Генеральная пракуратура Украіны разглядае магчымасць узбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да Лукашэнкі

Супраць Лукашэнкі ва Украіне могуць узбудзіць  крымінальную справу за суагрэсарства ў вайне. А пакуль Дональд Трамп вагаецца з наданнем Украіне ліцэнзіі на вытворчасць Patriot, РФ працягвае забіваць балістыкай мірнае насельніцтва. Ідуць 1620-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж з udf.name

Калаж з udf.name

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 243 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 жніўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмаў расійцаў у раёнах Дарожнага, Удачнага, Новааляксандраўкі і ў бок Тарэцкага, Кучарава Яра, Вольнага, Новага Шахавага, Сяргееўкі, Біліцкага, Шаўчэнкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 26 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і ў бок Новапаўлаўкі і Доўгай Балкі.

На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 19 разоў у раёнах Закітнага, Крывой Лукі, Рэзнікоўкі і ў бок Піскуноўкі і Рай-Аляксандраўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 17 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Старыцы, Заходняга, Дварачанскага і ў бок Ліману, Ізбіцкага, Усцінаўкі, Калодзежнага, Радзькоўкі.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 12 атак у бок Уздвіжаўкі, Косіўцава, Цвятковага, Стараукраінкі, Навасёлаўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне 10 разоў спрабаваў уклініцца ў абарону УСУ каля Ліману, Азёрнага, Навасёлаўкі і Зарэчнага.

* * *

Расійскім войскам удалося прасунуцца ў Данецкай вобласці — каля вёскі Каленікі ў Краматорскім раёне — у напрамку да Славянска, паведаміў маніторынгавы праект DeepState. Па выніках аналізу карт DeepState, войскі РФ рухаюцца ў бок Арэхаваткі і Рай-Аляксандраўкі, а таксама з боку Фёдараўкі і Нікіфараўкі, спрабуючы ахапіць абцугамі пэўную тэрыторыю ў бок Славянска.

Засяроджванне расійскіх атак на Славянску адзначае таксама Генштаб УСУ.

* * *

У ноч на 1 жніўня расійскія войскі атакавалі Украіну 35 ракетамі розных тыпаў і 185 беспілотнікамі. Асноўным напрамкам удару была Кіеўская вобласць, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ. Супрацьпаветраная абарона збіла ці нейтралізавала 156 мэтаў — дзве ракеты і 154 беспілотнікі.

У выніку расійскіх ракетных удараў па Кіеве ў ноч на 1 жніўня загінулі 9 чалавек, яшчэ больш за 30 атрымалі раненні. У выніку атакі адбыліся пажары і разбурэнні ў 5 раёнах сталіцы Украіны.

У пятніцу, 31 ліпеня, РФ ударыла кіраванымі авіябомбамі па навучальнай установе ў Херсоне. Пацярпелі 5 чалавек — 3 жанчын і 2 мужчын.

Падчас ліквідацыі наступстваў удару расіяне неаднаразова спрабавалі атакаваць ратавальнікаў БпЛА. У выніку гэтага непадалёку адбыўся пажар у прыватным жылым доме.

* * *

760701359_1749454049633321_5537317121069764979_n.jfif

* * *

ЗША пакуль не далі Украіне ліцэнзію на вытворчасць перахопнікаў для ЗРК Patriot. Больш за тое, гэтага можа не адбыцца і ў будучыні, заявіў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп падчас прэс-канферэнцыі.

Журналіст спытаў Трампа, якія дзеянні з боку Украіны ён хоча ўбачыць, перш чым прыме рашэнне аб наданні Кіеву ліцэнзіі на вытворчасць Patriot. Ён таксама нагадаў прэзідэнту ЗША яго словы пра тое, што той «не ўпэўнены, ці варта гэта рабіць».

«Пакуль мы на гэта не згадзіліся. Мы гэта абмяркоўваем. Але вельмі няпроста перадаваць такія тэхналогіі. І я не думаю, што гэта калі-небудзь адбудзецца, але яны могуць звярнуць іх супраць вас. Такое магчыма», — падкрэсліў Трамп.

Ён заявіў, што ЗША павінны «вельмі асцярожна ставіцца да перадачы сакрэтаў гэтай зброі», і дадаў, што «яго немагчыма проста ўзяць і скапіяваць».

«Праўда, цяпер нам трэба вырабляць яе хутчэй. Мы амаль усю яе ўжо аддалі», — адзначыў Трамп.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў тэлефонныя перамовы з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам. «Атрымаў добры тэлефонны звонак ад віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў Джэй Дзі Вэнса. Абмеркавалі вынікі нашай нядаўняй сустрэчы з прэзідэнтам Трампам у Вашынгтоне — пазітыўнай і прадуктыўнай», — напісаў ён.

Па словах Зяленскага, расійскія паветраныя ўдары па Украіне не спыняюцца, і СПА — а менавіта перахопнікі для «патрыётаў» супраць балістыкі – застаецца асноўным прыярытэтам.

«Таксама гаварылі з віцэ-прэзідэнтам аб наступствах расійскай вайны для сусветных рынкаў. Дамовіліся, што нашы каманды будуць на сувязі і прапрацуюць усё, што сёння абмеркавалі. Дзякуй Злучаным Штатам за падтрымку Украіны і нашых людзей», — дадаў кіраўнік Украіны.

* * *

Вывучэнне аскепкаў расійскай ракеты Х-101, якая даляцела да Польшчы, паказала, што для удараў па Украіне РФ выкарыстоўвае нядаўна вырабленае ўзбраенне, паведаміў міністр абароны Польшчы Уладзіслава Касіняк-Камыш у сетцы Х.

«Ракета была пабудавана ў другім квартале гэтага года на заводзе недалёка ад Масквы. Гэта азначае, што Расія выкарыстоўвае для абстрэлу Украіны ракеты, вырабленыя зусім нядаўна. Гэта пацвярджае інфармацыю, што расійскія ваенныя запасы знясіліліся», — адзначыў Касіняк-Камыш.

Ён таксама падкрэсліў, што далейшая падтрымка Украіны застаецца важнай, паколькі, на яго думку, яна спрыяе набліжэнню заканчэння вайны і напрамую ўплывае на бяспеку еўрапейскіх дзяржаў.

* * *

Офіс генеральнага пракурора Украіны атрымаў зварот ад Офіса прэзідэнта з просьбай разгледзець магчымасць узбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік упраўлення інфармацыйнай палітыкі і камунікацый Офіса генеральнага пракурора Мар'яна Гаёўская паведаміла, што «зарэгістраваны зварот, які паступіў з Офіса прэзідэнта Украіны для разгляду ў межах кампетэнцыі. У цяперашні час зварот знаходзіцца на разглядзе. Па выніках яго разгляду заяўнікам будзе паведамлена ва ўстаноўленым законам парадку».

У накіраваным раней у Офіс прэзідэнта Украіны звароце беларускай апазіцыі змяшчаецца просьба даць прававую ацэнку дзеянням Лукашэнкі ў сувязі з яго роляй у падтрымцы расійскай агрэсіі супраць Украіны, выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі для ўварвання расійскіх войскаў і г. д.

Аўтары звароту просяць разгледзець пытанне аб адкрыцці крымінальнай вытворчасці па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса Украіны, у прыватнасці тых, якія прадугледжваюць адказнасць за вядзенне агрэсіўнай вайны, ваенныя злачынствы, фінансаванне тэрарызму, замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, прапаганду вайны і генацыд.