Пуцін ізноў «узяў» Канстанцінаўку — чацвёрты раз за гэты год
Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін прапанаваў гуманітарнае перамір’е ў Канстанцінаўцы — месцы, якое не кантралюецца расійскімі войскамі. Увогуле, ён патрабуе шмат з таго, што РФ не кантралюе, і не адыходзіць ад сваіх максімальных патрабаванняў. Але амерыканскія перамоўшчыкі яго паціху «праціскаюць» — дамагліся ўдзелу ў перамовах прадстаўнікоў Еўропы. Ідуць 1724-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Канстанцінаўка. Фота з mis.dp.ua
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 175 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 лістапада.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 13 атак ў раёнах Канстанцінаўкі, Аляксеева-Дружкоўкі, Раскошнага, Мікалаеўкі і Русінага Яру.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 11 атак у раёнах Сяргееўкі і Маладзецкага, а таксама ў кірунках Дабраполля, Вольнага і Навагрышынага.
На Гуляйпольскім кірунку адбіта дзевяць атак у раёнах Цернаватага, Далінкі і Белагор'я.
* * *
У ноч на 13 лістапада Расія атакавала Украіну 117 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (63 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу Пародыя. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 80 БпЛА. Атака працягваецца, некалькі ўдарных беспілотнікаў яшчэ ў паветры.
У Шаўчэнкаўскім раёне Кіева ў выніку начной расійскай атакі ўспыхнуў пажар у лякарні: адзін чалавек пацярпеў, сямёра выратавалі супрацоўнікі экстранных службаў, яшчэ 30 пацыентаў і супрацоўнікаў эвакуявалі ў бяспечнае месца.
У ноч на 13 лістапада расійскія войскі нанеслі ўдар беспілотнікам па шматпавярховым доме ў Роўне. Шэсць чалавек пацярпелі.
У ноч на 13 лістапада расійскія войскі нанеслі ўдар дронам па Сярэдзіна-Будскай грамадзе Шосткінскага раёна Сумскай вобласці. Два чалавекі загінулі.
У Вінніцы ў выніку расійскага нападу пацярпелі дзве жанчыны, пашкоджаны жылыя дамы і дзіцячы сад.
Расійскія войскі нанеслі ўдар па мэблевым прадпрыемстве ў Адэскай вобласці: узнік пажар, ёсць пацярпелыя.
У ноч на 13 лістапада беспілотнікі масіравана атакавалі расійскі Валгаград і вобласць. У выніку атакі на мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе ўспыхнуў пажар.
Растоў-на-Доне і Растоўская вобласць падвергліся атацы ў ноч на 13 лістапада. У выніку ўдараў у самім Растове загарэлася вытворчае памяшканне, а ў Аксайскім раёне — склад плошчай 1500 квадратных метраў.
* * *
* * *
Спецпасланнік Трампа Джарэд Кушнер заявіў журналістам у Дубліне, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін гатовы дапусціць Еўропу да наступных перамоў пра спыненне вайны ва Украіне.
Кушнер расказаў, што ЗША на працягу апошніх месяцаў вельмі цесна супрацоўнічалі з еўрапейцамі. Ён назваў гэта «вельмі важным».
«Мы не можам заключыць гэтае пагадненне без удзелу еўрапейскага боку. Мы падкрэслівалі прэзідэнту Пуціну, наколькі гэта важна. Прэзідэнт Зяленскі таксама рашуча падтрымлівае гэты падыход — ён казаў пра гэта з самага пачатку. Думаю, нам удалося прыйсці да пагаднення з прэзідэнтам Пуціным, і ён гатовы паспрабаваць», — сказаў Кушнер.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Джарэдам Кушнерам і Стывам Уіткафам 12 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Дубліне анансаваў «найбуйнейшы» абмен ваеннапалоннымі з РФ.
Канкрэтную лічбу па абмене прэзідэнт не назваў, аднак раней паведамляў, што на перамовах абмяркоўвалася магчымасць фармату 1000 на 1000 або 1500 на 1500.
«Хлопцы, нашы салдаты вяртаюцца дадому, я вельмі ўдзячны ўсім нашым перамоўшчыкам. Гэта рэальны вынік. Перш за ўсё гэта поспех для сем'яў, вядома, і для ўсіх нас, бо людзі вернуцца дадому, да сваіх сем'яў», — сказаў Зяленскі.
* * *
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што расійскія войскі нібыта кантралююць Канстанцінаўку на поўначы Данецкай вобласці, і прапанаваў правесці ў горадзе гуманітарную місію па ўзоры нядаўняй аперацыі ў Алешках. Пуцін сцвярджае, што ў Канстанцінаўцы застаюцца да 500 грамадзянскіх.
«Давайце працягнем гэтую сумесную працу. У рамках стратэгічнай лініі абароны Украіны, як там лічаць, на Данбасе ёсць такі населены пункт — Канстанцінаўка. Там яшчэ каля 400-500 грамадзянскіх. Давайце зробім тое ж самае, што мы зрабілі ў Алешках», — прапанаваў кіраўнік Крамля.
Па яго словах, Расія нібыта гатовая забяспечыць бяспеку са свайго боку, і дадаў, што для размінавання падыходаў да горада, маўляў, спатрэбіцца пяць сутак. Ён таксама прапанаваў прыцягнуць да гуманітарнай місіі прадстаўнікоў замежных медыя.
Гэта ўжо чацвёртая заява Пуціна на працягу года пра ўстанаўленне расійскага кантролю над Канстанцінаўкай.
* * *
Украінскі партызанскі рух АТЕШ валодае данымі пра тое, што расійскае камандаванне можа выкарыстаць гуманітарную місію ў раёне Канстанцінаўкі Данецкай вобласці для схаванага перакіду ваенных у горад.
Расійскія ваенныя плануюць пранікнуць у шэрую зону пад выглядам супрацоўнікаў гуманітарнай місіі і валанцёраў, а затым замацавацца на пазіцыях і прасунуцца ў гарадскую забудову.
Па даных руху, адпаведны план распрацоўвае камандаванне 8-й агульнавайсковай арміі Расіі, якая дзейнічае на Данецкім кірунку.
У АТЕШ нагадалі пра тое, што падчас гуманітарнага перамір'я ў Алешках расійскія войскі выкарыстоўвалі рэжым спынення агню для перагрупоўкі сіл і маскіроўкі перамяшчэнняў.
* * *
Шматнацыянальны міратворчы кантынгент, які еўрапейскія краіны плануюць увесці ва Украіну як адну з гарантый бяспекі для Кіева, заўсёды будзе «законнай мэтай» для расійскіх ваенных, заявіў кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы са спецыяльнымі прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам, інфармуе TMT.
«Мы з самага пачатку казалі, што прысутнасць любых замежных войскаў на тэрыторыі Украіны для нас абсалютна непрымальная. Таму што мы лічым, што гэта пагражае бяспецы Расійскай Федэрацыі», — паскардзіўся Пуцін.
Па яго словах, увядзенне еўрапейскіх войскаў ва Украіну будзе разглядацца як «працяг вайны», і заклікаў амерыканскіх дыпламатаў «папрацаваць» з еўрапейцамі.
Разам з тым, Пуцін зноў даў зразумець, што не гатовы да перамір'я па цяперашняй лініі фронту.
«Для нас існуе толькі адна лінія размежавання — лінія дзяржаўнай граніцы. Таму што тады будзе зразумела: тут мы, а тут — вы», — дадаў ён, намякаючы на анэксію чатырох абласцей Украіны ў адміністрацыйных межах.