Як магілёўскіх вучняў выкарыстоўваюць у прапагандзе вайны ва Украіне

У Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы доўгі час існуе ваенна-патрыятычны клуб «Сокал». У 2025 годзе вучні гэтага каледжа, што займаюцца ў клубе «Сокал», упершыню ўдзельнічалі ў расейскіх турнірах-спаборніцтвах з назвай «Кубак памяці загінулых байцоў спецназа». Прычым двойчы — у чэрвені і ў кастрычніку 2025-га. Кастрычніцкі турнір быў нават наўпрост прысьвечаны Дню сілаў спецыяльнага прызначэньня Расеі, які адзначаецца 24 кастрычніка.

2_992.jpg

Сярод спаборніцкіх дісцыплінаў на тых турнірах былі, напрыклад, марш-кідок на 10 км у баявой выкладцы і тактычная стральба.

Гэты ўдзел можа быць зьвязаны са з'яўленьнем у сьцянах агралесатэхнічнага каледжа новага выкладчыка ваенна-патрыятычнага выхаваньня — Паўла Башарымава. Менавіта Башарымаў суправаджаў вучняў каледжа на спаборніцтвах прынамсі ў чэрвені 2025 года. 

Да таго Павел Башарымаў з 2003 года служыў у розных падраздзяленьнях ворганаў унутраных справаў, у тым ліку з 2019-га — у аддзелу аховы правапарадку Ленінскага РАУС Магілёва, спачатку намеснікам кіраўніка згаданага аддзела, а потым кіраўніком. У кастрычніку 2024 года ён звольніўся з міліцэйскае структуры («пайшоў на заслужаны адпачынак», як сказана ў міліцэйскіх навінах), пасьля чаго працаўладкаваўся ў Магілёўскі агралесатэхнічны каледж.

Найважнейшым момантам, што тычыцца дзейнасьці Башарымава на міліцэйскай службе, стаў ягоны ўдзел у арганізацыі правакацыяў і затрыманьнях журналістаў. Зафіксавана, што Павел Башарымаў кіраваў затрыманьнем магілёўскіх журналістаў Аляксандра Буракова, Аліны Скрабуновай і Аляксандра Сідарэўскага (зараз усе яны пакінулі Беларусь).

У траўні 2026 года Павел Башарымаў стаў адным з пераможцаў  рэспубліканскага конкурсу педагагічных працаўнікоў у намінацыі «PROМужнасьць: Формула патрыёта», і быў узнагароджаны дыплёмам Міністэрства адукацыі Беларусі. Вельмі падобна, што такім чынам Міністэрства адукацыі ацаніла ягоныя высілкі па ўцягваньні вучняў у «сьвет расейскага спецназа».

Турніры «Кубак памяці загінулых байцоў спецназа» сярод выхаванцаў расейскіх ваенна-патрыятычных клубаў праводзяцца некалькі разоў на год ужо больш за дзясятак гадоў, і адным з асноўных іх арганізатараў з'яўляецца расейская Федэральная служба выкананьня пакараньняў.

У 2025 годзе менавіта праз удзел у турнірах магілёўскага ВПК «Сокал» яны былі аб'яўленыя міжнароднымі. 

1_1125.jpg

І ў чэрвені, і ў кастрычніку 2025 года каманда з Беларусі была яўна пазначаная нараўне зь іншымі камандамі, яе ўдзельнікі падчас прадстаўленьня камандаў трымалі афіцыйны сьцяг Беларусі, то бок іх удзел быў бачны. Але потым, пачынаючы са сьнежня 2025 года, і далей, у 2026-м, пачала адбывацца дзіўная рэч. На здымках і відэазапісах, зробленых у гэты перыяд падчас прадстаўленьня камандаў, аніразу не было бачна ані каманды зь Беларусі, ані сьцягоў Беларусі або сьцяга якога-небудзь з беларускіх ваенна-патрыятычных клубаў. Тым ня менш у расейскіх навінах пастаянна сьвярджалася, што як у сьнежні 2025-га ў акупаваным Севастопалі, так і ў лютым і кастрычніку 2026-га ў Расеі нейкія падлеткі з Беларусі нібыта прыязджалі на турніры. 

Дарэчы, у «Пляне выхаваўчае працы на 2026/2027 гады» Магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа таксама няма згадкі пра магчымы ўдзел у гэтых турнірах, пры тым, што, напрыклад, у дакуманце заплянаваны ўдзел у ваенна-патрыятычнай гульні «Прарыў» у Беларусі. 

Варта адзначыць, што пачынаючы менавіта са сьнежня 2025 года агрэсіўна-ідэялагічная «накачка» падчас турніраў «Кубак памяці загінулых байцоў спецназа» ўзрасла. Тады турніры афіцыйна зьмянілі назву на «Кубак памяці загінулых байцоў спецназа і СВА», то бок расейскіх вайскоўцаў, ваюючых супроць Украіны. Тады ж у акупаваным Севастопалі было аб'яўлена, што суддзямі на турніре з'яўляюцца так званыя «ўдзельнікі СВА».

А ў лютым 2026-га на наступны турнір прыехаў адзін з расейскіх сьпявакоў-прапагандыстаў ваеннае агрэсіі ды сьпеў песьню са словамі «Бойся, мы тут! Русские идут! // Мы — славяне, один Бог, одна земля, одна свобода. Мы дети одного народа» (што практычна паўтарае ідэялагічную формулу нацызма «Адзін народ, адна краіна, адзін фюрэр»), а падлеткі, стоячы ў шарэнзе, падпявалі.

Агулам сітуацыя выглядае так, што пасьля прыпыненьня паездак ВПК «Сокал» на «Кубак памяці загінулых байцоў спецназа» расейцы пачалі сьвядома ствараць ілюзію пастаяннага ўдзелу беларусаў у сваіх гульнішчах.

Такім чынам, праз далучэньне да расейскага турніру сілавікоў магілёўскія падлеткі аказаліся ўцягнутыя ў прапаганду вайны ва Украіне — можа быць, нават пра тое і ня ведаючы. Але факт застаецца — каб яны не ўдзельнічалі ў расейскім «спецназаўскім» турніры, не было б і падставы казаць пра іх «падтрымку СВА».

І такі спосаб дзеяньняў расейцаў можа быць распаўсюджаны значна шырэй, чым толькі ў выпадку з канкрэтнымі турнірамі.