У свеце «ружовых поні»: ці доўга можна трымацца на фікцыях?

Ці то на Лукашэнку і яго ўрад паўплывала спёка, ці то перапады надвор'я і тэмператур, але яны зноў занурыліся ў свет сваіх фантазій і мрой. Нехта зноў патрабуе немагчымага, не будучы рэалістам, а нехта проста падтасоўвае рэальнасць ва ўгоду свайму ўяўленню пра яе. Але эканоміцы і палітыцы ад гэтага не лягчэй.

_belarus_ekanomika_pradpryemstva_zavod_impartazamjaszczenne_2024_fota_novy_czas__6_.jpg

Аляксандр Лукашэнка здзейсніў паездку ў Брэст і вобласць. Чаго яго туды панесла — незразумела. Але ў выніку наша інфармацыйная прастора прырасла новымі мемамі, а мы даведаліся пра новыя прарыўныя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы.

Аказваецца, Лукашэнка вырашыў заманіць у беларускую сельскую гаспадарку не толькі узбекаў. Наведваючы Брэст, беларускі кіраўнік выдаў: «Каранкевіч (віцэ-прэм'ер), вон не можа з Прадко (гендырэктар «Гарызонта») зрабіць робата. Усё тэлепаюцца і тэлепаюцца. Дай бог, да канца года штосьці з тваёй дапамогай зробяць», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка.

Уся справа ў тым, што ў апошні дзень мінулага года падчас наведвання «Гарызонта» Лукашэнку паказалі макет даільнага робата. Прэс-служба Лукашэнкі тады пісала, што быў прадстаўлены макет аўтаматызаванай даільнай устаноўкі на аснове робатызаванага маніпулятара з элементамі штучнага інтэлекту. Адзначалася, што «прадукт пакуль не гатовы да масавай вытворчасці, але працэс ідзе».

Відаць, прарыўную тэхналогію падвялі тыя самыя «элементы штучнага інтэлекту». Гэта ўсё ж інтэлект, хоць і штучны. І гэты інтэлект не хоча працаваць у беларускай сельскай гаспадарцы, як і любы іншы інтэлект, хоць крыху не закрануты прапагандай.

Жарты жартамі, але на самой справе, і мы не стамляемся паўтараць: якая можа быць рабатызаваная вытворчасць са штучным інтэлектам у краіне, якая знаходзіцца пад тэхналагічнымі санкцыямі? На якія прарыўныя тэхналогіі мы разлічваем?

Ды што там робат… У ходзе таго ж візіту Лукашэнка наведаў Брэсцкі электралампавы завод, які ўваходзіць у холдынг «Гарызонт». Ён запатрабаваў забяспечыць на заводзе вытворчасць… светладыёдных лямпачак! «Без асвятлення, без лямпачкі — нікуды. Таму гэтае прадпрыемства павінна развівацца», — заявіў Лукашэнка.

Лямпачку! Мы не можам выпусціць простую капеечную светладыёдную лямпачку! А замахнуліся на рабатызацыю сельскай гаспадаркі…

Але ў нашага ўрада ёсць адна вельмі добрая для іх суперздольнасць: выдаць правалы за дасягненні. На гэты раз адзначыўся кіраўнік Нацбанка і экс-прэм'ер Раман Галоўчанка. Перад пасяджэннем, на якім падводзілі вынікі першага паўгоддзя, ён заявіў, што давераны яму Нацыянальны банк і банкаўская сістэма ў цэлым «не толькі выконваюць, але і перавыконваюць па ўсіх асноўных задачах» узятыя на сябе абавязацельствы.

«Банкаўская сістэма мабілізавалася ў адпаведнасці з даведзенымі задачамі, і на сённяшні дзень абстаноўка нас цалкам задавальняе, мы праглядаем пазітыўныя вынікі і да канца бягучага года», — сказаў ён.

Паводле Галоўчанкі, расце спажывецкае крэдытаванне: за паўгоддзе банкі выдалі крэдытаў на набыццё беларускіх тавараў на 1 млрд рублёў. Актыўнымі тэмпамі пры гэтым ідзе крэдытаванне куплі айчынных аўтамабіляў (зразумела, бо іншых жа й няма!). У банках таксама расце доля ўкладаў на тэрмін ад 1 да 3 гадоў.

«Але што больш важна — гэта наша задача, якую мы вельмі асцярожна ставілі, але тым не менш бачым станоўчы развіццё падзей: гэта прыцягненне ўкладаў на тэрмін звыш 3 гадоў, і ў агульным аб’ёме ўкладаў насельніцтва гэта доля набліжаецца ўжо да 5%... Гэта добры сігнал даверу да банкаўскай сістэмы ў цэлым і да эканамічнай палітыкі, якая рэалізуецца ў дзяржаве», — сказаў Галоўчанка.

Пяць працэнтаў укладаў звыш трох гадоў — гэта давер да банкаўскай сістэмы? Вы сур'ёзна? А калі павярнуць статыстыку і сказаць, што 95% банкаўскіх укладаў — гэта ўклады на тэрмін да трох гадоў? Гэта таксама будзе знакам даверу да беларускай банкаўскай сістэмы?

Ці мы неяк па-рознаму разумеем слова «давер»? Хутчэй за ўсё так, бо ў межах беларускага ўрада ўсё, што вышэй за шэсць месяцаў — гэта, напэўна, «доўгатэрміновае планаванне». Бо беларуская ўлада пасля 2020-га — сітуацыйная, і жыве адным днём. Ёй бы, як у той камуністычнай казцы: «ноч прастаяць, ды дзень пратрымацца», а там — час пакажа. Асабліва ў эканоміцы, якая моцна абапіраецца на Расію. А ў Расіі — асноўным спонсары «беларускага эканамічнага цуда», — яна таксама далёка не фантан.

А будзе яшчэ горш — таму што «скрэпы» развальваюцца. Вось і прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян пасля таго, як Расія ўвяла абмежаванні на экспарт тавараў з Арменіі ў адказ на курс Ерэвана па збліжэнні з Еўрасаюзам, папярэдзіў пра крах Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Праблема не ў Арменіі, а ў ЕАЭС, таму што на самой справе атрымліваецца, што Еўразійскі эканамічны саюз паралізаваны і не працуе. Калі гэтае пытанне не будзе вырашана ў найбліжэйшы час, я прадказваю, што гэта стане пачаткам канца ЕАЭС», — заявіў Пашынян журналістам.

Тое, што Пуцін задумваў у якасці «мяккай сілы» або «эканамічнага прымусу», рассыпаецца на вачах. Практычна пахаваны СНД, так і не пачаў жыць Мытны саюз, цяпер ЕАЭС заканчваецца… Зразумела, што ад Расіі трэба валіць падалей.

Лукашэнка зноў паспрабаваў гэта зрабіць. Але неяк дзіўна.

Прымаючы даверчыя граматы ад паслоў дзевяці дзяржаў, беларускі кіраўнік раптам заявіў, што ён належыць да «глабальнай большасці». І адзначыў, што паслы гэтых краін таксама належаць да «дзяржаў глабальнага большасці, роля якой ў міжнародных справах імкліва і, галоўнае, заслужана расце. Краіны, якія ў яго ўваходзяць, маюць падобныя падыходы да светаўладкавання, пабудовы партнёрства, урэгулявання канфліктаў. Ім належныя павага да нацыянальнага суверэнітэту, непрыняцце ціску, дыктату, незаконных санкцый», — вяшчаў Лукашэнка.

Такім чынам, паводле Лукашэнкі, «глабальная большасць», гэта: Узбекістан, Бразілія, Перу, Манголія, М'янма, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Лівія, Руанда.

На месцы Бразіліі, Саудаўскай Аравіі і Карэі я б пакрыўдзіўся.

Навіны гэтага тыдня паказваюць, што Лукашэнка і яго падпарадкаваныя не проста адарваныя ад рэчаіснасці — яны жывуць у сваім свеце «ружовых поні», дзе ў іх усё добра і выдатна. І таму не саромяцца трансляваць свой унутраны свет вонкі — што часам выглядае недарэчна і камічна.

Зрэшты, пра гэта мы пісалі шмат разоў. Засталося дачакацца іх «прызямлення» ў рэальны свет. А яно здарыцца, рана ці позна.

Мяркуючы па падзеях у Расіі — хутчэй рана, чым позна.