начной балістычнай атакі расіян на сталіцу былі пашкоджаныя тры масты праз Дняпро.
Масіраваная атака на Кіеў працягваецца. Кіеўская гарадская ваенная адміністрацыя заклікала жыхароў сталіцы абмежаваць перамяшчэнне па горадзе.
Пад раніцу 20 лістапада расіяне другі раз за ноч абстралялі Шаўчэнкаўскі раён Харкава, нанеслі ўдар па жылым комплексе. Раней ноччу расіяне нанеслі ўдар па медыцынскай установе горада, чатыры чалавекі пацярпелі.
Расійскія войскі атакуюць захад Украіны крылатымі ракетамі і беспілотнікамі. Паведамляецца пра выбухі ў Львове і Івана-Франкоўску. У Львоўскай, Закарпацкай і Івана-Франкоўскай абласцях раніцай 20 лістапада ўжылі аварыйныя адключэнні электраэнергіі з-за атак па энергетычнай інфраструктуры.
Беспілотнікі атакавалі хімічны завод «Дарагабуж» у Смаленскай вобласці РФ – буйнога вытворцу кампанентаў для выбуховых рэчываў, якія выкарыстоўвае расійскі ВПК.
* * *
Прадстаўніца Еўрапейскага Саюза па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Кая Калас у сацыяльнай сетцы Х заявіла, што ЕС выкліча пасла Расіі ў сувязі з ударамі па Кіеве 19 лістапада.
Калас заявіла, што ў той час, як кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін «крочыў па чырвонай дарожцы ў Шэньчжэне, расійскія ўдары паразілі Кіеў і нанеслі шкоду некалькім еўрапейскім і нееўрапейскім пасольствам».
«Дыпламатычныя памяшканні знаходзяцца пад абаронай міжнароднага права. Пагарда Расіяй гэтым правам праяўляецца штодня», — падкрэсліла яна.
«Мы яшчэ больш павялічым дапамогу Украіне і ціск на Расію, каб яна спыніла вайну», — паабяцала Калас.
19 лістапада паведамлялася, што ў выніку расійскіх атак пашкоджанні атрымалі пасольствы Нідэрландаў і Аўстрыі.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 19 лістапада правёў сустрэчу са Стывам Уіткафам, Джарэдам Кушнерам і еўрапейскімі дарадцамі па пытаннях нацыянальнай бяспекі.
Як напісаў Зяленскі ў сацсетках, у ходзе сустрэчы «надалі ўвагу гарантыям бяспекі, якія стануць рэальным стрымліваючым фактарам для Расіі».
Раней спецпрадстаўнік Дональда Трампа Джарэд Кушнер заявіў, што ЗША ўдалося дабіцца ад РФ гатоўнасці разгледзець канцэпцыю, згодна з якой любое пагадненне пра гарантыі бяспекі для Украіны будзе грунтавацца на механізме, аналагічным 5-му артыкулу НАТА.
* * *
Падчас зносін са СМІ пасля сустрэчы «Кааліцыі ахвотных» прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што не ўпэўнены, што ва Украіны і ЗША аднолькавае бачанне таго, што стаіць за фразай «гарантыі бяспекі, як у артыкуле 5 НАТА».
«Я не ўпэўнены, што ў нас аднолькавае разуменне артыкула 5. Таму што для мяне гэта азначае, што на нашай тэрыторыі будуць дзейнічаць узброеныя сілы партнёраў. Таму маё пытанне — а як наконт амерыканскіх салдат? Мы былі б рады, калі б у нас былі амерыканскія базы, як на Блізкім Усходзе — яны ж, дарэчы, таксама не ў НАТА. Таму ці ёсць адказ на гэта? У мяне пакуль — не», — сказаў Зяленскі.
«Што будуць рабіць партнёры, калі Расія паспрабуе зноў напасці? Гэта павінна быць зразумела не толькі партнёрам, але і грамадству, інвестарам, якія прыйдуць ва Украіну. Ім патрэбныя выразныя адказы», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
* * *
Краіны, якія ўваходзяць у «кааліцыю ахвотных», па выніках сустрэчы ў Берліне заклікалі Расію да энергетычнага перамір'я на час зімы.
«Кааліцыя ахвотных» лічыць, што ў якасці першага кроку да спынення баявых дзеянняў Расія павінна «пагадзіцца на энергетычнае перамір'е на перыяд зімы».
«Улічваючы важнасць бяспечнага праходу і свабоды суднаходства ў Чорным моры для забеспячэння глабальнай харчовай бяспекі, яны падкрэслілі неабходнасць таксама дамовіцца пра перамір'е, каб забяспечыць экспарт харчавання з гэтага рэгіёна», — гаворыцца ў заяве.
Лідары зноў пацвердзілі сваю непахісную салідарнасць з Украінай і яе права на самаабарону супраць расійскай агрэсіі, а таксама сваю прыхільнасць доўгатэрміновай і ўсебаковай падтрымцы Украіны, у прыватнасці шляхам аказання палітычнай, дыпламатычнай, ваеннай, фінансавай і грамадзянскай дапамогі.