Другое жыццё ці квіток у адзін канец? Як у Беларусі насамрэч перапрацоўваюць смецце

Кожны раз, калі мы выкідваем смецце ў кантэйнер, нам здаецца, што на гэтым наша адказнасць заканчваецца. Дзяржстатыстыка бадзёра рапартуе: Беларусь перапрацоўвае ўжо каля 50% камунальных адходаў. Лічбы прыгожыя, але што за імі стаіць насамрэч? Ці сапраўды кожная другая тона нашых адкідаў атрымлівае другое жыццё, ці гэта толькі прыгожая вітрына? Разбіраемся разам з экспертам Альянсу «Зялёная Беларусь» Уладзіславам Шумаком.

belarus_minsk_ekanomika_2022_fota_novy_czas.png

Куды дзяецца беларускае смецце і што хаваюць працэнты?

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі, узровень выкарыстання камунальных адходаў у краіне дэманструе ўпэўнены рост. Калі ў 2021 годзе гэты паказчык ледзь перавышаў 31%, то да 2025-га ён дасягнуў амаль 49%, а ў першым паўгоддзі 2026 года падняўся да 50,6%. Здаецца, што палова смецця ў краіне цудоўным чынам ратуе экалогію.

Штогод у Беларусі ўтвараецца каля 4,7 мільёна тон камунальных адходаў. У 2025 годзе прыкладна 2,3 мільёна тон з іх былі зафіксаваныя як «выкарыстаныя». Пры гэтым рэальна сабрана каля 945 тысяч тон асноўных другасных рэсурсаў.

Лідарам тут з’яўляецца макулатура — амаль 447 тысяч тон, якія ідуць на кардон і паперу. На другім месцы шкло (каля 222 тысяч тон), якое паспяхова пераплаўляюць у новыя слоікі і бутэлькі. Значна вырас збор пластыку — у 2025 годзе яго сабралі больш за 157 тысяч тон (на 35% больш, чым годам раней). На мінскім прадпрыемстве «Экарэс» ПЭТ-бутэлькі драбняць на спецыяльныя шматкі (флекс), з якіх робяць плёнку ці валакно. У Наваполацку з пластыку і пяску нават вырабляюць плітку, а са старых шын (каля 66 тысяч тон у 2025 годзе) робяць гумовую крошку для спартыўных пляцовак.

Глядзіце таксама

Аднак эксперт Альянсу «Зялёная Беларусь» Уладзіслаў Шумак звяртае ўвагу на важны нюанс: паказчыкі выкарыстання моцна адрозніваюцца па рэгіёнах. Напрыклад, у першым паўгоддзі 2026 года лідзіравала Гродзенская вобласць (60,7%), за ёй ідуць Брэсцкая (55,2%) і Віцебская (52,2%). Але эксперт падкрэслівае: высокі працэнт у статыстыцы зусім не азначае, што ў канкрэтным рэгіёне ідэальна працуе эканоміка замкнёнага цыклу. Часта гэта проста асаблівасці мясцовага ўліку або павелічэнне аб’ёмаў спальвання, а не рэальнае адраджэнне матэрыялаў.

Ілюзія перапрацоўкі

belarus_prapahanda_telebaczanne_zyccjo_2024_fota_novy_czas.png

Калі афіцыйна выкарыстоўваецца 2,3 мільёна тон адходаў, а чыстых другасных рэсурсаў сабрана менш за мільён тон, узнікае справядлівае пытанне: а дзе астатняе? Як заўважае Уладзіслаў Шумак, беларуская статыстыка пад паняццем «выкарыстанне» хавае адразу некалькі розных працэсаў, і далёка не ўсе яны звязаныя з сапраўднай перапрацоўкай і стварэннем з адкідаў новых рэчаў.

Па-першае, сюды ўключаюць кампаставанне арганікі (рэшткі ежы, трава, лісце). Але якасць такога грунту часта пакутуе, бо арганіка дрэнна аддзеленая ад прымешак пластыку і шкла.

Па-другое, велізарная частка смецця ідзе на вытворчасць альтэрнатыўнага RDF-паліва. Гэта гаручыя рэшткі смецця (папера, тэкстыль, пластык), якія не ўдалося перапрацаваць наўпрост. Гэтае паліва спальваюць у печах цэментных заводаў — напрыклад, на прадпрыемствах у Крычаве, Касцюковічах або ў ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» (падобныя праекты актыўна развіваліся ў 2024–2025 гадах).

І тут хаваецца адна з галоўных праблем такой «перапрацоўкі». Калі пластыкавая бутэлька перарабляецца ў новы пластык — матэрыял застаецца ў эканоміцы. Але калі гэты ж пластык спальваюць у печы цэментнага завода, яго энергія выкарыстоўваецца, а сам матэрыял назаўжды знікае, пераходзячы ў дым і вуглякіслы газ. Дык ці правільна называць гэта «перапрацоўкай» у звычайным разуменні? Адкрытая статыстыка пакуль не дазваляе зразумець, колькі смецця рэальна вярнулася ў вытворчасць, а колькі было проста спалена ці закапана.

«Таму сцвярджаць, што Беларусь перапрацоўвае палову свайго смецця ў новыя матэрыялы, было б няправільна», — падкрэслівае Уладзіслаў Шумак.

Мікрапластык: ён ужо з намі

belarus_ekanomika_pramyslovasc_zyccjo_2024_fota_novy_czas.png

Але нават калі б мы навучыліся ідэальна перапрацоўваць увесь пластык, гэта б не вырашыла асноўнай экалагічнай катастрофы сучаснасці, на якую звярнулі ўвагу зусім нядаўна, — мікрапластык. Як адзначае Уладзіслаў Шумак, гэта праблема таго, як наша зручнае смецце вяртаецца да нас назад праз ваду, ежу і паветра.

Пластыкавая бутэлька ці пакет, пакінутыя ў прыродзе, пад уздзеяннем сонца і вады не знікаюць. Яны проста драбняцца на мільёны нябачных воку частак памерам менш за 5 міліметраў — гэта і называецца «мікрапластыкам» (а яшчэ меншыя часцінкі называюць нанапластыкам).

І вось тут пачынаецца самае цікавае і адначасова трывожнае: пластык, які мы выкінулі, можа вярнуцца да нас не ў выглядзе новай бутэлькі або пакета, а разам з вадой, ежай і нават паветрам, якім мы дыхаем.

Было б памылкай лічыць, што яго асноўная крыніца — толькі смецце на палігонах або пластыкавыя бутэлькі ў рэках. Штодзённа мікрапластык утвараецца нават там, дзе мы не бачым ніякіх адходаў: калі машыны сціраюць аб асфальт аўтамабільныя шыны, калі мы мыем у пральнай машыне сінтэтычнае адзенне ці нават падчас перапрацоўкі пластыку на заводах, калі няма сучасных фільтраў.

Беларускія даследчыкі ўжо выяўлялі мікрапластык у водных аб’ектах краіны — рэках, азёрах, сажалках. У асобных даследаваных пробах вады паведамлялася пра канцэнтрацыі ад 0,02 да 5,4 часцінкі на літр. А даследаванне пляжаў Мінска і яго наваколля, апублікаванае ў 2026 годзе, паказала наяўнасць пластыкавага смецця на ўсіх 16 абследаваных пляжах. Праўда, у апошнім выпадку даследаваліся больш буйныя пластыкавыя фрагменты, якія з часам могуць станавіцца крыніцай мікрапластыку.

Гэтыя даследаванні пакуль не дазваляюць ацаніць маштабы забруджвання ўсёй краіны. Але яны пацвярджаюць, што праблема існуе.

На жаль, мікрапластык ужо знаходзяць у крыві чалавека, лёгкіх і нават у плацэнце. Сусветныя даследаванні паказваюць яго прысутнасць нават у артэрыяльных бляшках чалавека.

У пацыентаў, у якіх былі выяўленыя мікра- і нанапластыкавыя часцінкі, часцей рэгістравалі інфаркт, інсульт або смерць.

Аднак важна не перабольшваць вынікі: даследаванне паказала сувязь паміж наяўнасцю часцінак і павышанай рызыкай, але не даказала, што менавіта мікрапластык стаў прычынай гэтых захворванняў. Навука толькі пачынае разумець, што адбываецца з мікрапластыкам у чалавечым арганізме.

Спецыяльных «дэтокс-сродкаў» супраць мікрапластыку не існуе — адзіны шлях абароны, па словах Уладзіслава Шумака, — гэта простае скарачэнне кантакту з пластыкам у быце (напрыклад, не грэць ежу ў пластыку і менш карыстацца аднаразовымі рэчамі).

Экалогія пачынаецца не са смеццевага вядра!

belarus_horad_pensijanery_ekanomika_ljudzi_zyccjo_2025_fota_novy_czas.png

Падсумоўваючы ўсю карціну, эксперт Альянсу «Зялёная Беларусь» Уладзіслаў Шумак кажа, што насамрэч галоўны паказчык экалагічнага поспеху краіны — гэта зусім не тое, колькі тон смецця мы навучыліся спальваць, перарабляць ці здрабняць.

Сапраўдны крытэрый — колькі смецця мы наогул перасталі ствараць.

«Галоўнае пытанне для Беларусі — не толькі колькі пластыку мы здолеем сабраць і перапрацаваць, але і колькі пластыку нам сапраўды неабходна вырабляць і выкарыстоўваць. Бо самы бяспечны пластыкавы адход — той, які ўвогуле не ўтварыўся. А найбольш эфектыўны спосаб зменшыць забруджванне мікрапластыкам — прадухіліць яго траплянне ў навакольнае асяроддзе яшчэ да таго, як ён стане нябачным», — кажа Уладзіслаў Шумак.

Тое ж самае тычыцца і смецця ўвогуле. Сучасная эканоміка замкнёнага цыклу пачынаецца не каля кантэйнера для раздзельнага збору смецця, а на этапе вытворчасці. Тавары павінны служыць даўжэй, упакоўка павінна быць шматразовай, а бізнес і дзяржава павінны быць максімальна празрыстымі перад грамадствам, паказваючы рэальныя лічбы другаснага выкарыстання сыравіны, а не спальвання.

«Галоўны паказчык экалагічнага поспеху — не тое, колькі тон смецця мы навучыліся выкарыстоўваць, а тое, колькі смецця ўвогуле перасталі ствараць. І менавіта па гэтым крытэрыі варта будзе ацэньваць, наколькі Беларусь сапраўды наблізілася да эканомікі замкнёнага цыклу», — кажа эксперт.

Пакуль жа Беларусь лепш навучылася збіраць і сартаваць адходы, чым прадухіляць іх утварэнне.